ВЕЛІКАПО́ЛЬШЧА, Вялікая Польшча (Wielkopolska),

гістарычная вобласць у Польшчы, у бас. сярэдняга цячэння р. Варта. Цэнтр — г. Познань. Тэр. Велікапольшчы цяпер уваходзіць пераважна ў Пазнанскае ваяводства. У старажытнасці насяляла племя палян, якое стала ядром стараж.-польскай дзяржавы дынастыі Пястаў (першая сталіца г. Гнезна). Ад назвы палян першапачаткова наз. Польшча, з 14—15 ст. — Вял. (Старая) Польшча. У канцы 16—18 ст. да Велікапольшчы адносілі таксама Куявы, Каралеўскую Прусію, Серадзкую і Лэнчыцкую землі і Мазовію. Пасля 1-га (1772) і 2-га (1793) падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Прусіі. У 1807 увайшла ў Варшаўскае герцагства. З 1815 як Пазнанскае вял. княства зноў у Прусіі. У 1919 вернута Польшчы.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НСЕЛЬ (Hensel) Вітальд (н. 29.3.1917, г. Познань, Польшча),

польскі гісторык-славіст і археолаг. Акад. Польскай АН (1973). Скончыў Пазнанскі ун-т (1934). З 1951 праф. Пазнанскага, з 1954 — Варшаўскага ун-таў. Сузаснавальнік і ў 1954—89 дырэктар Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры Польскай АН. Ініцыятар стварэння і першы старшыня (1965—67) Міжнар. саюза слав. археалогіі. Даследуе помнікі жал. веку і эпохі феадалізму на тэр. Польшчы і інш. краін, выкарыстоўвае бел. археал. і гіст. крыніцы.

Тв.:

Archeologia o początkach miast słowiańskich. Wrocław etc. 1963;

La naissance de la Pologne. Wrocław etc., 1966;

Archeologia i prahistoria: Studia i szkice. Wrocław etc., 1971;

Polska starożytna. 3 wyd. Wrocław etc., 1988.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ЛЬЧЫК Міхаіл Сцяпанавіч (н. 8.6.1921, в. Бушмін Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Засл. работнік культ. РСФСР (1983). Скончыў Аршанскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў імя П.​Асіпенка (1941), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую школу штурманаў (1953), Смаленскі пед. ін-т (1967). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Ноўгарада, Пскова, Пінска, Любліна, Варшавы, Познані, баёў на Одэры, штурму Берліна. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 100 баявых вылетаў, правёў 10 групавых паветр. баёў. Да 1958 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Ганаровы грамадзянін г. Познань і Лодзінскага ваяводства (Польшча).

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВАЙБО́ВІЧ (дзявочае Ксенжык) Алена Пятроўна

(н. 3.2.1966, Мінск),

бел. спартсменка (баскетбол). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1985), засл. майстар спорту СССР (1992). Чэмпіёнка XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія) у складзе зборнай каманды СНД. Чэмпіёнка свету сярод моладзі (1985). Чэмпіёнка Еўропы (1989), сярэбраны прызёр сярод моладзі (1984). Гуляла ў клубных камандах: «Гарызонт» (Мінск, 1984—92); «Алімпія» (г. Познань, Польшча, 1992—94); «Дынама» (Масква, 1994—2000). Сярэбраны прызёр Гульняў добрай волі (1990, г. Сіэтл, ЗША). Сярэбраны прызёр Сусв. універсіяды (1987). Сярэбраны прызёр Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1993). Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1989). Чэмпіёнка Расіі (1998, 1999, 2000), сярэбраны прызёр (1996). Чэмпіёнка Польшчы (1992, 1993).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМБО́ЎСКІ (Dembowski) Эдвард (25.4 або 31.5.1822, Варшава — 27.2.1846),

польскі паліт. дзеяч, філосаф, публіцыст. У 1842—43 рэдактар і выдавец час. «Przegląd Naukowy» («Навуковы агляд»), вакол якога аб’ядналася незалежная маладая інтэлігенцыя. Пад уплывам Г.​Каменскага ўступіў у Саюз польск. народа і разам з П.​Сцягенным прымаў удзел у падрыхтоўцы нар. паўстання. У 1843 пад пагрозай арышту ўцёк у Познань, дзейнічаў у незалежніцкім руху ў Малапольшчы. З 1845 у Галіцыі, адзін з кіраўнікоў Кракаўскага паўстання 1846. Застрэлены аўстрыйцамі ў час дэманстрацыі. Аўтар прац «Думкі пра будучыню філасофіі», «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (абедзве 1845) і інш.

Тв.:

Pisma. T. 1—5. Warszawa, 1955.

Літ.:

Szypowska M. Edward Dembowski, 1822—1846. Warszawa, 1973.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СПШАК (Kasprzak) Марцін (2.11.1860, г. Чолаў Срэмскага пав., Польшча — 8.9.1905),

дзеяч польскага рабочага руху. Друкар. Адзін з заснавальнікаў сацыяліст. арг-цыі ў г. Познань (1885—86), польскай рэв. партыі «Пралетарыят» 2-і (1888, кіраваў яе дзейнасцю ў 1888—91). Тройчы быў зняволены. У 1891—93 у эміграцыі ў Лондане. У 1896—97 чл. Польскай сацыяліст. партыі (ПСП) на землях, якія знаходзіліся пад уладай Прусіі; выключаны за адмову асудзіць палітыку Р.Люксембург у адносінах да ПСП па пытанні незалежнасці Польшчы. У 1902—03 рэдактар с.-д. выдання «Gazeta Ludowa» («Народная газета»), У 1904 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. Аказаў узбр. супраціўленне пры нападзе жандараў на падпольную с.-д. друкарню ў Варшаве. Зняволены і пакараны смерцю.

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАНКА Сяргей Лаўрэнцьевіч (н. 11.9.1937, г. Крывы Рог, Украіна),

бел. спартсмен і трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. майстар спорту СССР (1960), майстар спорту СССР міжнар. класа (1965). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1969). З 1975 старшы трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства і зборнай каманды Беларусі, у 1995—99 старшы трэнер нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён свету і Еўропы (1963, г. Яйцы, Югаславія), Еўропы (1961, г. Познань, Польшча) на дыстанцыі 10 тыс. м. Чэмпіён СССР (19 59—63, на дыстанцыях 1000 і 10 тыс. м; усюды на каноэ-двойцы, разам з Л.Гейштарам).

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НДЭНБУРГ (Hindenburg; сапр. Бенекендорф і Гіндэнбург; Beneckendorff und Hindenburg) Паўль фон

(2.10.1847, г. Позен, цяпер г. Познань, Польшча — 2.8.1934),

ваенны і дзярж. дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1914). Скончыў кадэцкі корпус. Удзельнік аўстра-прускай 1866 і франка-прускай 1870—71 войнаў. З 22.8.1914 камандуючы 8-й арміяй ва Усх. Прусіі, з 1.11.1914 — войскамі Усх. фронту. Дазволіў насельніцтву акупіраваных тэрыторый (у т. л. беларусам) адкрываць нац. школы, выдаваць газеты на роднай мове. З 29.8.1916 нач. Генштаба; склаў паўнамоцтвы пасля падпісання Германіяй Версальскага мірнага дагавора 1919. Шанаваўся немцамі як нац. герой 1-й сусв. вайны. У 1925—34 прэзідэнт Германіі. У 1933 прызначыў рэйхсканцлерам Германіі А.​Гітлера. Аўтар успамінаў «З майго жыцця» (1920).

Літ.:

Руге В. Гинденбург: Портрет герм. милитариста: Пер. с нем. М., 1981.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКАЕ ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА,

створана ў 1815 паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 у зах. ч. Варшаўскага герцагства, што адышло да Прусіі. Пл. 28,9 тыс. км.​2, нас. ў 1815 каля 776 тыс. чал., у 1871 — больш за 1,5 млн. чал. Цэнтр — г. Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія П.в.к. абмежавана, а ў 1849 скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я г. (гл. «Культуркампф»). Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусв. вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 увайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ЎЧАНКА Надзея Аляксандраўна (н. 28.7.1946, г. Познань, Польшча),

бел. музыказнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1990). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972). З 1979 працуе ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, адначасова з 1996 выкладае ў Бел. АМ і Бел. акадэміі музыкі. Працы па пытаннях тэатр. музыкі, сучаснага муз. мастацтва, гіст.-тэарэт. аспектах муз. т-ра Беларусі. Аўтар падручнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Музычны тэатр Беларусі. 1917—1959. Мн., 1993 (у сааўт.);

Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990: Оперн. мастацтва, муз. камедыя і аперэта. Мн., 1996 (у сааўт.);

Музычны тэатр Беларусі. 1960—1990: Балет. Музыка ў пастаноўках драм. тэатраў. Мн., 1997 (у сааўт.);

Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музыкальный словарь русско-белорусский. Мн., 1999 (у сааўт.);

Музычнае мастацтва // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000.

т. 18, кн. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)