БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),

іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).

Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.​Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.​Майкелсан, Ф.​Селзнік, Т.​Парсанс, Р.​Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.​Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.

Літ.:

Weber M. The theory of social and economic organization. London;

New York, 1947;

Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983;

Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́ЛЬСТВА,

пастаяннае дыпламат. прадстаўніцтва найбольш высокага класа, якое ўзначальваецца паслом. Да функцыі П. адносяцца: прадстаўнічая функцыя (выступаць ад імя акрэдытуючай дзяржавы); абарона інтарэсаў акрэдытуючай дзяржавы і яе грамадзян; вядзенне перагавораў з урадам дзяржавы знаходжання; развіццё дружалюбных адносін паміж акрэдытуючай дзяржавай і дзяржавай знаходжання; функцыя інфармацыі свайго ўрада пра краіну знаходжання і інш. Асн. дагаворным актам, які рэгламентуе стварэнне, спыненне, функцыі і дзейнасць П., з’яўляецца Венская канвенцыя 1961 аб праве дыпламат. зносін. Унутр. структура П., устанаўленне адпаведных пасад і г.д. вызначаюцца заканадаўствам акрэдытуючай дзяржавы. Персанал П. падраздзяляецца на 3 катэгорыі: дыпламат., адм.-тэхн. і абслуговы. Назначэнне кіраўніка П. праходзіць 4 стадыі: запытанне агрэману; назначэнне на пасаду; прыбыццё ў краіну знаходжання; афіц. ўступленне на пасаду. Уступленне пасла на пасаду звязана з уручэннем ім сваіх паўнамоцтваў (даверчай граматы) органу або службовай асобе, пры якой ён акрэдытуецца. Астатнія члены П. пасля свайго назначэння і прыбыцця ў краіну знаходжання лічацца прыступіўшымі да выканання службовых абавязкаў з моманту паведамлення ад кампетэнтных улад дзяржавы знаходжання. Спыненне дзейнасці П. можа адбыцца пры спыненні дзяржавамі афіц. адносін без іх разрыву, пры разрыве дыпламат. адносін, узбр. канфлікце, знікненні аднаго з бакоў у якасці суб’екта міжнар. права, пры неканстытуцыйнай змене ўрада ў адной з падтрымліваючых адносіны краін і ў некаторых інш. выпадках. Функцыі члена дыпламат. персаналу могуць спыніцца ў сувязі з яго адкліканнем па нейкіх падставах, абвяшчэннем яго персонай нон грата, у выпадку абвяшчэння дыпламата прыватнай асобай (т. зв. дысмісл) і адмаўлення дыпламата выконваць свае функцыі (інсурэкцыя). П. і яго супрацоўнікі карыстаюцца дыпламат. імунітэтам.

І.​М.​Таніева.

т. 12, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНІ́ЦА,

медыцынская ўстанова для стацыянарнага лячэння хворых. Бываюць шматпрофільныя (аказваюць дапамогу па 5—10 і болей профільных кірунках) і спецыялізаваныя (анкалагічныя, туберкулёзныя, кардыялагічныя, псіхіятрычныя, інфекцыйныя), дзіцячыя, шпіталі для інвалідаў і інш. Цэнтры спецыялізаванай бальнічнай дапамогі могуць утварацца на базе буйных шматпрофільных бальніц, аб’яднаных з паліклінікай (на Беларусі паліклініка — абавязковая структурная частка рэсп., абл. і цэнтр. раённых бальніц) і неаб’яднаныя (самастойныя ці з функцыян. прымацаваннем паліклінікі да яе). Да ўстаноў бальнічнага тыпу належаць дыспансеры, радзільныя дамы, клінікі, бальніцы аднаўленчага лячэння, хуткая дапамога і інш. мед. ўстановы, у якіх ёсць умовы (ложкавы фонд і кваліфікаваны мед. персанал) для дапамогі і стацыянарнага лячэння хворых.

У зах. краінах існуюць і дзейнічаюць пераважна прыватна-прадпрымальніцкія (камерцыйныя) бальніцы пры наяўнасці больш танных або бясплатных муніцыпальных, а таксама бальніцы, якія належаць рэлігійным, філантрапічным і інш. арг-цыям. На Беларусі бальніцы захоўваюць статут агульнадаступных дзярж. лячэбна-прафілакт. устаноў з бясплатнай формай мед. абслугоўвання. Паказаннямі для накіравання або звароту хворых у бальніцу з’яўляюцца цяжкія і вострыя формы захворванняў, пры якіх патрэбна экстранная ці працяглая кваліфікаваная мед. дапамога з комплексным падыходам да абследавання, дыягностыкі і лячэння, з выкарыстаннем складанай мед. тэхнікі, пастаянным назіраннем урача і доглядам, хірург. умяшаннем (пры неабходнасці). Гал. прынцып дзейнасці бальніцы — этапнасць лячэння хворых, заснаваная на дыферэнцыраваным па інтэнсіўнасці лячэння і догляду комплексным лячэбна-дыягнастычным працэсе. Адпаведна ў бальніцах ствараюцца кансультатыўна-дыягнастычныя цэнтры, службы анестэзіялогіі і рэанімацыі, аддзяленні профільныя, рэанімацыі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі, далечвання і рэабілітацыі. Стацыянарнае лячэнне дзяцей праводзіцца ў дзіцячых бальніцах або на базе дзіцячых аддзяленняў (ложкаў) інш. бальнічных устаноў. Клінічныя бальніцы служаць базамі для навучання і падрыхтоўкі мед. кадраў, правядзення навук. даследаванняў.

Першыя бальніцы (шпіталі) на тэр. Беларусі ўзніклі ў 15—16 ст. У пач. 19 ст. ў губернскіх і павятовых гарадах Беларусі арганізоўваліся бальніцы прыказаў грамадскай апекі (Мінск, 1799; Магілёў, 1802; Гродна і Віцебск, 1804), невял. турэмныя, фабрычныя, прыватныя, філантрапічныя бальніцы. Характарыстыку развіцця сучаснай бальнічнай сеткі ў Беларусі гл. ў табл. 1, 2, а таксама ў арт. Ахова здароўя, Медыцына.

Э.​А.​Вальчук.

Сетка бальніц і фонд ложкаў
Паказчыкі 1970 1980 1990 1994
Колькасць бальнічных ложкаў 94 165 120 795 135 067 128 482
Колькасць бальніц у гарадскіх пасёлках 380 391 409 411
Колькасць бальніц у сельскай мясцовасці 609 465 448 423
Колькасць раённых бальніц 139 134 137 135
Колькасць участковых бальніц 580 462 447 423
Сярэдняя магутнасць бальнічных устаноў
Бальніцы 1970 1980 1990 1994
Абласныя 573 970 1116 1094
Гарадскія 202 245 284 257
Раённыя 165 231 273 255
Участковыя 29,4 35 34,2 30,4

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА АД РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

сукупнасць фіз. і хім. сродкаў аховы арганізма, накіраваных на стварэнне бяспечных умоў працы персаналу і пражывання насельніцтва пры магчымым уздзеянні радыеактыўнага выпрамянення. Уключае: ахову ад вонкавага выпрамянення «закрытых» крыніц (радыеактыўныя прэпараты, ядз. рэактары, рэнтгенаўскія і паскаральныя ўстаноўкі і інш.); ахову біясферы ад забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі «адкрытых» радыеактыўных крыніц (адходы ядз. прам-сці, прадукты выпрабаванняў ядз. зброі і выкідаў прадпрыемствамі атамнай прам-сці, работа з «адкрытымі» радыеактыўнымі прэпаратамі і інш.).

Ахова ад вонкавага выпрамянення мае на мэце аслабленне выпрамянення пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам асяроддзя: для паглынання альфа- і бэта-часціц дастаткова аркуша паперы, гумавых пальчатак, адзення ці слоя паветра таўшч. 8—9 см; для паглынання электронаў — некалькіх мм алюмінію, плексігласу або шкла; для паглынання гама-квантаў — матэрыялы, якія ўключаюць элементы з вял. атамнымі нумарамі (вальфрам, свінец, жалеза і інш.), для нейтронаў — водазмяшчальныя рэчывы (парафін, гідрыды металаў, бетон і інш.). Каб знізіць пранікальную здольнасць другаснага выпрамянення (напр., жорсткага зыходнага гама-выпрамянення, тармазнога выпрамянення пры паглынанні бэта-часціц), дадаткова ўжываюць літый або бор. Ахова ад вонкавага апрамянення праводзіцца з улікам спектральнага складу іанізавальнага выпрамянення, магутнасці яго крыніц, адлегласці, на якой знаходзіцца абслуговы персанал, і працягласці знаходжання ў сферы ўздзеяння выпрамянення. Ахоўныя прыстасаванні падзяляюцца на суцэльныя, частковыя, ценявыя і паасобныя (ахоўныя сцены, перакрыцці падлогі і столі, дзверы, назіральныя вокны, кантэйнеры і інш.). Ахова біясферы прадугледжвае спец. захады па зніжэнні канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў у вадзе і паветры да гранічна дапушчальных канцэнтрацый (пастаянна ўдакладняюцца і пераглядаюцца; гл. Дозы выпрамянення). Уздзеянне радыеактыўных рэчываў, што трапляюць у арганізм чалавека і жывёлы, зніжаюць пры дапамозе радыеахоўных рэчываў, якія ўводзяць у арганізм перад ці на працягу ўздзеяння іанізавальнай радыяцыі. Іх умоўна падзяляюць на сродкі агульнабіял. дзеяння, якія павышаюць натуральную радыерэзістэнтнасць — агульную супраціўляльнасць арганізма (вадкія экстракты і настойкі элеўтэракоку калючага, жэньшэню, лімонніку кітайскага, лагахілусу, вітаміны, гармоны, каферменты, вітамінна-амінакіслотныя комплексы, некат. мікраэлементы і антыбіётыкі, біястымулятары) і спецыфічныя радыеахоўныя рэчывы — радыепратэктары, якія ствараюць умовы штучнай радыерэзістэнтнасці. Да іх належаць пераважна рэчывы сінт. паходжання, увядзенне якіх за некалькі мінут ці гадзін перад апрамяненнем у арганізм чалавека і жывёлы паніжае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення. Найбольш эфектыўныя індалілалкіламіны і серазмяшчальныя злучэнні (напр., амінаалкілтыяфасфаты, пептыды і адпаведныя ім дысульфіды, серазмяшчальныя амінакіслоты, дытыякарбаматы, вытворныя тыязалідзіну). Яны выкарыстоўваюцца ў асноўным для індывід. засцярогі арганізма ад вонкавага апрамянення ў надзвычайных абставінах (аварыйныя, ваен. ўмовы) і для пераважнай аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Найбольш эфектыўныя сумесі з радыепратэктараў, якія валодаюць рознымі механізмамі ахоўнага дзеяння.

Ва ўстановах, дзе праводзяцца работы з крыніцамі іанізавальных выпрамяненняў, ажыццяўляецца дазіметрычны і радыеметрычны кантроль. Пры рабоце з «закрытымі» крыніцамі робяць замеры індывід. дозаў для ўсіх відаў апрамянення, перыядычны кантроль магутнасцяў дозаў на рабочых месцах і ў сумежных памяшканнях. Пры правядзенні работ з вял. крыніцамі ўстанаўліваюць прылады з аўтам. сігналізацыяй. Пры наяўнасці «адкрытых» крыніц дадаткова кантралююць колькасць радыеактыўных рэчываў у паветры рабочых памяшканняў, забруджанне рабочых паверхняў, абсталявання, рук і адзення працуючых, радыеактыўнасць сцёкавых водаў і паветра, што выдаляецца ў атмасферу. У выпадках буйнамаштабных аварый на АЭС (накшталт Чарнобыльскай) прадугледжваюцца паэтапныя мерапрыемствы: першачарговыя — укрыццё, эвакуацыя і ўвядзенне стабільнага ёду насельніцтву ў першыя дні пасля аварыі; перасяленне, абмежаванні на ўжыванне харч. прадуктаў з забруджаных тэрыторый, дэзактывацыйныя работы і рэкультывацыя с.-г. угоддзяў і інш.

Літ.:

Владимиров В.Г., Красильников И.И., Арапов О.В. Радиопротекторы: структура и функция. Киев, 1989;

Beir V. Health effects of exposure to low levels of ionizing radiation. Washington, 1990.

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)