КАНТЭЙНЕРАВО́З,

спецыялізаваны паўпрычэп для перавозкі кантэйнераў з грузамі па аўтадарогах. Яго рама размешчана нізка для забеспячэння ўстойлівасці кантэйнераў, мае спец. прыстасаванні для іх замацавання. Загружаюцца і выгружаюцца пад’ёмнымі кранамі ці аўтапагрузчыкамі. К. наз. таксама грузавыя аўтамабілі, прыстасаваныя для перавозкі кантэйнераў, і судны, грузавыя памяшканні якіх абсталяваны для размяшчэння кантэйнераў (загружаюцца праз палубныя люкі або адтуліны ў бартах). Кантэйнернае судна звычайна абсталёўваецца пад’ёмнымі кранамі.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́ЙЛЕР (англ. trailer ад trail цягнуць),

спецыялізаваны прычэп для перавозкі цяжкавагавых непадзельных грузаў. Мае нізкую ступеньчатую раму, што забяспечвае малую пагрузачную вышыню. Для змяншэння ўдзельнай нагрузкі на дарогу на кожнай восі размяшчаюць да 8 колаў малога дыяметра. Грузападымальнасць Т. да 60 т і больш. Напр., Для перавозкі энергет. абсталявання (магутных эл. генератараў, турбін і інш.) існуюць Т. грузападымальнасцю да 100 т і больш.

т. 16, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАСАМЕ́НТ (франц. connaissement),

дакумент аб умовах дагавору перавозкі грузу марскім шляхам; распіска, якая выдаецца капітанам судна або агентам марскога трансп. прадпрыемства (параходства) грузаадпраўшчыку з пацвярджэннем прыняцця грузу да перавозкі і абавязацельствам дастаўкі яго ў порт прызначэння і выдачы адрасату (грузаатрымальніку). З’яўляецца каштоўнай паперай. Трымальнік гэтага дакумента атрымлівае права распараджацца грузам. Адрозніваюць К.: лінейны у якім выкладзена воля адпраўшчыка па заключэнне дагавору перавозкі грузу чартарны — пагадненне аб найме судна для выканання рэйса або на вызначаны час; берагавы пацвярджае прыём грузу ад адпраўшчыка на беразе (на складах перавозчыка); бартавы выдаецца, калі тавар пагружаны на судна. Паняцце К., яго неабходныя рэквізіты і ўмовы складання вызначаны ў кодэксе гандл. мараплавання. Адсутнасць рэквізітаў пазбаўляе К. функцый тавараразмеркавальнага дакумента, і ён не з’яўляецца каштоўнай паперай.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫСТЭ́РНА (лац. cisterna вадаём, вадасховішча),

штучнае закрытае збудаванне (ёмістасць) для захоўвання або транспарціроўкі вадкасцей, звадкаваных газаў, сыпкіх прадуктаў.

Перасоўныя Ц. манціруюць на рамах аўтамабіляў, прычэпах, чыг. цялежках. Аўтамабілі-Ц. бываюць для перавозкі нафтапрадуктаў, цэменту, харч. прадуктаў (малако, піва, мука і інш.), звадкаваных газаў (прапан, бутан, кісларод і інш.), хім. рэчываў (кіслоты, шчолачы); ёмістасць да 15 м³. Ц. тэсла-прычэпы выкарыстоўваюцца ў асн. для перавозкі сіласных кармоў, вадкіх угнаенняў, інш. с.-г. грузаў; ёмістасць да 50 м³. Стацыянарныя Ц. — бетонныя, жалезабетонныя або метал. ёмістасці і рэзервуары. Бываюць падземныя, заглыбленыя і наземныя (на фундаментах, спец. эстакадах). Ц. абсталёўваюцца прыладамі для кантролю за станам прадукту, вымярэння ўзроўню або расходу, прыстасаваннямі для запаўнення і зліву.

В.​М.​Кандрацьеў.

Цыстэрны: 1 — паўпрычапная да седлавога цягача для перавозкі сіласнага корму (ФРГ); 2 — каток-цыстэрна АТ «Амкадор» для прыгатавання і транспарціроўкі суспензій для стабілізацыі адхонаў.

т. 17, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЭЛЯВО́З,

спецыялізаваны грузавы аўтамабіль з нізкай платформай для перавозкі панэлей сцен і перакрыццяў.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНЗІ́Т (ад лац. transitus праходжанне),

перавозкі пасажыраў і грузаў з аднаго пункта ў другі праз прамежкавыя (транзітныя) пункты. На чыг. транспарце паняцце «Т.» ужываецца таксама да цягнікоў і асобных вагонаў, на рачным транспарце — пры перавозках у межах двух або некалькіх сумежных параходстваў. Транзітныя перавозкі бываюць змешаныя (напр., чыгунка ўдзельнічае разам з рачным ці марскім транспартам). Т. бывае пры зносінах унутры краіны і паміж асобнымі краінамі. На падставе міждзярж. пагадненняў пасажыры і грузы перавозяцца праз тэрыторыю інш. краіны ў трэцюю. На Т. некаторых грузаў (зброя, наркатычныя рэчывы і інш.) існуюць абмежаванні.

т. 15, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАВО́З,

грузавое судна для перавозкі навалам руд і рудных канцэнтратаў. Мае грузавыя люкі вял. памераў і звычайна высокае двайное дно. Загружаецца і разгружаецца берагавымі кранамі з дапамогай грэйфераў.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКА́С, барказ (галанд. Barkas),

1) самаходнае судна невял. памераў для перавозак у порце.

2) Вёславая шлюпка з 14—22 вёсламі; выкарыстоўваецца ў ВМФ для перавозкі каманды, цяжкіх грузаў і інш.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРМАВО́З,

спецыялізаваны паўпрычэп для перавозкі жалезабетонных ферм даўж. да 30 м. Ферма ўстанаўліваецца і замацоўваецца ў спец. касеце ў верт. ці нахіленым становішчы. Пагрузка і разгрузка Ф. ажыццяўляюцца пад’ёмнымі кранамі.

т. 16, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ЛАЧНІК, балкер,

судна для перавозкі грузаў без тары — навалам або россыпам. Звычайна грузавыя прыстасаванні ў Н. адсутнічаюць, часам ён абсталёўваецца канвеерамі, каўшовымі элеватарамі, пнеўматычнымі разгрузчыкамі. Разлічаны на перавозку грузаў у трумах.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)