АЛАМЕТРЫ́Я (ад ала... + ...метрыя),

гетэрагонія, нераўнамерны рост асобных частак цела ў працэсе развіцця жывёльнага арганізма. Бывае адмоўнай (напр., запаволены рост галавы ў адносінах да ўсяго цела ў дзіцяці) і станоўчай (напр., паскораны рост рагоў у жвачных жывёл). Парушэнне ўзаемадзеяння паміж развіццём асобных частак арганізма жывёлы адбываецца пры хуткім павелічэнні агульных памераў цела за кошт простага прадаўжэння перыяду росту, без адначасовай перабудовы карэляцый.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МЕР Фёдар Аляксандравіч, бел. архітэктар канца 18 — пач. 19 ст.; прадстаўнік класіцызму. Мінскі губ. архітэктар. Асн. работы: перабудовы Мінскай ратушы, базыльянскага манастыра пад дваранскае вучылішча (1799), езуіцкай школы пад дом губернатара, езуіцкага калегіума пад адм. будынак, дом віцэ-губернатара (усе 1800), будынак губ. паштовай канторы (каля 1807) — усе ў Мінску; адм. будынак у Пінску; перабудова езуіцкага манастыра пад адм. будынак у Бабруйску (абедзве 1800) і інш.

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСКО́ ((Lescot) П’ер) (паміж 1500 і 1515, Парыж ? — 10.9.1578),

французскі архітэктар эпохі Адраджэння. Працаваў у Парыжы (пераважна са скульпт. Ж.Гужонам). Творы Л. адметныя багаццем ордэрных чляненняў, вытанчанага скульпт. дэкору, тонкасцю прафілёўкі дэталей: драўляны амбон царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа (каля 1542—44), праект перабудовы Луўра (часткова ажыццяўляўся з 1546), атэль Ліньеры (цяпер Музей Карнавале; пачаты ў 1544, скончаны ў 1661 Ф.​Мансарам) у Парыжы, замак Валеры каля Санса (з Ф.​Дэлормам, 1549).

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЙПЕЛЬ, Грэйпаль Леапольд (каля 1810—пасля 1847), бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1834). У 1830-я г. працаваў павятовым землямерам Полацка. У 1842—43 архітэктар Бел. навуч. акругі (Мінск). Аўтар праектаў будынкаў дваранскага прыходскага вучылішча (1835) у Полацку, гімназіі (1839) і шляхетнага пансіёна (1842) у Мінску, перабудовы манастырскага корпуса бернардзінцаў (пасля закрыцця касцёла і кляштара) пад пав. школу (1842—47) у Віцебску, пав. школы з домам для персаналу і школьнай б-кай у Маладзечне.

т. 5, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЙ ((Gray) Джон) (1798—1850),

англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст. У палітэканоміі паслядоўнік Д.Рыкарда. Аналізаваў пытанні размеркавання багацця. У праекце рэфармавання капіталізму прадугледжваў ліквідацыю яго адмоўных і захаванне станоўчых (тэхн. здабыткі і інш.) рыс; стварэнне сістэмы дробнай вытв-сці, пры якой абмен адбываецца з дапамогай т.зв. рабочых грошай (пасведчанне аб колькасці ўкладзенай у тавар працы). Эканам. погляды Грэя і яго план грамадскай перабудовы выкладзены ў працы «Сацыяльная сістэма. Трактат аб прынцыпах абмену» (1831). Аўтар «Лекцый аб чалавечым шчасці» (1825).

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАПСІ́Н,

зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т РЫ́НКУ Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь.

Створаны ў 1992 у Мінску на базе Бел. філіяла Усесаюзнага НДІ па вывучэнні попыту насельніцтва на тавары нар. спажывання і кан’юнктуры гандлю. Асн. кірункі дзейнасці: навук.-даследчае, інфарм.-метадычнае і практычнае забеспячэнне фарміравання і рэгулявання ўнутр. рынку тавараў і паслуг на Беларусі; комплексныя даследаванні рынку тавараў нар. спажывання, праблем структурнай перабудовы сферы гандлю; удасканаленне тэарэт. і арганізацыйна-практычных асноў вывучэння рынку; даследаванне сац.-эканам. праблем спажывання; прагназаванне развіцця асн. элементаў і прапорцый рэгіянальнага рынку і інш.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1772 з цэглы ў г. Бяроза Брэсцкай вобл. У выніку перабудовы напярэдадні 1-й сусв. вайны будынак набыў рысы класіцызму (трохвугольны франтон, падвоеныя пілястры тасканскага ордэра, паўцыркульныя аконныя праёмы з руставанымі ліштвамі) і рэтраспектыўна-рускага стылю (закамары, шатровы дах званіцы і інш.). Мае традыцыйную 4-часткавую кампазіцыю: 3-ярусная званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда з рызніцамі. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі 1-нефавага бесслуповага храма дамінуе званіца.

Бярозаўская Петрапаўлаўская царква.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭЙ ((Bray) Джон Фрэнсіс) (1809, Вашынгтон — 1895),

англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст, паслядоўнік Р.Оўэна. Аўтар публікацыі «Несправядлівасці ў адносінах да працы і сродкі да іх устаранення» (1839), у якой гал. ўвага сканцэнтравана на сац.-эканам. пераўтварэнні бурж. грамадства. Лічыў, што ліквідаваць прыватную ўласнасць і заснаваную на ёй сістэму наёмнай працы можна шляхам перабудовы таварна-грашовых адносін (стварэнне сістэмы прац. грошай), на аснове дакладнай эквівалентнасці абмену і выцяснення капіталіст. формаў гаспадаркі т.зв. рабочымі акц. т-вамі. Ідэі Брэя пакладзены П.​Ж.​Прудонам у аснову яго канцэпцыі сацыялізму.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАСЛАВІ́ЗМ,

палітычная праграма перабудовы Аўстрыйскай імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыі), прапанаваная чэш. лібераламі ў 1840-я г. Прадугледжваў пераўтварэнне імперыі Габсбургаў у федэратыўную канстытуцыйную манархію, у межах якой чэхі і іншыя падуладныя аўстр. кароне слав. народы атрымалі б аўтаномію і роўныя нац. правы. Аўстраславізм узнік як рэакцыя на ням. нацыяналізм і спробы ўключыць слав. землі ў Германскі саюз. Абгрунтаванне, асн. прынцыпы і ідэі аўстраславізму распрацавалі публіцыст К.​Гаўлічак-Бораўскі (1846) і гісторык Ф.​Палацкі (1848). Як паліт. канцэпцыя большасці чэш. паліт. партый аўстраславізм існаваў да пач. 1-й сусв. вайны.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)