БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,

антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сілезскія паўстанні 1919, 1920, 1921

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,

выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.​Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.​Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.

В.​І.​Мялешка.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШКІ́РСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 17—18 ст.,

выступленні супраць феад., нац. і рэліг. прыгнёту, захопу зямель рус. памешчыкамі.

Паўстанне 1662—64 ахапіла амаль усю Башкірыю, асабліва яе паўд.-ўсх. ч., але было раздробленае і не мела агульнага кіраўніцтва. Штуршком да паўстання 1681—83 з’явілася прымусовая хрысціянізацыя башкіраў. Пачалося восенню 1681, да лета 1682 ахапіла ўсю Башкірыю, праходзіла пад лозунгам «свяшчэннай вайны» супраць рускіх. Нар. масы, якія напачатку прымалі актыўны ўдзел у паўстанні, адышлі ад яго, што і вырашыла зыход паўстання. Антырус. накіраванасць мела і паўстанне 1705—11. Самае буйное — паўстанне 1735—40, яго непасрэдная прычына — буд-ва ў Башкірыі горных заводаў і крэпасцяў і прысваенне зямель башкіраў. Пацярпела жорсткае паражэнне. Паўстанне 1755 — супраць царскай адміністрацыі і мясц. Феад. знаці. Было выклікана ўзмацненнем феад. прыгнёту, прымусовай хрысціянізацыяй. Ахапіла б.ч. Башкірыі. Нягледзячы на паражэнне, паўстанне мела станоўчы вынік — прыгнёт у Башкірыі быў паслаблены.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,

узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.​Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГО́Е СЕ́РБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1815,

нацыянальна-вызваленчае, супраць тур. панавання ў Сербіі; гл. ў арт. Сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТКО́ВІЧ Стахор, стараста магілёўскага цэха саладоўнікаў (з 1591), адзін з кіраўнікоў паўстання 1606—08, гл. ў арт. Магілёўскія паўстанні 1606—10.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ,

перыяд праўлення ў Францыі прадстаўніка арлеанскага дома (малодшай галіны Бурбонаў) караля Луі Філіпа [1830—48] паміж Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 (ад яе назва) і Лютаўскай рэвалюцыяй 1848, якая ўстанавіла другую рэспубліку. Рэжым Л.м. характарызаваўся паліт. і эканам. панаваннем буйных банкіраў, гандляроў, прамыславікоў і абмежаванай у параўнанні з перыядам Рэстаўрацыі (1814—30) уладай караля. Незадаволенасць прац. мас, прадпрымальніцкіх колаў і дэмакр. інтэлігенцыі вынікамі Ліпеньскай рэвалюцыі і палітыкай улад (законы супраць рабочых саюзаў і свабоды друку, павелічэнне падаткаў і інш.) выклікала шматлікія паўстанні, у т. л. Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, і абумовіла крах Л.м. ў 1848.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ СЕ́РБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1804—13,

нацыянальна-вызваленчае і антыфеад. паўстанне сербаў пад кіраўніцтвам Карагеоргія супраць тур. прыгнёту. У час паўстання фактычна адноўлена сербская нац. дзяржаўнасць. Задушана туркамі. Больш падрабязна гл. ў арт. Сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)