ЗАЛЕ́СКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. у в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 — М.​Клеафасу Агінскаму. Складаўся са старой сядзібы 1-й пал. 18 ст. ў стылі барока (не захавалася) і новага палацава-паркавага ансамбля ў стылі класіцызму (1802—05). Сядзіба ўключала сядзібны дом, невял. парк, гасп. двор і сад. Сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак з 4 алькежамі па вуглах. Побач размяшчаўся парк, 2-павярховая драўляная брама вяла ў гасп. двор з кухняй, свірнам, лядоўняй. На тэр. сядзібы быў стаў з млыном, за ім — гасп. пабудовы і сад. Новы палацава-паркавы ансамбль пабудаваны на тэр. паміж абалонай р. Вілія і старой сядзібай паводле праекта арх. М.​Шульца з удзелам арх. Ю.​Пусэ. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Гал. прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з 2-павярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтр. часткай, вылучанай 4-калонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальная фрэскавая размалёўка і кафляныя грубкі. Да гал. фасада прымыкалі 2 аранжарэі і сад. Побач з палацам стаяла 8-гранная капліца, аздобленая арх. жывапісам. Каля палаца размяшчаўся шпацырны звярынец з 2 альтанкамі, за ім — парк у рамантычным стылі (пашкоджаны ў гады 1-й сусв. вайны), дзе ўстаноўлены памятны камень у гонар Т.​Касцюшкі. За ракой знаходзіўся звярынец. Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні арх. аблічча ансамбля.

Літ.:

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая пол. XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;

Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. Мн., 1990.

Л.​В.​Іванова.

Залескі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Л.​Ходзькі. 1822.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца 18—1-й пал. 19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк. Палац закладзены К.​Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў стылі ампір на левым беразе р. Змейка, у 2-й пал. 19 ст. аднаўляўся А.​С.​Радзівілам. У 19 ст. ў палацы былі б-ка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 і асабліва ў 1943; адноўлены. Мураваны палац мае сім.-восевую 3-часткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе 2-павярховы ў плане набліжаны да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане 1-павярховыя павільёны. Да паўд.-зах. боку ў 2-й пал. 19 ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтр. частка гал. фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана гермамі (на 2-м паверсе) і была завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі. Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з 2 частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на 4 тэрасах, якія з невял. перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжнай восі ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі парк» са шпалерамі і баскетамі.

А.​М.​Кулагін.

Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Галоўны фасад палаца. Фота пач. 20 ст.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.​Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.​Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.​Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.​І.​Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.​Я.​Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.​Р.​Анціпаў, Т.​І.​Чарняўская, У.​М.​Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.

Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл. Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.​Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.​Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял. Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.

А.​М.​Кулагін.

Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.​Орды. Сярэдзіна 19 ст.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСАМБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створаны ў в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. У ансамбль уваходзяць палац, парк, 3 штучныя вадаёмы (рыбная гаспадарка). Палац пабудаваны ў 1830-я г. (арх. К.​Падчашынскі) у стылі класіцызму. Спачатку ўзведзены гал. П-падобны 2-павярховы корпус, аздоблены порцікамі карынфскага ордэра: 6-калонным у цэнтры і 4-калоннымі на бакавых фасадах. Цэнтр. ч. вылучана бельведэрам над лесвічнай клеткай. Да паўн.-зах. тарца гал. корпуса пазней прыбудавана доўгае 2-павярховае крыло з палацавай царквой, якое замыкалася 2-павярховым корпусам з праезнай брамай. Фасады насычаны класіцыстычным арх. дэкорам. Інтэр’еры былі аздоблены пазалочанай лепкай, размалёўкай, дэкар. тканінамі і карцінамі (знішчаны ў 2-ю сусв. вайну). У будынку размешчаны саўгас-тэхнікум. Плошча парку 18 га (разам з пладовымі садамі і рыбнай гаспадаркай каля 100 га). У плане — выцягнуты прамавугольнік, абмежаваны алеямі. Тэр. парку з Пн на Пд перасякае р. Дабасна, якая ўтварае 3 маляўнічыя вадаёмы з астраўкамі (засталіся рэшткі масткоў і альтанак). Перад паўн. корпусам палаца ўцалелі фрагменты рэгулярнага парку пач. 18 ст. — круглая пляцоўка і 2 кляновыя алеі. У 1830-я г. створаны пейзажны парк, кампазіцыя якога падпарадкавана палацаваму ансамблю. Перад усх. порцікам размешчаны партэр у выглядзе эліпса. У парку дэкар. формы дрэў (дуб звычайны пірамідальны, клён вастралісты Швэдлера) і экзоты (хвоя веймутава, клён серабрысты і інш.).

У.​А.​Чантурыя, В.​Р.​Анціпаў.

Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль Палац. Від з двара.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Нароўля Гомельскай вобл. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. на правым высокім беразе р. Прыпяць. Уключае палац, парк з малымі арх. формамі, вытв. пабудовы. Палац (1865) — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з высокім цокалем. 1-ы паверх апрацаваны буйным рустам, 2-і раскрапаваны лапаткамі. У цэнтры падоўжаных фасадаў плоскія рызаліты з порцікамі (не захаваліся). Перад імі тэрасы з шырокімі лесвіцамі і пандусамі. Абапал гал. фасада плоскія рызаліты, абапал дваровага — 3-гранныя эркеры. На тарцах будынка больш глыбокія рызаліты з уваходамі. У афармленні інтэр’ера выкарыстаны арачныя нішы. Парк пейзажнага тыпу (пл. 8,2 га). Кампазіцыйна падзелены баскетамі з грабу на 2 часткі. У паўд. частцы — палац, вял. паляна, алея, якая пачынаецца ўязной брамай у выглядзе каланады дарычнага ордэра з антаблементам. Перад фасадам, арыентаваным на раку, — шырокая лесвіца, якая вядзе на тэрасу з фантанам у стылі ампір. У паўн. частцы лагчыны невял. ручай. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод і пладовыя, трапляюцца экзоты. На ўзгорку пры перасячэнні абходных алей знаходзіцца 3-ярусная квадратная ў плане мураваная альтанка з рысамі стылю ампір. Яе ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам, 2-і — скразны, з вял. паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з 4 бакоў. Вуглы аздоблены трохчвэртнымі калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з 6 калонамі карынфскага ордэра, завершаны паўсферычным купалам з вазай. У ансамбль уваходзіць вытв. комплекс з чырвонай цэглы ў формах несапраўднай готыкі і неараманскага стылю.

А.​М.​Кулагін, В.​Р.​Анціпаў.

Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль: альтанка (уверсе); сядзібны дом.

т. 11, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ТЧЫНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Гатчына Ленінградскай вобл. Гал. збудаванне — палац у стылі ранняга класіцызму (1766—81, арх. А.​Рынальдзі; расшыраны ў 1793—97, арх. В.​Брэна; перабудаваны ў 1845—51, арх. Р.​І.​Кузьмін). Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 пяціграннымі вежамі па баках і 2 бакавымі карпусамі. Маляўнічыя паркі горада (Палацавы, «Звярынец» і інш.; агульная пл. 617 га) са шматлікімі мастамі, тэрасамі, павільёнамі, варотамі і інш. збудаваннямі належаць да лепшых узораў ландшафтнай архітэктуры. Унікальны па тэхніцы выканання землябітны Прыярацкі палац (1798—99, арх. М.​А.​Львоў), які нагадвае сярэдневяковы замак.

Літ.:

Гатчина. Л., 1980;

Памятники архитектуры пригородов Ленинграда. Л., 1983.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУДЗІ́НАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Грудзінаўка (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.) у маёнтку графа Д.​Талстога. Цэнтр кампазіцыі — палац, размешчаны на вяршыні ўзгорка, на паўн.-ўсх. схіле якога пладовы сад, на паўн.-зах. — парк.

Палац — мураваны 2-павярховы квадратны ў плане, накрыты пакатым 4-схільным дахам і ўвянчаны купалам. У цэнтры гал. фасада выступае паўкруглая тэраса. Парк (пл. каля 6 га) пейзажнага тыпу з рэгулярнай партэрнай ч. перад палацам. Перад паўд.-зах. фасадам палаца партэр з глыбокім штучным вадаёмам з фантанамі (збярогся часткова) і дэкар. пасадкамі елкі калючай блакітнай, дуба звычайнага пірамідальнага, ліпы крымскай. У ландшафтнай ч. больш за 60 відаў дрэў і кустоў.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБІНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.

Існаваў у 2-й пал. 16 — 2-й пал. 19 ст. ў прыгарадзе Нясвіжа Альба. Пл. больш за 200 га. На пач. 17 ст. пабудаваны эрмітаж, драўляны палац «Кансаляцыя», персіярня. Цэнтрам кампазіцыі быў 2-павярховы мураваны палац анфіладнай планіроўкі, накрыты дахоўкай і завершаны 2 вежачкамі з ляпнымі гербамі Радзівілаў.

У паўн.-зах. частцы ансамбля размяшчаліся «звярынец» (пл. каля 90 га) і фазанавае поле (пл. каля 65 га), у цэнтры — круглы вадаём з востравам і паляўнічым павільёнам, да якога сыходзіліся 8 каналаў. Пры рэканструкцыі ансамбля ў 1780-я г. (арх. Л.​Лутніцкі, К.​Спампані) уздоўж каналаў зроблены добраўпарадкаваныя набярэжныя. На набярэжнай вял. канала стаяў драўляны касцёл св. Тройцы (з трыма пазалочанымі меднымі купаламі, 12 разнымі алтарамі) і званіца. Пабудовы ансамбля не зберагліся, часткова захаваліся паркавыя насаджэнні.

Літ.:

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 36—38.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. Закладзены ў 1583 кн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам на ПдЗ ад горада на месцы драўлянага замка 1533. У пачатку буд-ва (да 1599) удзельнічаў італьян. арх. Дж.​Бернардоні. У першапач. выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.​Макоўскага пач. 17 ст. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутр. кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (выш. да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з З быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 арх. К.​Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў буд-ве палаца ўдзельнічалі арх. М.​Педэці (у 1748—52), М.​Фларыяновіч (1775—78), К.​Спампані (1778—79), А.​Лоцы (1783, праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На гал. фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вял. колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з метал. геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная маст. тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вял. значэнне ў ансамблі інтэр’ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гіст. сюжэты), дэкар.-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гасп. памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асн. памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гасп. і вытв. пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.

Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з гал. корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутр. двор, аздоблены пілястрамі вял. ордэра і вырашаны ў 2 колеры. 8-гранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 комплекс рэстаўрыраваны арх. М.​Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, б-ка, архіў, а таксама аздоба інтэр’ераў. З 1945 у замку размешчаны санаторый «Нясвіж». Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Пл. з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкар. упрыгожанняў — стары ’калодзеж у стылі барока з дэталямі маст. коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкар. групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пач. 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай ч. — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.​Пастарэмчак. У 1913—14 праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985—91 паводле праекта, распрацаванага ін-там «Мінскпраект» (гал. арх. І.​Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільготных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя арх. формы, асн. ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты кн. Ю.​Нясвіжскага, У.​Сыракомлі, Дж.​М.​Бернардоні (усе скульпт. С.​Гумілеўскі), кн. М.​К.​Радзівіла Сіроткі, Т.​Макоўскага, Я.​Коласа (усе скульпт. М.​Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульпт. Л.​Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».

В.​Р.​Анціпаў, М.​А.​Ткачоў, Ю.​А.​Якімовіч.

Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс. Унутраны двор.

т. 11, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)