МУЛЬТЫПО́ЛЬ (ад мульты... + грэч. polos полюс),

пэўная канфігурацыя кропкавых крыніц поля (зарадаў). Напр., кропкавы зарад — М. нулявога парадку; 2 процілеглыя па знаку і роўныя па модулі зараду — дыполь, ці М. 1-га парадку; 4 аднолькавыя па модулі зараду, размешчаныя ў вяршынях паралелаграма так, што кожная старана злучае процілеглыя па знаку зарады — квадруполь, ці М. 2-га парадку. Асн. характарыстыка М. — мультыпольны момант, які дазваляе адназначна звязаць палі М. з палямі складаных сістэм крыніц на вял. адлегласцях, што вядзе да уніфікацыі рашэння шырокага класа задач. Паняцце М. дастасавальнае для апісання палёў, створаных эл., магн. і інш. зарадамі.

т. 11, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮС І ПАЛА́РА,

спалучаныя пункт і прамая, якія характарызуюць уласцівасці ліній 2-га парадку.

Калі пункт P і прамая Q1Q2 размешчаны адносна крывой 2-га парадку L так, што для адвольнага пункта Q выконваецца роўнасць M2Q/QM1 = M2P/PM1 (гарманічнае размяшчэнне пунктаў M1, M2, P, Q), то пункт P наз. полюсам, а прамая Q1Q2 — яго палярай. Паляра пункта, што знаходзіцца на лініі L, супадае з датычнай у гэтым пункце. Аналагічна вызначаюцца полюсы і палярныя плоскасці для паверхняў 2-га парадку. П. і п. выкарыстоўваюцца ў праектыўнай геаметрыі.

Да арт. Полюс і паляра.

т. 12, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНА́Я СІСТЭ́МА,

сукупнасць усіх рэк у межах пэўнага рачнога басейна, што зліваюцца разам і выносяць свае воды з гэтай тэрыторыі ў выглядзе агульнага патоку (галоўнай ракі) у мора або возера; частка гідраграфічнай сеткі. У гал. раку ўпадаюць прытокі 1-га парадку, у іх — прытокі 2-га парадку і г.д. Адзін з важных паказчыкаў Р.с. — гушчыня рачной сеткі.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. instructio настаўленне),

1) юрыдычны падзаконны акт, які выдаецца з мэтай растлумачэння і вызначэння парадку ўжывання закону або інш. нарматыўнага акта. У Рэспубліцы Беларусь выдаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі, ведамствамі. Найважнейшыя з іх зацвярджаюцца ўрадам, некаторыя — мін-вамі і ведамствамі разам з кіраўніцтвам прафсаюзаў.

2) Указанні тэхн. парадку (правілы карыстання якім-н. механізмам, спосабы выканання тэхнал. аперацый і інш.).

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНДА́НЦКІ ЧАС,

надзвычайная мера, якая забараняе жыхарам дадзенага населенага пункта з’яўляцца на вуліцах у пэўны час сутак (як правіла, вечарам і ноччу) без асобага дазволу. Звычайна ўводзіцца ва ўмовах ваен. становішча з мэтай аховы парадку, папярэджання магчымай дыверсійнай, разведвальнай або інш. варожай дзейнасці супраць войск ці аб’ектаў, якія маюць ваен. або прамысл. значэнне. Для падтрымання парадку ў перыяд К.ч. вылучаюцца спец. ваен. падраздзяленні.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАПАРА́ДАК,

адна з асноўных састаўных частак грамадскага парадку, якая складваецца ў выніку ажыццяўлення розных відаў сац. норм, што рэгулююць разнастайныя сферы грамадскага жыцця. Рэгламентуецца прававымі нормамі, прынятымі ва ўстаноўленым парадку ў пэўнай дзяржаве. Як пэўнае становішча рэгулюемых правам грамадскіх адносін П. характарызуецца рэальным узроўнем выканання законнасці, забеспячэння і рэалізацыі суб’ектыўных правоў, выканання юрыд. абавязкаў усімі грамадзянамі, органамі і арг-цыямі.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ ў геаметрыі,

траекторыя руху пункта; адно з асн. геаметрычных паняццяў. Задаецца каардынатамі рухомага пункта, якія залежаць ад часу ці ад інш. параметра. Функцыі, якія апісваюць рух пункта, павінны задавальняць некат. патрабаванні: неперарыўнасці, дыферэнцавальнасці і інш.

У аналітычнай геаметрыі Л. на плоскасці — сукупнасць пунктаў, каардынаты якіх задавальняюць ураўн. x=φ(t), y=ψ(t), дзе φ(t), ψ(t) — неперарыўныя функцыі. Алг. ўраўненне F(x, y) = O, дзе F(x, y) — мнагачлен n-й ступені адносна x, y, таксама вызначае Л. на плоскасці. Гэта т.зв. алг. Л. n-га парадку; яны класіфікуюцца паводле ступені ўраўнення F(x, y) = O, напр., Л. 1-га парадку — прамая Л., 2-га парадкуканічныя сячэнні, 4-га парадкукардыёіда, лемніската, канхоіда. Прыклады неалг. Л. — графікі трыганаметрычных функцый, лагарыфмічнай функцыі, паказальнай функцыі і інш. Л. ў прасторы часта вызначаецца перасячэннем 2 паверхняў, кожная з якіх задаецца адным ураўненнем адносна трох пераменных. Найб. агульнае вызначэнне Л. (крывой) прапанаваў рас матэматык П.​С.​Урысон.

Літ.:

Савелов А.А. Плоские кривые. М., 1960;

Гусак А.А., Гусак Г.М. Линии и поверхности. Мн., 1985.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАРГАНІЗА́ЦЫЯ (ад дэз... + арганізацыя),

парушэнне парадку, дысцыпліны, нармальнай дзейнасці ў якой-н. справе, рабоце; беспарадак, разладжанасць, развал.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА ГРАМАДЗЯ́НСКІХ ПРАВО́Ў,

у цывільным праве сукупнасць дзеянняў па ахове законных маёмасных і асабістых немаёмасных правоў грамадзян. Ажыццяўляецца ва ўстаноўленым судом парадку праз: прызнанне гэтых правоў; аднаўленне становішча, якое існавала да парушэння права і спынення дзеянняў, што парушаюць права; прысуджэнне да выканання абавязацельства ў натуры; спыненне або змену праваадносін; спагнанне з асобы, якая парушыла права, нанесеных страт, няўстойкі, а таксама інш. законныя спосабы. У выпадках, асобна прадугледжаных законам, можа ажыццяўляцца ў адм. парадку.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНЫЯ СПРЭ́ЧКІ,

спрэчкі, якія ўзнікаюць паміж работнікамі і наймальнікам па пытаннях прымянення заканадаўства, інш. нарматыўных актаў аб працы, калектыўнага дагавору і інш. пагадненняў аб працы. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь індывідуальныя П.с. разглядаюцца камісіямі па працоўных спрэчках і судамі (індывід. П.с. некат. катэгорый работнікаў разглядаюцца ў асобным парадку). Парадак разгляду індывід. П.с. рэгулюецца КЗаП, а ў судах вызначаецца таксама і Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Калект. П.с. (канфлікты) вырашаюцца ў парадку, які ўстанаўліваецца заканадаўствам.

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)