МАНУМЕНТА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА,

род пластычных мастацтваў ахоплівае шырокае кола твораў, прызначаных для канкрэтнага арх. або ландшафтнага асяроддзя і адпаведных ім ідэйнымі якасцямі, зрокава-архітэктанічным і колеравым ладам. Да М.м. адносяцца: манументальны жывапіс, манументальная скульптура, манументальна-дэкаратыўная скульптура, вітраж, габелен, мазаіка, пано, размалёўка, сграфіта.

т. 10, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́ЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,

від бел. нар. творчасці; традыц. аздабленне алейнымі фарбамі мэблі, дываноў, шкляных пано — «карцінак», рамак для фотаздымкаў, тканін для ўпрыгожання інтэр’ера хаты і інш. Была пашырана ў вёсках Агова, Опаль Іванаўскага, Здзітава, Жорнаўка, Спорава Бярозаўскага, Крамно Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. ў канцы 19 ст. — 1960-х г. Выконвалася на дрэве, шкле, палатне, цыраце, паперы.

Асаблівай жывапіснасцю і хараством паліхромнай размалёўкі, гармоніяй дэкору і формы вылучаюцца агоўскія куфры. Матывы агоўскай размалёўкі — раслінныя (букеты, вазоны), зааморфныя (ластаўкі, галубы, зязюлі), антрапаморфныя («паненка», «кавалер»), геаметрычныя; часам уключаюць надпісы (добрае пажаданне, прозвішча майстра, год стварэння вырабу). Агоўская размалёўка мае шмат агульнага з паліхромнай аб’ёмнай вышыўкай гладдзю на адзенні, ручніках і інш. Сувеніры, рэчы хатняга ўжытку, мэбля, аздобленыя па матывах агоўскай размалёўкі, вырабляюцца на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, майстрамі-надомнікамі.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Агоўская размалёўка. Пано. Размалёўка па шкле. 1960-я г. Вёска Крамно Драгічынскага раёна.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКАЯ ІНКРУСТА́ЦЫЯ,

агульнапрынятая назва дэкар.-прыкладных вырабаў Жлобінскай фабрыкі інкрустацыі. Куфэркі, пано чорнага або карычневага колеру. аздабляюць у тэхніцы аплікацыі ўзорыстымі кампазіцыямі з залацістай ці паліхромнай саломкі. Нарэзаныя квадрацікамі, ромбікамі, прамавугольнічкамі кавалачкі разгладжаных саломінак наклейваюцца на драўляную аснову, потым вырабы пакрываюць слоем бясколернага лаку. Промысел заснаваны на мясц. нар. традыцыях аплікацыі саломкай куфэркаў, сальніц, рамак для фотаздымкаў і інш.

У пач. дзейнасці ф-кі геам. дэкор паўтараў тканыя нар. вырабы, кавалачкі саломкі фарбавалі ў розныя колеры. Пазней майстры выпрацавалі ўласны стыль аплікацыі, адмовіліся ад паліхроміі, падкрэсліваючы натуральны колер саломы. Дробнаўзорысты геам. малюнак вызначаецца гарманічным спалучэннем розных адценняў кавалачкаў саломы — ад амаль белага да светла-карычневага. Часта вырабы паводле канструкцыі і характару размяшчэння дэкору імітуюць куфры. Кампазіцыі пано адлюстроўваюць сцэнкі з жыцця, фалькл., літ. і казачныя сюжэты. Сярод майстроў М.В. і В.​Н.​Дзехцярэнкі, В.​П.​Котаў і інш.

Я.​М.​Сахута.

Жлобінская інкрустацыя.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСТА́К»,

кааператыўнае т-ва бел. мастакоў Мінска ў 1932—38. Мела на мэце стварэнне высокамастацкіх твораў агітацыйна-масавага мастацтва, выкананне афармленчых работ. У яго ўваходзілі мастакі і скульптары Я.​Красоўскі, А.​Трубэ, В.​Алтуф’еў, Г.​Ізмайлаў, М.​Карпенка, Л.​Кроль, І.​Мільчын, Г.​Чарняўскі і інш. Члены т-ва стваралі плакаты, пано, скульптуру, распрацоўвалі праекты і афармлялі інтэр’еры грамадскіх будынкаў, выстаўкі, паркі, масавыя святочныя прадстаўленні.

т. 10, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Мікаіл Гусейн аглы) (н. 19.12.1921, Баку),

азербайджанскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1949), вучыўся ў С.В.Герасімава і У.А.Фаворскага. У творчасці пераважаюць лірычныя тэмы: «Вечар», «Агні Мінгечаура», «Стогадовы рэзчык А.​Бабаеў», «Індыйская серыя», серыі малюнкаў «За ракой Аракс»; іл. да паэмы М.​Фізулі «Лейлі і Меджнун». Аўтар мазаічнага пано «Нізамі» ў Бакінскім метрапалітэне.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЬКО́ЎСКІ (Сяргей Іванавіч) (19.10.1854, г. Ізюм, Украіна — 7.10.1917),

украінскі жывапісец. У 1876—85 вучыўся ў Пецярбургскай АМ у М.Клота і У.Арлоўскага. Аўтар лірыка-эпічных пейзажаў, адметных мяккімі колеравымі спалучэннямі, жанравых і гіст. карцін («Раніца. Статак у стэпе», 1884, «Казацкі луг», 1893, «Казак і дзяўчына», 1894), манум. пано, альбомаў «З украінскай даўніны» (1900) і «Матывы ўкраінскага арнаменту» (1912, абодва разам з М.Самокішам).

Літ.:

Безхутрий М.М. Сергій Васильківський: Біогр. повість. Київ, 1979.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙТЫ́ЕЎ (Гапар Айтыевіч) (28.9.1912, с. Першы Тулейкен Ошскай вобл., Кыргызстан — 16.12.1984),

кіргізскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Чл.-кар. АМ СССР (1974), Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Кіргізскі ін-т асветы (1932), у 1935—38 вучыўся ў Маскве. Аўтар паэт. пейзажаў («Поўдзень на Ісык-Кулі», 1954; «Баваўнянае поле на поўдні Кіргізіі», пано, 1955; «Наваколле Андыжана», 1967), партрэтаў («Галерэя партрэтаў сучаснікаў», 1979), размалёвак і інш.

Г.Айтыеў. Наваколле Андыжана. 1967.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШЭ́ ((Boucher) Франсуа) (29.9.1703, Парыж — 30.5.1770),

французскі жывапісец. Прадстаўнік ракако. З 1765 дырэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы і «першы жывапісец караля». Зазнаў уплыў К.Вато. Пісаў плафоны, пано, карціны з міфалагічнымі, пастаральнымі і жанравымі сцэнамі, партрэты, ідылічныя пейзажы («Від у ваколіцах Бавэ», «Геркулес і Амфала», «Купанне Дыяны», 1742), выконваў эскізы шпалераў, тэатр. дэкарацыі. У позніх творах узмацніліся дэкаратыўнасць, эротыка, «фарфоравасць» фігур.

Літ.:

Ф.​Буше: Альбом. М., 1978.

Ф.Бушэ. Купанне Дыяны. 1742.

т. 3, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры ў неарускім стылі. Пабудаваны ў Віцебску ў 1917 (арх. К.​Тарасаў). Мураваны 2-павярховы Е-падобны ў плане будынак. З трох бакоў фланкіраваны па вуглах вежамі. У дэкар. аздабленні выкарыстаны элементы псеўдарус. архітэктуры (ліштвы ў выглядзе какошнікаў і інш.). Гал. ўваход вылучаны кілепадобным франтонам з мазаічным маёлікавым пано, у цэнтры якога — герб горада «Пагоня». Цяпер у будынку размешчана Віцебская акадэмія вет. медыцыны.

В.​М.​Чарнатаў.

Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛІКАЎ (Іван Іванавіч) (6.1.1887, Масква — 31.3.1937),

рускі майстар палехскай мініяцюры. Засл. дз. маст. РСФСР (1933). Вучыўся і працаваў у іканапісных майстэрнях с. Палех, Масквы і Пецярбурга. Выкладаў у Палехскім маст. вучылішчы. На аснове традыцый строганаўскай школы жывапісу і палехскага іканапісу 18 ст. стварыў адметны стыль мініяцюрнага жывапісу тэмперай на лакавых вырабах, які вылучаецца вытанчанай дэкаратыўнасцю, дынамічнасцю: «Тройкі вясельныя», «Тры музыканты» (абедзве 1924), «Бітва» (1928), «Чырвоныя партызаны» (1935). Выконваў таксама іл. тэмперай (да «Слова аб палку Ігаравым», 1934), дэкар. пано.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)