традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.
М.Ф.Раманюк.
Брагінскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёска Чыкалавічы Брагінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЯС,
пас, доўгая вузкая стужка (са скуры або плеценая, тканая, вітая з нітак) для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс.н.э. ў многіх народаў свету. Неад’емная частка нац. адзення беларусаў. Бытавалі пераважна П. тканыя, плеценыя, вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком. Яны мелі даўж. 150—300 см, шыр. 1,5—30 см. Арнаментыка нар. П. вызначаецца разнастайнасцю геам. узораў: падоўжаныя, папярочныя і касыя палоскі, крыжыкі, ромбы і інш. Іх аздаблялі кутасамі, махрамі, бісерам, уплеценым паміж тканымі палоскамі, саламянымі ўстаўкамі, нашытымі кавалачкамі тканіны. Пераважала спалучэнне чырвонага колеру з белым фонам (у невял. колькасці ўводзіўся зялёны, сіні, жоўты і інш.). Паліхромнасць уласціва для П. Зах. Палесся. Сусветную вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы. П. падпяразвалі кашулі і верхняе адзенне (мужчынскія П. былі звычайна шырэйшыя за жаночыя і дзіцячыя). Завязвалі іх вузлом спераду або збоку; у залежнасці ад памераў абкручвалі вакол стану 1—3 разы, падтыкалі па баках так, каб канцы звісалі на 20—40 см. На П. ці за П. насілі сякеру, нож, шабету, капшук, грабеньчык, ключы. У лес або ў поле на П. неслі збан з вадой, каробку, палатняную торбу, спарыш з абедам. Спец. П. — спавівачом — спавівалі немаўлят, вузкія ўзорыстыя П.-подвязкі служылі і аборамі. П.-крайкі прышывалі да спадніц і фартухоў, а вузкімі плеценымі або вітымі П. абшывалі каўняры, барты і рукавы світ, падолы спадніц. П. паўсюдна выраблялі да 1940-х г. У наш час вырабляюцца асобнымі майстрамі і некат. фабрыкамі маст. вырабаў.
В.І.Селівончык.
Беларускі народны жаночы касцюм з поясам. Вёска Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1900—20.Паясы. Заходняе Палессе. Канец 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРУ́С, настольнік, настольніца,
тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.
В.Я.Фадзеева.
Абрус. Вёска Сычоўка Мсціслаўскага раёна. 1930-я г.Абрус. Веткаўскі р-н Гомельскай вобл.Абрус, вязаны кручком. Лоеўскі раён Гомельскай вобл. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на ПдЗ Гродзенскай вобл. Мяжуе з Нёманскай нізінай на Пн, Слонімскім узв. на У, Прыбугскай раўнінай на Пд, Беластоцкай раўнінай на З, Гродзенскім узв. на ПнЗ. Працягнулася з З на У на 70 км, шыр. 65 км. Найб. вышыня 256 м (на З ад г.п. Поразава), найменшая 103 м. Пл. 3,2 тыс.км². Прымеркавана да стыку Бел. антэклізы і Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Паверхня крышт. фундамента на глыб. 60—500 м ніжэй за ўзр. м. У антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 70—210 м (макс. 254 м) найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Канчаткова аформілася ў час паслямаксімальнага стадыялу дняпроўскага зледзянення. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых адкладаў (пераважна мелу).
Канцовамарэнны градава-ўзгорысты, уваліста-ўзгорысты і ўзгорысты рэльеф утварае шэраг дугападобных напорных град каля г.п. Поразава, г.п. Краснасельскі, в. Пескі. Грады пабудаваны з мноства скіб-адорвеняў мелавых і палеагенавых парод, якія чаргуюцца з марэннымі і водна-ледавіковымі пародамі антрапагену. Пашыраны таксама марэнныя платопадобныя і водна-ледавіковыя раўніны з паасобнымі камамі і озамі, уздоўж далін — вузкія палоскі забалочаных зандравых і азёрна-ледавіковых нізін. На Пд трапляюцца скразныя даліны. Рачныя даліны ўрэзаны на 20—50 м (да 70 м). Карысныя выкапні: цэментныя і легкаплаўкія гліны, мел (у адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, прэсныя падземныя воды. Каля г.п. Краснасельскі крэменездабыўныя шахты часоў неаліту. Сярэднія т-ры студз. ад 1,1 да -13,6 °C, ліп. 15,2—21 °C, ападкаў 450—640 мм за год (г. Ваўкавыск). Рачная сетка густая, належыць да бас. Нёмана. Гал. рэкі Зальвянка, Рось з прытокамі і правыя прытокі Свіслачы — Верацейка, Берастаўчанка і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя, найб. урадлівыя — перагнойна-карбанатныя сугліністыя. Пад лесам каля 15% тэрыторыі — хваёвыя з дамешкамі елкі, дубу, грабу, ялова-грабавыя, ясянёвыя, дубровы. Па далінах рэк парослыя вербняком лугі. Пад ворывам 50% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́НКІ,
тэкстыльны выраб без тканай асновы, у якім ажурны арнамент і выявы атрымліваюцца ў выніку перапляцення нітак (ільняных, шаўковых, метал. і інш.); від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вызначаюцца тонкасцю, лёгкасцю, эластычнасцю, узорыстасцю, зліццём ажурных узораў і сеткі фону або кантрастам шчыльнага ўзору (часам рэльефнага) і ажурнага фону, разнастайнымі рытмічнымі пабудовамі ўзору, выяўленнем колеру, бляску і фактуры нітак. Выкарыстоўваюцца для аздобы адзення, бялізны ў выглядзе тасьмы або ўставак і як самаст. вырабы (сурвэткі, пакрывалы, абрусы і інш.). Паводле тэхнікі выканання бываюць ручныя (плеценыя на каклюшках — точаных палачках; шытыя іголкай, вязаныя кручком або пруткамі) і машынныя.
Першыя К. (шытыя) вядомы з канца 15 — пач. 16 ст. ў Італіі. З канца 16 ст. з’явіліся ў Фландрыі (напачатку шытыя, пазней плеценыя «бенш», «валансьен», з канца 17 — пач. 18 ст. цюлевыя «малін», «англетэр», «дзюшэс», «брабанцкія»). У Італіі (Венецыя, Мілан, Генуя) пашырыўся гіпюр. З 1-й пал. 17 ст. выраб К. вядомы ў Расіі (валагодскія карункі, галіцкія, таржкоўскія, растоўскія і інш.), з сярэдзіны 17 ст. — у Францыі (седанскі гіпюр і алансон, цюлевы «аржант», чорныя шаўковыя К. з Шантыльі і інш.). У 18 ст. цэнтрамі вытворчасці К. сталі Фландрыя і Францыя. У 19 ст. чорныя шаўковыя К. з залатымі ніткамі выраблялі ў Іспаніі, вязаныя кручком — у Ірландыі. З 1930-х г. пашырыўся машынны выраб танных К. на цюлі з баваўняных нітак і інш., ручны спосаб ператварыўся ў нар.маст. промысел.
На Беларусі вядомы з 16 ст. на адзенні духавенства, магнатаў, шляхты і гар. знаці. Першапачаткова іх прывозілі з Францыі і Германіі, з 18 ст. пры манастырах і ў маёнтках стваралі майстэрні па вырабе К. з залатых і сярэбраных нітак, пазней з шаўковых і баваўняных. У 2-й пал. 18 ст. ў Гарадніцы (прадмесце Гродна) існавала мануфактура, дзе выраблялі К. па замежных узорах. З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся машынныя К. На Беларусі найб. вязалі і плялі К. драўлянымі, пазней метал. кручкамі. Быў вядомы стараж. спосаб пляцення на каклюшках — «вылічальны», заснаваны на паўторы аднаго малюнка з дапамогаю вылічэння нітак без гатовага ўзору. Вылічальныя К. з роўнымі краямі выраблялі сяляне для ўпрыгожвання адзення, ручнікоў і інш. Узоры нар. К. блізкія да ўзораў нар. тканін і вышывак. Бел. К. характэрны геам. («ромбы», «шахматы», «палоскі») і раслінныя («кветкі», «зорачкі», «сняжынкі» і інш.) узоры. З сярэдзіны 20 ст. вядомы аб’ёмныя карункавыя вырабы (карзінкі, кошыкі, вазы). Шырока выкарыстоўваюцца мастакамі-прафесіяналамі для тэатр. касцюмаў, аздаблення вопраткі і бялізны. Бытуюць як нар.маст. промысел. Вырабляюць К. на ф-ках маст. вырабаў і ў хатніх умовах.
Літ.:
Беларускае народнае мастацтва. Т. 1. Мн., 1951;
Бирюкова Н.Ю. Западноевропейское кружево XVI—XIX вв. в собрании Эрмитажа. Л., 1959.
Да арт.Карункі. Падзор, Салігорскі раён Мінскай вобл.Да арт.Карункі. Пакрывала. Чашніцкі раён Віцебскай вобл.Да арт.Карункі. Валан рэльефнага гіпюру. Ільняныя ніткі, шыццё іголкай. Італія. Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Карункі. Валан французскага гіпюру. Пач. 18 ст.Валагодскія карункі. В.Ельфіна. Пано «Лета». 1979.