КАРА́ЧЫ,
горад на Пд Пакістана, на ўзбярэжжы Аравійскага м. Адм. ц. прав. Сінд. 9,7 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Гал. эканам. (выпускаецца каля 50% прамысл. прадукцыі краіны), фін. (месцазнаходжанне гал. айчынных і замежных банкаў), гандл. і трансп. цэнтр; марскі порт, праз які праходзіць больш за 70% знешнегандл. абароту Пакістана, база марскога рыбалоўства. Міжнар. аэрапорт. У раёне К. першая ў краіне экспартна-вытв. зона свабоднага гандлю. АЭС. Прам-сць: тэкст., маш.-буд. (суднабудаванне, эл.-тэхн., зборка матацыклаў і матаролераў), металаапр., хім., нафтахім., дрэваапр., папяровая, гумава-тэхн., цэм., шкляная, швейная, гарбарна-абутковая, харчасмакавая, у т. л. рыбаперапрацоўчая, тытунёвая. Акадэмія Кваід-і-Азам. 3 ун-ты. Нац. музей.
Засн. ў пач. 18 ст. інд. купцамі на месцы рыбацкага пасёлка. У 1843 захоплены англічанамі, стаў адм. ц. прав. Сінд, ваенна-марской базай Вялікабрытаніі. У 1947—59 сталіца Пакістана.
Стары горад з вузкімі вуліцамі, 1—2-павярховымі дамамі, кірмашамі, майстэрнямі рамеснікаў. Дзелавы цэнтр К. — гал. вуліцы Бандэр-род і Маклеад-род з пабудовамі пераважна 19—20 ст.: палац Фрырхол (1865, цяпер Нац. музей; неаготыка), будынак Вярх. суда (пач. 20 ст.; неакласіка), ун-т (засн. ў 1951, франц. арх. М.Экашар і інш.), маст. цэнтр (1960), дзяржбанк (праект 1954, італьян. арх. Дж.Л.Рычы, А.Каюм; пабудаваны ў 1961), атэль «Інтэркантыненталь» (1962, арх. У.Таблер, З.Патхан), маўзалей М.А.Джыны. За р. Лаяры прамысл. раён Сінд (забудоўваецца з 1947), гар. парк.
т. 8, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШО́КА,
старажытнаіндыйскі цар, правіцель Магадхі [268—232 да нашай эры]. З дынастыі Маур’я. Праводзіў палітыку ўмацавання аб’яднанай інд. дзяржавы, якая ахоплівала амаль усю Індыю, вобласці Афганістана і Пакістана. Захаваліся яго ўказы, высечаныя на скалах, калонах, у пячорах. Садзейнічаў пашырэнню будызму ў Індыі і за яе межамі. Эпоха кіравання Ашокі адзначана развіццём інд. культуры, архітэктуры, пісьменства.
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІЯ-УЛЬ-ХАК (Махамад) (12.8.1924, г. Джаландхар, Індыя — 17.8.1988),
пакістанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Удзельнік інд.-пакістанскіх войнаў (1965, 1971). З 1973 генерал і нач. штаба сухапутнай арміі. У 1977 узначаліў дзярж. ваен. пераварот, у 1977—78 кіраўнік урада і ваен. адміністрацыі. З 1978 прэзідэнт Пакістана. Імкнуўся да ісламізацыі эканам. і грамадскага жыцця ў краіне. Загінуў у авіякатастрофе.
т. 7, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАПАКІСТА́НЦЫ,
агульная назва выхадцаў з Пд Азіі (пераважна з Індыі і Пакістана) за межамі Індастана. Агульная колькасць 6,41 млн. чал. (1992). Жывуць у Малайзіі (1,65 млн. чал.), Вялікабрытаніі (1,55 млн. чал.), ПАР, ЗША, Саудаўскай Аравіі, Сінгапуры, Аб’яднаных Араб. Эміратах, Канадзе, Танзаніі і інш. Гавораць на мовах краін пражывання, хіндзі, тамілі. Вернікі — індуісты, мусульмане-суніты, сікхі, джайны.
т. 7, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛАМАБА́Д,
сталіца Пакістана. Знаходзіцца на Пн краіны на выш. 550 м, прымыкае на Пд да г. Равалпіндзі. У адм. адносінах — федэральная сталічная тэрыторыя цэнтр. падпарадкавання. Нас. 1,5 млн. ж. (1991, з прыгарадамі). Міжнар. аэрапорт. Вузел аўтадарог і 3 чыгунак. Прам-сць: лёгкая, паліграф., харчовая. Цэнтр рамёстваў і нар. промыслаў. Ун-т. НДІ атамнай энергіі, НДІ ісламазнаўства. Нац. б-ка.
т. 7, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛТА́Н,
горад у цэнтр. ч. Пакістана, паблізу р. Чынаб. Каля 1,2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр баваўнаводчага раёна. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (пераважна с.-г. інвентар), тэкст., гарбарна-абутковая, харч. (алейная, малочная). Вытв-сць мінер. угнаенняў. ЦЭС. Ручное дыванаткацтва, саматужна-маст. промыслы, у т. л. кераміка і вырабы з вярблюджай скуры. Ун-т. Маўзалеі 12—14 ст.
Узнік у сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. як цэнтр племя мала. У старажытнасці вядомы пад назвамі Муластханапура, Каш’янапура. У 326 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. У 713 захоплены арабамі. У 8 ст. цэнтр мусульм. княства, у 10 ст. — тэакратычнай дзяржавы карматаў. У 11 ст. заваяваны Махмудам Газневі [998—1030). У 12 ст. ўвайшоў у дзяржаву Гурыдаў, з 1228 — у Дэлійскі султанат. У 1398 захоплены Цімурам. У 1527 заваяваны Бабурам, да 1752 у складзе Магольскай імперыі. З 1818 уладанне сікхаў. У 1849 акупіраваны брыт. войскамі. Пасля падзелу Індыі (1947) адышоў да Пакістана.
т. 11, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНДЖА́Б, Панджаб,
правінцыя на ПнУ Пакістана, у зах. і цэнтр. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 182 тыс. км². Нас. каля 80 млн. чал. (2000). Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Лахор. Найб. эканамічна развіты раён краіны. Аснова гаспадаркі — шматгаліновае арашальнае земляробства. На долю П. прыпадае 25% тэр. і больш за 55% насельніцтва краіны, ён дае каля 75% агульнанац. збораў пшаніцы, 40% рысу, 70% бавоўны і цукр. трыснягу, каля 50% прамысл. прадукцыі Пакістана. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 млн. га, з іх арашаецца больш за 8 млн. га. Асн. культуры: пшаніца, мясц. збожжавыя — грэм, баджра, джавар; рыс, кукуруза, бавоўнік, цукр. трыснёг, алейныя. Жывёлагадоўля (авечкі, козы) пераважна на Пн і ПнЗ. Здабыча бурага вугалю, сурмы, каменнай солі, нафты. Прам-сць: харч., тэкст. (баваўняная), металургічная, маш.-буд., хім., гумавая, цэментная. Саматужная вытв-сць метал. і ганчарных вырабаў, маст. разьба па дрэве, слановай косці і інш. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
т. 12, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.
З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст. тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв. Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.
т. 3, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ ПАГРАНІ́ЧНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
правінцыя на ПнЗ Пакістана. Мяжуе з Афганістанам. Пл. 74,5 тыс. км². Нас. больш за 15 млн. чал. (1999). Значныя групы бежанцаў з Афганістана. Адм. ц. — г. Пешавар. Пераважае горны рэльеф. На Пн — хрыбты Гіндукуша, выш. да 7690 м (г. Тырычмір, найвышэйшы пункт Пакістана), зах. адгор’і Гімалаяў. На ПдЗ і ПдУ — апустыненыя нізкагор’і і плато. Значная сейсмічнасць. Клімат субтрапічны, сухі ў далінах, катлавінах і перадгор’ях, вільготны ў гарах. У г. Пешавар на выш. 1470 м т-ра паветра ад 10 °C у студз. да 34 °C у ліп., выпадае 350 мм ападкаў за год. У Пешаварскай катлавіне на арашальных землях вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс, цукр. трыснёг, тытунь і кармавыя культуры, у інш. катлавінах і далінах рэк — ячмень і прасяныя культуры. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, слівы, грушы, айва, гранат). Гадоўля авечак, коз, вярблюдаў. З галін прам-сці найб. развіты харчасмакавая (асабліва цукровая), тэкст. (баваўняная), дрэваапр. (на базе горных лясоў). Некалькі ГЭС на горных рэках. Здабыча каменнай солі і вапняку. Рамёствы. Транспарт аўтамаб. і ўючны.
т. 12, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕША́ВА́Р,
горад на Пн Пакістана, на р. Бара (прыток р. Кабул), каля Хайберскага перавалу. Адм. цэнтр Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі. Каля 1 млн. ж. (1999). Важны трансп. пункт на шашы, якая вядзе ў Афганістан. Чыг. станцыя, аэрапорт. Гандлёвы цэнтр с.-г. раёна. Тэкст., металаапр., харч. прам-сць. Рамёствы. 2 ун-ты. Музей. Культ. цэнтр пуштунаў (афганцаў).
Засн. ў 1-м тыс. да н.э. пад назвай Пурушапура. З 1 ст. н.э. сталіца Кушанскай дзяржавы, важны цэнтр будыйскай культуры. На мяжы 5—6 ст. зруйнаваны эфталітамі. Да 16 ст. не меў вял. значэння. Пры Вялікіх Маголах важны гандл. і стратэгічны пункт, атрымаў назву П. У 1738—47 пад уладай іран. шаха Надзір-шаха Афшара. У 1747—1818 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 1818—23 сталіца Пешаварскага княства, пазней увайшоў у дзяржаву сікхаў. У 1849 захоплены брыт. войскамі, з 1901 адм. ц. Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Брыт. Індыі. Жыхары П. ўдзельнічалі ў антыбрыт. паўстаннях (самае буйное ў 1930). У 1947—55 і пасля 1970 П. — адм. ц. Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Пакістана.
т. 12, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)