АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
аддзелка вонкавых і ўнутр. паверхняў збудаванняў ліставымі і плітачнымі матэрыяламі, разнавіднасць аддзелачных работ. Павышаюць даўгавечнасць і паляпшаюць архітэктурна-маст. выразнасць будынкаў. Асн. аперацыі: сартаванне і падрыхтоўка абліцовачных матэрыялаў, прыгатаванне буд. раствораў, клеяў і масцік, падрыхтоўка і разметка паверхні, уласна абліцоўка. Вонкавыя абліцовачныя работы выконваюць адначасова з муроўкай сцен ці пасля іх узвядзення, унутраныя праводзяць па заканчэнні агульных буд. работ. Адзін з відаў абліцовачных работ — мазаічнае пакрыццё (гл. ў арт. Мазаіка).
т. 1, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНІЯ́ДА,
масавыя спартыўныя мерапрыемствы па альпінізме. Праводзіцца з вучэбнымі (абучэнне асновам альпінізму) ці спарт. (падрыхтоўка спартсменаў-разраднікаў) мэтамі. Часам прымяркоўваецца да святкавання пэўных знамянальных дат (юбілейныя альпініяды). Першая бел. альпініяда адбылася ў 1960 на Каўказе.
т. 1, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АД’ЮНКТУ́РА,
адна з асн. формаў падрыхтоўкі навук. і навукова-пед. кадраў у ВНУ і н.-д. установах Узбр. Сіл некаторых краін СНД. Засн. ў 1938. Камплектуецца з асоб афіцэрскага саставу. Падрыхтоўка прынятых у ад’юнктуру прадугледжвае абарону дысертацый на атрыманне вучонай ступені канд. навук па абранай спецыяльнасці. Аналагічная аспірантуры ў цывільных ВНУ.
т. 1, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫ КАМІСАРЫЯ́Т, ваенкамат,
орган мясц. ваен. кіравання на Беларусі і ў некаторых інш. краінах. Задачы: падрыхтоўка моладзі да нясення ваеннай службы, правядзенне прызываў на тэрміновую ваен. і альтэрнатыўную службу і вучэбныя зборы, ажыццяўленне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні ваен. мабілізацыі, выкананне інш. абаронных мерапрыемстаў. Для правядзення прызываў на ваен. службу пры ваенных камісарыятах ствараюцца прызыўныя камісіі.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»,
клуб рабочых-беларусаў у Маскве ў 1919. Адкрыты 23 лют. культ.-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэты: правядзенне паліт. і культ.-асв. работы сярод беларусаў, падрыхтоўка кадраў для работы на Беларусі. Меў бібліятэку з чытальняй. У снеж. таго ж года пераўтвораны ў літоўска-бел. клуб, які дзейнічаў у 1920.
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДУКА́ЦЫЯ»,
легальнае т-ва асветнага кірунку ў Віцебску ў студз.—вер. 1913. Аб’ядноўвала 1268 чл. розных сац. груп і паліт. партый. Заснавальнікі і кіраўнікі: Р.Н.Шулепнікаў (старшыня), К.В.Пісарэнка (нам. старшыні), В.А.Прус. Мэта т-ва — падрыхтоўка да стварэння нар. ун-та. Сацыял-дэмакраты Віцебска выкарыстоўвалі «Адукацыю» як легальную трыбуну для рэв. прапаганды. Закрыта за антыўрадавую дзейнасць.
т. 1, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЕ ПАЖА́РНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1992 у Мінску на базе вучэбнага цэнтра пажарнай аховы (створаны ў 1933). Рыхтуе інжынераў па пажарнай тэхніцы і бяспецы. У 1996/97 навуч. г. ф-т завочнага навучання, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі; 5 кафедраў. Навучанне дзённае і завочнае. У вучылішчы праводзіцца прафес. падрыхтоўка спецыялістаў ваенізаванай пажарнай службы. Мае музей гісторыі вучылішча.
т. 4, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб навукі, тэхнікі, культуры. На Беларусі ствараецца шматузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі (гл. Вышэйшыя навучальныя ўстановы). Яна дазваляе пашырыць магчымасці вышэйшай школы ў забеспячэнні культ.-адукац. запатрабаванняў асобы і грамадства; павысіць гнуткасць агульнаадук., навук. і прафес. падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрабаванняў эканомікі і рынку працы; стварыць умовы для больш поўнага забеспячэння падрыхтоўкі моладзі па кірунках, што адпавядаюць яе здольнасцям і інтарэсам. Шматузроўневая сістэма заснавана на прынцыпах дзярж. палітыкі ў галіне адукацыі, вызначаных законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) і міжнар. стандартнай кваліфікацыяй, прынятай ЮНЕСКА. Структура гэтай сістэмы мае 2 узроўні: 1-ы ўзровень (падрыхтоўка спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, тэрмін навучання 4—5 гадоў) складаецца з 2 ступеняў. Першая ступень — 2 гады навучання, дае студэнту базавую падрыхтоўку (агульную гуманітарную, агульную навук. і пэўны аб’ём прафесійнай); 2-я ступень — працяг навучання 2—3 гады, дае прафес. падрыхтоўку па спецыяльнасці разам з дадатковай гуманітарнай і навук., у т. л. па праграме бакалаўрыята (гл. Бакалаўр). 2-і ўзровень (тэрмін навучання 1—2 гады) прадугледжвае спецыялізаваную (паглыбленую) падрыхтоўку спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці, падрыхтоўку магістраў.
А.П.Сманцар, С.В.Снапкоўская.
т. 4, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА ПАДХАРУ́НЖЫХ,
змова Высоцкага, тайная арг-цыя, заснаваная 15—16.12.1828 у варшаўскай Школе падхарунжых пяхоты па ініцыятыве падпаручніка П.Я.Высоцкага. Ва ўстаноўчым пасяджэнні ўдзельнічалі Ю.Гуроўскі, Ю.Дабравольскі, К.Каршніцкі, А.Ласкі, К.Махнацкі, С.Панінскі, К.Пашкевіч, С.Ціхоўскі. Духоўным папярэднікам прызнавалі кіраўніка Нац. масонства маёра В.Лукасінскага. Т-ва падтрымлівала сувязь з сеймавай апазіцыяй (калішанамі і інш.), мела кантакты з І.Лялевелем, Ю.У.Нямцэвічам і інш. Мэтай т-ва была падрыхтоўка ўзбр. паўстання. Першы раз планавалася ўзняць яго ў сакавіку, другі раз — 20.5.1829 у час каранацыі Мікалая I у якасці польскага караля, але планы не здзейсніліся. Са жн. 1830 пачала фарміравацца структура больш разгалінаванага т-ва, у якое апрача падхарунжых уступалі студэнты, інтэлігенцыя. Да кастр. ў т-ва ўваходзіла каля 200 малодшых афіцэраў; яго секцыі ўтвораны ў большасці варшаўскіх палкоў пяхоты, у асобных батальёнах і батарэях, Варшаўскім ун-це (гурткі М.Швейзера, Н.Шыманскага, Я.Барткоўскага). Новы план паўстання прадугледжваў забойства цэсарэвіча Канстанціна Паўлавіча, раззбраенне рус. войска ў Варшаве і нейтралізацыю польскіх генералаў, верных цэсарэвічу. У сувязі з арыштамі студэнтаў і часткі падхарунжых, зменай міжнар. абставін (падрыхтоўка рас. інтэрвенцыі з удзелам польскай арміі ў Бельгію) вырашана прыспешыць план паўстання (гл. Паўстанне 1830—31).
В.В.Швед.
т. 15, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)