ГО́НТА Іван (?, с. Расошкі Чаркаскай вобл., Украіна — 1768),

адзін з кіраўнікоў Калііўшчыны — антыпольскага паўстання 1768 на Правабярэжнай Украіне. Быў казаком у надворным войску польскіх магнатаў Патоцкіх. З 1757 сотнік у г. Умань — цэнтры іх уладанняў. У час наступлення гайдамацкага войска на чале з М.​Залізняком на Умань у чэрв. 1768 Гонта разам з атрадам надворных казакоў перайшоў на бок паўстанцаў. Пад кіраўніцтвам Залізняка і Гонты гайдамакі ўзялі штурмам Умань; Гонта быў абвешчаны паўстанцамі уманскім палкоўнікам. У час сустрэчы з камандаваннем рас. войск, накіраваных на падтрымку польскага боку для ліквідацыі паўстання, арыштаваны і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю паблізу г. Магілёў-Падольскі. Маст. вобраз Гонты створаны Т.​Р.​Шаўчэнкам у паэме «Гайдамакі».

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́ЕЎ Сяргей Сяргеевіч (н. 18.5.1916, г. Камянец-Падольскі Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне будаўніцтва. Д-р тэхн. н., праф. (1963). Засл. будаўнік Беларусі (1962), засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў Маскоўскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1957 дырэктар Ін-та буд-ва і архітэктуры, з 1971 у БПІ, з 1979 дырэктар Бел. НДІ арганізацыі і кіравання буд-вам. З 1991 рэктар Камерцыйнага ін-та прадпрымальніцкай дзейнасці (Мінск). Навук. працы па пытаннях механізацыі буд-ва.

Тв.:

Механизация транспортно-монтажных работ в крупноэлементном жилищном строительстве. М., 1963;

Технология и экономика объемноблочного домостроения. Мн., 1967 (разам з М.​П.​Блешчыкам);

Технология индустриального строительства из монолитного бетона. М., 1989.

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІВІ́ДАВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ў ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Манівід (у хрышчэнні Войцех, Альберт) Кайлікінавіч (каля 1360—1424), які ўпамінаецца з 1387 у складзе велікакняжацкай рады. З 1396 намеснік віленскі. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 атрымаў герб «Ляліва» і стаў першым ваяводам віленскім. Ад вял. кн. Вітаўта атрымаў Геранёны-Суботнікі (1396), Лаздуны і Жупраны (1403) у Ашмянскім пав., Беразіно, Гняздзілавічы, Дзядзілавічы, Домжарыцы, Докшыцы, Мсціж у Харэцкай вол. і Гасцілавічы ў Лагожскім княстве (1407), Станькава ў Мінскім пав., Сярпейск у Смаленскай зямлі, Брагін, Горваль і Любеч у б. Чарнігаўскім княстве. З яго родзічаў і нашчадкаў найб. вядомыя:

Гедыгольд (у хрышчэнні Юрый; каля 1370—1434), брат Манівіда, маршалак надворны ў 1401, ваявода кіеўскі з 1411, староста падольскі з 1415, намеснік смаленскі ў 1424, ваявода віленскі ў 1425—32, уладальнік Вішнева ў Ашмянскім пав. Пётр (Сенька) Гедыгольдавіч (каля 1400—51), маршалак надворны ў 1429, намеснік смаленскі з 1448, кашталян віленскі ў 1451. Ад вял. князёў Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV атрымаў маёнткі Волма, Дзераўная, Камень, Налібакі, Радашковічы ў Менскім пав., Мір і Свержань у Новагародскім пав. Іван (Івашка) Манівідавіч (каля 1400—58), намеснік падольскі і крамянецкі з 1437, маршалак кн. Свідрыгайлы ў 1438, ваявода трокскі з 1443, віленскі ў 1458. У дадатак да бацькоўскіх уладанняў атрымаў ад вял. кн. Казіміра Амнішава, Валожын і Даўгінава ў Менскім пав., паводле завяшчання стрыечнага брата Пятра Гедыгольдавіча — Мір (1451). Войцех (каля 1430—75), сын Івана, кашталян віленскі з 1461, адначасова ваявода новагародскі з 1471 і падстолі ВКЛ у 1475. Памёр без нашчадкаў, яго вялізныя ўладанні адышлі да сясцёр Соф’і (жонка Мікалая Радзівіла) і Ядвігі (жонка Алехны Судзімонтавіча). Агульнае з М. паходжанне мелі Аляхновічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія (нашчадкі родзіча Манівіда — Рымавіда) і, магчыма, Вяжэвічы і Глябовічы (выводзілі сябе ад Вяжа, родзіча Манівіда).

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,

гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас. р. Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас. р. Днестр (тэр. б. ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн. ч. Адэскай і паўд. ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял. кн. Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн. Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах. ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх. ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр. войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.​Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах. ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах. ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́ЦКІ Іван Васілевіч (14.6.1845, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 22.8.1918),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Кіеўскі ун-т (1866), з 1877 праф. у ім. Адзін з лідэраў партыі кадэтаў, дэп. 3-й Дзярж. думы (1907—12). З 1908 выкладаў на Вышэйшых жаночых курсах у Пецярбургу. Даследаваў пераважна гісторыю Францыі 16—18 ст. (рэліг. войны, агр. адносіны ў сувязі з рэвалюцыяй 1789—99). Працы Л. па агр. гісторыі Францыі стварылі школу яго паслядоўнікаў у Францыі і інш. краінах. Асн. творы: «Феадальная арыстакратыя і кальвіністы ў Францыі» (1871), «Каталіцкая ліга і кальвіністы ў Францыі» (1877), «Сялянскае землеўладанне ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі» (1900), «Стан земляробчых класаў у Францыі напярэдадні рэвалюцыі і аграрная рэформа 1789—1793 гг.» (1912).

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕСТР (малд. Ністру),

рака на ПдЗ Украіны і ў Малдове (часткова на мяжы гэтых краін). Даўж. 1352 км. Пл. вадазбору 72,1 тыс. км². Бярэ пачатак на паўн.-ўсх. схілах Укр. Карпат на выш. каля 900 м. Упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. У вярхоўях — горная рака, ніжэй г. Галіч (Украіна) цячэнне больш спакойнае. У нізоўях цячэ ў шырокай даліне па Прычарнаморскай нізіне. Асн. прытокі: Стрый, Рэут (справа), Серэт, Збруч (злева). Жыўленне дажджавое і снегавое. Летнія паводкі; ледастаў (са снеж. да сак.) няўстойлівы.

Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 339 м³/с. На Д. — Дубасарская ГЭС і вадасховішча. Выкарыстоўваецца для арашэння, лесасплаву (у вярхоўях). Суднаходная ад г. Сарока (Малдова) да вусця (з перарывам каля Дубасарскай ГЭС). На Д. гарады Сарока, Рыбніца, Бендэр, Ціраспаль (Малдова), Магілёў-Падольскі (Украіна).

Арашальная сістэма на р. Днестр.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдЗ Украіны. Утворана 22.9.1937. Да 1954 наз. Камянец-Падольская вобл. Пл. 20,6 тыс. км². Нас. 1441,6 тыс. чал. (2001), гарадскога 45%. Цэнтр — г. Хмяльніцкі. Найб. гарады: Камянец-Падольскі, Шапятоўка, Славута.

Паверхня — спадзістахвалістая раўніна, парэзаная далінамі рэк, ярамі. Займае цэнтр. ч. Падольскага ўзв. (выш. да 396 м), на Пн — ч. Валынскага ўзвышша. Карысныя выкапні: торф, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (каалін, гліны, вапнякі, мел, гіпс, граніты). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5,6 °C, ліп. 19,4 °C. Ападкаў 550—600 мм за год. Гал. рэкі: Днестр, Паўд. Буг, вярхоўі Гарыні і Случы (бас. р. Прыпяць). Глебы дзярнова-падзолістыя, чарназёмныя (на Пн), шэрыя і светла-шэрыя ападзоленыя (на Пд). Большая частка Х.в. размешчана ў лесастэпавай зоне. Пад лесам каля 13%, пераважна на Пн (хваёвыя лясы з дамешкамі бярозы і асіны), на Пд у далінах рэк і на водападзелах — невял. масівы з дуба, граба, клёна, ліпы, бука.

Асн. галіны прам-сці — харч. (цукр., мясная, малочная, сыраробная, алейная, агароднінакансервавая, спіртавая, піваварная, кандытарская, мукамольна-крупяная), камбікормавая, машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання кавальска-прэсавага, для харч. прам-сці, трансфарматарных падстанцый, электрапрылад, кабелю, трактарных агрэгатаў, дрэварэзальных інструментаў, радыётэхнікі), лёгкая (тэкст., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая), дрэваапр., у т. л. мэблевая і цэлюлозна-папяровая, шкляная, фарфора-фаянсавая. Хмяльніцкая АЭС. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, цукр. буракоў і мяса-малочнай жывёлагадоўлі.

Пад с.-г. ўгоддзямі 1,5 млн. га. Пасяўныя пл. займаюць 1,1 млн. га (2000). Асн. збожжавыя культуры — азімая пшаніца, ячмень, зернебабовыя, кукуруза; таксама авёс, проса, грэчка; з тэхн. — цукр. буракі, сланечнік, рапс, тытунь, хмель, цыкорыя, каляндра; з кармавых — караняплоды, канюшына, люцэрна. Бульбаводства, агародніцтва. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Развіты птушкагадоўля, рыбаводства, пчалярства. Даўж. чыгунак 732 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7 тыс. км. Асн. чыгунка Кіеў—Львоў, аўтадарогі Кіеў—Вінніца—Хмяльніцкі—Львоў, Хмяльніцкі—Камянец-Падольскі—Чарнаўцы. Суднаходства па р. Днестр. Газаправоды «Саюз», Кіеў—захад Украіны, Урэнгой—Памары—Ужгарад.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНЫ Гарымір Гарыміравіч (н. 22.1.1923, г. Камянец-Падольскі Хмяльніцкай вобл., Украіна),

расійскі вучоны ў галіне механікі. Акад. Рас. АН (1981, чл.-кар. 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1949). У 1949—57 у Цэнтр. ін-це авіяц. маторабудавання. З 1959 у НДІ механікі Маскоўскага ун-та (з 1960 дырэктар). Навук. працы па тэарэт. і прыкладной аэрадынаміцы вял. скарасцей, тэорыі дэтанацыі і гарэння. Развіў тэорыю пагранічнага слоя з паверхняй разрыву ўнутры яго, прапанаваў метад інтэгравання ўраўненняў газавай дынамікі для патокаў з моцнымі ўдарнымі хвалямі. Распрацаваў метады разліку патокаў газу ў каналах пры наяўнасці франтоў гарэння. Дзярж. прэміі СССР 1972, 1978.

Тв.:

Течение газа с большой сверхзвуковой скоростью. М., 1959;

Теория сверхзвуковых течений газа // Механика в СССР за 50 лет. М., 1970. Т. 2;

Теоретическое и экспериментальное исследование аэродинамических характеристик пространственных тел. М., 1979.

Г.Г.Чорны.

т. 17, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГО́ЦКІ Сільвестр Сільвестравіч (17.1.1813, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 11.7.1889),

украінскі багаслоў, філосаф, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1837). Прафесар гэтай акадэміі (1841—51) і Кіеўскага ун-та (1851—86). Вял. ўвагу аддаваў пытанням гіст.-філас. навукі ў яе ўзаемаадносінах з самымі рознымі галінамі навук. і грамадскага жыцця. Спрабаваў крытычна пераасэнсаваць гегелеўскую і інш. ідэаліст. сістэмы з хрысц. пазіцый. Аўтар «Філасофскага лексікона» (т. 1—4, 1857—73), які быў, па сутнасці, першай у Расіі спробай філас. слоўніка. Свае філас. погляды свядома падпарадкоўваў абароне праваслаўя, крытыкаваў матэрыялізм як вучэнне, што вядзе да атэізму.

Тв.:

Критический взгляд на философию Канта. Киев, 1847;

О характере философии средних веков // Современник. 1849. № 6;

Обозрение системы философии Гегеля. Киев, 1860;

Введение в историю философии. Киев, 1871;

Философский словарь... Киев, 1876;

Философия XVII и XVIII вв. в сравнении с философиею XIX в. и отношение той и другой к образованию. Вып. 1—3. Киев, 1878—84.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793 надзвычайны,

апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.​Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.​Л.​Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)