ГРЭНЛА́НДСКА-КАНА́ДСКІ ПАРО́Г,
падняцце дна Атлантычнага ак. ў праліве Дэвіса, паміж падводнымі схіламі Грэнландыі і в-ам Бафінава Зямля. Даўж. каля 75 км. Найб. глыб. 642 м. Перашкаджае глыбіннаму водаабмену паміж морам Бафіна і Атлантычным акіянам.
т. 5, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРЫ́ЗМ (ад грэч. meteōrismos падняцце ўверх, уздуцце),
залішняе збіранне газаў у страўнікава-кішачным тракце, якое выклікае ўздуцце жывата. Узнікае ад узмоцненага ўтварэння газаў з ежы, пры парушэннях працэсаў стрававання і інш. Суправаджаецца схваткападобнымі болямі, абцяжарвае дзейнасць сэрца і дыхання. Лячэнне тэрапеўтычнае, дыета.
т. 10, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНЫ ПАРО́Г,
падняцце дна Атлантычнага ак. паміж Грэнландыяй, Ісландыяй, Фарэрскімі і Шэтлендскімі а-вамі. Глыб. над Атлантычным парогам каля 600 м. Перашкаджае глыбіннаму водаабмену паміж Атлантычным і Паўн. Ледавітым акіянамі. На глыб. 700—800 м на паўд. схіле парога т-ра атлантычнай глыбіннай вады 3—5 °C, на паўн. схіле — ніжэй за 0 °C.
т. 2, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́Р’Е,
вялізнае горнае падняцце, дзе спалучаюцца плато, горныя хрыбты і горныя масівы, якія нярэдка чаргуюцца з шырокімі міжгорнымі катлавінамі. Для Н. характэрны значныя абсалютныя вышыні і параўнальна невял. адносныя перавышэнні. Пашыраны ў Азіі (Тыбецкае, Іранскае, Армянскае), Амерыцы (Мексіканскае, Цэнтральнаандыйскае), Афрыцы (Ахагар, Эфіопскае, Тыбесты). Тэрмін «Н.» часам ужываюць як сінонім высока ўзнятых плато (без узвышаных над імі горных хрыбтоў).
т. 11, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧЭ́ННЕ глеб і грунтоў,
падняцце (успучванне) глеб і грунтоў у выніку іх расшырэння пры прамярзанні, набраканні і выцісканні. Характэрна для абласцей з суровым кантынентальным кліматам і наяўнасцю шматгадовамёрзлых горных парод. Трапляецца таксама ў арыдных умовах на засоленых глебах, дзе абумоўлена разбуханнем солей пры ўвільгатненні. Улічваецца пры буд-ве і эксплуатацыі прамысл. прадпрыемстваў, аўтадарог і чыгунак, нафта- і газаправодаў і інш.
т. 13, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАКРАТЫ́ЧНЫЯ ПЕРЫ́ЯДЫ,
перыяды гісторыі Зямлі, калі значна расшыралася плошча сушы. Адбываліся ў 2-й пал. тэктанічных цыклаў, калі агульнае падняцце зямной кары ператварала ў сушу затопленыя морам часткі кантынентаў. Геакратычныя перыяды былі ў канцы сілурыйскага і на працягу значнай часткі дэвонскага перыядаў, у канцы каменнавугальнага, у пермскім і часткова ў трыясавым, у неагенавым і антрапагенавым перыядах, уключаючы сучасную эпоху, якая адносіцца да адной з найб. геакратычных. Гл. таксама Таласакратычныя перыяды.
т. 5, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРГЕЛЕ́Н (Kerguelen),
падводны хрыбет на Пд Індыйскага ак., які раздзяляе Аўстрала-Антарктычную і Афрыканска-Антарктычную катлавіны. Даўж. 2600 км. Шыр. да 950 км. Пераважныя глыбіні над хрыбтом 1000—2000 м, найменшая — 73. Найб. прыўзнятыя вяршыні ўтвараюць астравы архіпелага Кергелен, самы вялікі з іх Кергелен і Херд. К. — глыбавае падняцце акіянічнага дна, месцамі з надбудаванымі вулканічнымі формамі. Складзены пераважна з базальтаў. Вулканічна актыўны. Адкрыты ў 1929—31 аўстрал. экспедыцыяй Д.Моўсана.
т. 8, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́,
ізаляванае рэзкае падняцце зямной кары сярод роўнай мясцовасці. Вышыня гары ад падножжа да вяршыні больш за 200 м. Гарой называюць таксама вяршыні ў горных краінах. Найвышэйшая гара на Зямлі — Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8848 м над узроўнем мора). На раўнінных тэр. гарамі зрэдку называюць і невял. падняцці, якія фактычна з’яўляюцца ўзгоркамі. Найвыш. пункты Беларусі: Дзяржынская гара (345 м), Лысая гара (342 м), Маяк (335 м), Замкавая гара (323 м), Мілідаўская гара (320 м), Гаршэва гара (296 м).
т. 5, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЫ́ЙНЫ ПЛЮМ,
гарачыя струмені магматычнага рэчыва, што ўздымаюцца з ніжняй мантыі Зямлі (амаль ад мяжы ядро — мантыя) да асновы літасферных пліт і праплаўляюць іх; праява ўнутрыплітнай магматычнай і тэктанічнай актыўнасці, іх зараджэнне — прадвеснік перадрыфтавага тэктанічнага рэжыму зямной кары. Тэрмін уведзены ў 1963 амер. геолагамі Дж.Уілсанам і В.Морганам. Прыкметы М.п.: скляпеннае падняцце зямной кары дыям. да 2000 км з праявай вулканізму і трэшчынных выліванняў, высокі цеплавы паток, геамех. напружанасць да 800 МПа, т-ра плаўлення рэчыва да 1400—1600 °C.
Г.І.Каратаеў.
т. 10, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭКЛІ́ЗА (ад анты... + грэч. klisis нахіл),
вялікае скляпеннепадобнае падняцце паверхні крышт. фундамента ў межах платформаў (пліт); процілегласць сінеклізы.
Мае круглаваты або выцягнуты контур, памеры ў папярочніку да некалькіх соцень кіламетраў. Фарміруецца на працягу некалькіх геатэктанічных этапаў як зона павольнага падняцця зямной кары на фоне апускання сумежных структур. Таму на антэклізе магутнасць платформавага чахла памяншаецца ад перыферыі да цэнтра, месцамі на зямную паверхню выходзяць пароды фундамента. На Рускай пліце Усходне-Еўрапейскай платформы вядомы Беларуская антэкліза (у цэнтр. і паўд.-зах. частках тэр. рэспублікі) і Варонежская антэкліза (зах. крыло — на У Беларусі).
М.Н.Нагорны.
т. 1, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)