АВІЯЛІ́НІЯ,

авіятраса, паветраная лінія, зацверджаны маршрут рэгулярных палётаў пасаж. і грузавых самалётаў, верталётаў паміж вызначанымі пунктамі з адпаведнай яму прасторай над паверхняй зямлі (паветр. калідорам), у межах якой ажыццяўляецца палёт. Адрозніваюць авіялініі міжнародныя і ўнутраныя, у т. л. магістральныя і мясцовыя. Авіялініі забяспечваюцца аэрадромамі, наземнымі радыёнавігацыйнымі пунктамі, сродкамі кантролю і кіравання паветр. рухам. Гл. таксама Паветраны транспарт.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПНА,

вяжучае рэчыва, якое атрымліваюць абпальваннем вапняку, мелу і інш. вапнава-магнезіяльных горных парод. Адрозніваюць вапну паветраную (цвярдзее толькі на паветры) і гідраўлічную (цвярдзее і ў вадзе). Паветраная вапна мае ў асн. аксіды кальцыю і магнію, гідраўлічная — дадаткова сілікаты, алюмінаты і фераты кальцыю. Паветраную вапну падзяляюць на нягашаную (кіпелку, гл. Кальцыю аксід) і гашаную (пушонку, гл. Кальцыю гідраксід). Выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці сілікатнай цэглы, для ачысткі цукровабурачнага соку, вапнавання глебы і інш.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ДРУГІ́ ў Вялікую Айчынную вайну.

1-е фарміраванне створана 17.2.1944, дзейнічала на Ковельскім напрамку. Камандуючы ген.-палк. П.​А.​Курачкін, чл. ваен. савета ген.-лейт. Ф.​Я.​Бокаў, нач. штаба ген.-лейт. У.​Я.​Калпакчы. Уваходзілі арміі: 47, 61, 70, 6-я паветраная. Войскі фронту пачалі Ковельскую аперацыю, у час якой гітлераўцы прарвалі акружэнне Ковеля, таму сав. войскі перайшлі да абароны. 5.4.1944 фронт расфарміраваны, войскі перададзены ў склад Беларускага фронту першага.

2-е фарміраванне створана 24.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты, дзейнічала на Магілёўскім напрамку. Камандуючыя: ген.-палк. І.​Я.​Пятроў, з чэрв. 1944 ген. арміі Г.Ф.Захараў, з ліст. 1944 Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі; чл. ваен. савета: ген.-лейт. Л.​З.​Мехліс, з ліп. 1944 ген.-лейт. М.​Я.​Субоцін; нач. штаба: ген.-лейт. С.​І.​Любарскі, з мая 1944 ген.-палк. А.​М.​Багалюбаў. У розны час уваходзілі арміі: 3, 19, 33, 43, 48, 49, 50, 65, 70, 2-я ўдарная, 1-я і 5-я гвардз. танкавыя, 4-я паветраная. Франтавая газ. «Фронтовая правда». Войскі фронту ў 1944 правялі Магілёўскую, Беластоцкую аперацыі, удзельнічалі ў Мінскай (гл. адпаведныя арт.), у 1945 ва Усх.-Прускай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацыях. 6.5.1945 на тэр. Германіі сустрэліся з войскамі 2-й англ. арміі. 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне перайменавана ва ўпраўленне Паўн. групы войскаў.

М.​І.​Камінскі.

т. 2, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,

награвальная прылада з адкрытым накіраваным полымем. Полымя ўтвараецца на выхадзе трубы Пл. пры гарэнні сумесі пары вадкага паліва (бензіну, спірту, газы) з паветрам, прадукты гарэння ўтвараюць выцягнуты факел. Найб. пашыраны П.л. фарсуначнага тыпу (гл. Фарсунка) з ёмістасцю рэзервуара да 2 л. Выкарыстоўваюцца для награвання рабочай часткі паяльніка і дэталей, расплаўлення прыпою ў працэсе пайкі, а таксама награвання металу для праўкі, гібкі і інш., выдалення рэшткаў старога масла, фарбы, лаку з драўляных і метал. вырабаў і інш.

Паяльная лямпа: 1 — рэзервуар для газы; 2 — ванначка для распальвання газы; 3 — труба; 4 — вентыль; 5 — помпа; 6 — заліўное прыстасаванне; 7 — паветраная пробка.

т. 12, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБЮРА́ТАР (франц. carburateur),

прылада для стварэння гаручай сумесі з лёгкага вадкага паліва ў рухавіках унутр. згарання. Бывае ўсмоктвальны (паплаўковы, мембранны), упырсквальны і камбінаваны.

Мае паветраны тракт, па якім рухаецца ўсмактанае паветра, і паліўную сістэму, па якой паліва падаецца ў паветраны паток, змешваецца з ім і па ўпускным трубаправодзе паступае ў цыліндры рухавіка. Інтэнсіўнасць паступлення гаручай сумесі рэгулюецца дросельнай заслонкай (гл. Акселератар), а яе склад у адпаведнасці з рэжымам работы рухавіка — гал. сістэмай дазіравання, эканамайзерам, паскаральнай помпай, сістэмамі халастога ходу і пуску халоднага рухавіка і інш. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

В.​А.​Сяргеенка.

Карбюратар аўтамабільны: 1 — паветраная заслонка; 2 — ігольчасты клапан; 3 — паплаўковая камера; 4 — бензін; 5 — дросельная заслонка; 6 — асноўны паветраны паток.

т. 8, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАІЗАЛЯ́ЦЫЯ памяшканняў,

комплекс мерапрыемстваў па змяншэнні ўзроўню шуму, што пранікае ў памяшканне з навакольнага асяроддзя. Адрозніваюць гукаізаляцыю ад шуму паветр. (мовы, спеваў, радыёперадач і інш.; перадаецца па паветры) і ўдарнага (крокаў людзей, перасоўвання мэблі і інш.; перадаецца па канструкцыях збудаванняў).

Для аховы ад паветр. шуму сцены і перакрыцці робяць з некалькіх слаёў розных матэрыялаў (у т. л. з гукапаглынальных матэрыялаў), якія рэзка адрозніваюцца фіз. ўласцівасцямі, або з канструкцый, раздзеленых суцэльнай паветр. праслойкай; выкарыстоўваюць перакрыцці з падвешанай столлю і інш. Ударны шум змяншаюць насціланнем падлогі на пругкую аснову або пругкімі пракладкамі (гл. Гукаізаляцыйныя матэрыялы), а таксама вібраізаляцыяй абсталявання з дапамогай амартызатараў. Гл. таксама Акустычныя матэрыялы.

Гукаізаляцыя агараджальных канструкцый збудаванняў: а — раздзельная канструкцыя сцяны; б — падлога па суцэльнай пругкай аснове; 1 — сценкі; 2 — паветраная праслойка; 3 — бетонны ці шлакабетонны слой; 4 — пергамін; 5 — пругкая пракладка.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 21—26 лют. ў Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі арміі: 3-я, частка сіл 50-й і 48-й, 16-я паветраная. Ім процістаяла 9-я ням. армія групы армій «Цэнтр», якая займала 2 умацаваныя абарончыя паласы і моцныя вузлы супраціўлення ў Рагачове і Жлобіне. Мэта аперацыі: разграміць групоўкі праціўніка ў раёне Рагачова і Жлобіна, стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Бабруйскім напрамку. 21 лют. сав. войскі перайшлі ў наступленне і на працягу 2 дзён прарвалі абарону праціўніка, фарсіравалі Дняпро, перарэзалі чыгунку Магілёў—Рагачоў; 23 лют. падышлі да Рагачова і 24 лют. штурмам вызвалілі яго, прасунуліся да р. Друць, захапілі на правым і левым берагах Дняпра плацдармы праціўніка, падышлі да Жлобіна. У выніку аперацыі сав. войскі нанеслі вял. страты ням. арміі. 13 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Рагачоўскіх».

Літ.:

Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 517.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 13, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МЕННАЯ ПЕЧ, домна,

шахтавая печ для выплаўкі чыгуну з жалезарудных матэрыялаў (афлюсаванага агламерату, акатышаў, жал. руды). Характарызуецца карысным аб’ёмам (бывае да 5000 м³ і больш) і прадукцыйнасцю (да 12 000 т/сут і больш). Працягласць бесперапыннага дзеяння ад пуску да спынення на капітальны рамонт (т.зв. кампанія) 10—15, часам 20 і больш гадоў.

Зверху праз калашнік у печ загружаюць порцыямі (калошамі) зыходную плавільную сыравіну (шыхту), знізу праз фурмы ў горне падаюць нагрэтае і абагачанае кіслародам паветра, вадкае. газа- або пылападобнае паліва. У шахце з жалезаруднай часткі шыхты адбываецца ўзнаўленне жалеза з вокіслаў і насычэнне яго вугляродам, у выніку чаго ўтвараецца чыгун (гл. Доменны працэс). У распары (самая шырокая цыліндрычная ч. печы) і заплечыках (конусная ч.) чыгун і шлак плавяцца (пераходзяць у вадкі стан) і праз спец. адтуліны (ляткі) перыядычна выпускаюцца ў каўшы. Доменны газ, які ўтвараецца ў доменным працэсе, выходзіць з Д.п. праз газаадводы; шлак гранулюецца (выкарыстоўваецца ў буд-ве). Д.п. футэруюць вогнетрывалай муроўкай: верхнюю ч. выкладваюць малагліназёмістым, ніжнюю — высокагліназёмістым шамотам; ч. горна, дзе назапашваецца чыгун. і под — вугляродзістымі блокамі. Звонку печ адзяецца ў стальны кажух, які ахалоджваецца пераважна праточнай вадой. Д.п. абсталёўваецца скіпавымі пад’ёмнікамі з ваганеткамі або канвеерамі, сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі вытв. працэсу. Непадалёку ад Д.п. звычайна размяшчаецца агламерацыйная ф-ка (гл. Агламерацыя). Д.п. з’явіліся ў Еўропе ў сярэдзіне 14 ст., у Расіі каля 1630.

Доменная печ 1 — чыгунны ляток; 2 — паветраная фурма; 3 — горан; 4 — шахта; 5 — скіп; 6 — шыхта; 7 — засыпное прыстасаванне; 8 — комін; 9 — паветрападагравальнік; 10 — газаачышчальнікі; 11 — шлакавы ляток.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫ ў Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Калінінскага фронту. Дзейнічаў на паўн.-зах. і зах. напрамках. Камандуючыя: ген. арміі А.І.Яроменка (кастр.ліст. 1943), ген. арміі І.Х.Баграмян (ліст. 1943 — люты 1945); чл. ваен. савета ген.-лейт. Дз.​С.​Лявонаў (кастр. 1943 — ліст. 1944), ген.-лейт. М.​В.​Рудакоў (ліст. 1944 — люты 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 28.6.1944 ген.палк. У.​В.​Курасаў (кастр. 1943 — люты 1945). У розны час уваходзілі арміі: 2-я гв., 4-я ўдарная, 6-я гв., 11-я гв., 39-я, 43-я, 51-я, 61-я, 5-я гв. танк., 3-я паветраная. З 1 да 21 ліст. 1943 войскі фронту вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку, у снеж. правялі Гарадоцкую аперацыю 1943. У лют.сак. 1944 войскі П.ф.п. ва ўзаемадзеянні з войскамі Зах. фронту пачалі наступленне пад Віцебскам. Летам 1944 разам з войскамі 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў ажыццявілі Беларускую аперацыю 1944: удзельнічалі ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, правялі Полацкую аперацыю 1944 і Шаўляйскую аперацыю 1944. З 14.9.1944 з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. і Ленінградскага франтоў пры падтрымцы Балт. флоту ўдзельнічаў у Прыбалтыйскай аперацыі 1944; з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў ажыццявіў Рыжскую, з войскамі 3-га Бел. фронту — Мемельскую (Клайпедскую) аперацыі. Са студз. 1945 войскі фронту ўдзельнічалі ва Усх.-Прускай аперацыі. 24.2.1945 П.ф.п. скасаваны, яго войскі пад назвай Земландская група (камандуючы І.​Х.​Баграмян) уключаны ў склад 3-га Бел. фронту.

М.​І.​Камінскі.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)