Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),
расійскі імператар [1796—1801], 3 дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл.Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;
Песков А.М. Павел I. М., 1999;
Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (Paulos; 14.12.1901, Афіны — 6.3.1964),
кароль Грэцыі [1947—64], З дынастыі Глюксбургаў. Сын караля Канстанціна I [1913—17, 1920—22) Служыў у ВМФ, удзельнік грэка-турэцкай вайны 1919—22. У сувязі з перамогай рэспубліканцаў у снеж. 1923 эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Пасля рэстаўрацыі манархіі вярнуўся (ліст. 1935) у Грэцыю ў якасці наследніка прастола. У 1941 у сувязі з уварваннем у Грэцыю ням.-фаш. войск эмігрыраваў у Егіпет, потым у Вялікабрытанію. Вярнуўся ў Грэцыю ў 1946. Пасля смерці брата — караля Георга II [1935—41, 1946—47] — абвешчаны каралём.