РАМО́ ((Rameau) Жан Філіп) (25.9.1683, г. Дыжон, Францыя — 12.9.1764),

французскі кампазітар, арганіст, клавесініст, скрыпач, муз. тэарэтык. Служыў арганістам у саборах Францыі. З 1723 у Парыжы, набыў славу першага арганіста Францыі. З 1745 прыдворны кампазітар. Развіваў заснаваны Ж.Б.Люлі жанр лірычнай трагедыі. У оперы ўзмацніў эмацыянальную выразнасць музыкі, ролю аркестра, увагу да рэчытатыўна-арыёзнай сферы. Аўтар опер, опер-балетаў, балетаў, камедый-балетаў і інш., свецкіх кантат, матэтаў, канцэртаў для клавесіна і камернага ансамбля, п’ес для клавесіна, музыкі для спектакляў і інш. У «Трактаце пра гармонію...» (1722) абгрунтаваў тэрцавую будову акордаў, увёў паняцце «гарманічнага цэнтра» (тонікі), дамінантнай і субдамінантнай функцый.

Літ.:

Адамян А. Эстетика Рамо // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Выд. 2;

Брянцева В.Н. Ж.​Ф.​Рамо и французский музыкальный театр. М., 1981;

Малиньон Ж. Ж.​Ф.​Рамо: Пер. с фр. Л., 1983.

Ж.Ф.Рамо.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (30.8.1873, С.-Пецярбург — 10.10.1948),

рус. і ўкр. дырыжор. Нар. арт. Расіі (1945). Праф. (1927). З 1912 сімф. і оперны дырыжор, у т. л. аркестра С.Кусявіцкага, Кіеўскай укр. оперы (1925—29). З 1930 дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Муз. кіраўнік пастановак многіх опер, у т. л. «Турандот» Дж.​Пучыні і «Каралі Мадонны» Э.​Вольфа-Ферары.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЦЭ́ЦІ ((Donizetti) Гаэтана) (29.11.1797, г. Бергама, Італія — 8.4.1848),

італьянскі кампазітар. У 1815—17 вучыўся ў Балонскім муз. ліцэі. У 1839—40 і пазней працаваў у Парыжы, дзе пастаўлены многія з яго опер, у 1840-я г. таксама ў Аўстрыі (з 1842 аўстр. прыдворны кампазітар). У 1834—39 праф. кансерваторыі ў Неапалі (з 1837 дырэктар). Асн. частку творчай спадчыны Д., майстра стылю бельканта, складаюць усе жанравыя разнавіднасці італьян. оперы (опера-буфа, опера-камік, лірыка-драм. і рамант. оперы, сац.-псіхал. меладрамы і інш.), яны насычаны выразнымі, лёгка запамінальнымі мелодыямі, эфектнымі арыямі, вылучаюцца яркай тэатральнасцю. Сярод найб. папулярных опер «Любоўны напітак» (1832) і «Дон Паскуале» (1843), адзін з лепшых узораў оперы-буфа, адзначаны невычарпальным дасціпным гумарам, жыццярадаснасцю, мяккім лірызмам.

Сярод інш. твораў: оперы «Пётр Вялікі, цар рускі, або Лівонскі цясляр» (1819), «Дон Грэгорыо» (1824), «Ганна Балейн» (1830), «Лукрэцыя Борджа» (1833), «Лючыя ды Ламермур» (1835), «Паліеўкт» (1838), «Марыя ды Роган» (1843), араторыі, кантаты, 16 сімфоній, камерна-інстр., вак. творы.

Літ.:

Донати-Петтени Дж. Гаэтано Доницетти: Пер. с итал. Л., 1980.

Помнік Г.Данідэці ў касцёле Санта-Марыя ў Бергама.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮІ́ (Цэзар Антонавіч) (18.1.1835, Вільня — 26.3.1918),

рускі кампазітар і муз. крытык, ваен. інжынер і вучоны. Інжынер-ген. (1904). Чл. Ін-та Францыі (1894). Скончыў Ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1857) і выкладаў у ёй (з 1880 праф., з 1891 засл. праф.). Кампазіцыяй займаўся ў С.Манюшкі ў Вільні. У 1864—1900 выступаў як муз. крытык, супрацоўнічаў у газетах і часопісах. Чл. «Магутнай кучкі». Садзейнічаў раскрыццю гіст. значэння творчасці М.​Глінкі, А.​Даргамыжскага, прапагандаваў музыку А.​Барадзіна, М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава. Як кампазітар найб. вызначыўся ў жанры раманса (больш за 300). Аўтар 14 опер, у т. л. «Вільям Раткліф» паводле Г.​Гейнэ (паст. 1869), «Анджэла» паводле В.​Гюго (паст. 1876), музыкі для дзяцей, у т. л. першых у рус. музыцы дзіцячых опер («Снежны асілак», 1906, і інш.). Закончыў оперы «Каменны госць» Даргамыжскага і «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага. Навук. працы па фартыфікацыі; стварыў курс фартыфікацыі, які чытаў у ваен. акадэміях.

Літ. тв.: Избр. статьи Л., 1952; Избр. статьи об исполнителях. М., 1957.

Літ.:

Назаров А. Ц.​А.​Кюи. М.,1989.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕНКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 28.10.1941, г. Гомель),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.​Асколкава). З 1972 выкладаў у Гомельскім муз. вучылішчы. З 1974 саліст Свярдлоўскага, з 1981 — Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Яго творчасці ўласцівы драм. асэнсаванасць сцэн. паводзін, вял. ўнутр. экспрэсія пры стрыманасці вонкавага сцэн. малюнка. Сярод партый: Міхал («Новая зямля» Ю.​Семянякі), Вял. князь Міндоўг («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Мастак («Візіт дамы» С.​Картэса), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Анегін, Томскі, Эбн Хакія («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Рыгалета, Жэрмон, Аманасра, Макбет і Яга («Рыгалета», «Травіята», «Аіда», «Шэкспір і Вердзі» паводле опер «Макбет», «Фальстаф» і «Атэла» Дж.​Вердзі), Альфіо («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» ВА.Моцарта), Дзянісаў і Напалеон, Стэньё («Вайна і мір», «Мадалена» С.​Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» Картэса, «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́Н ((Adam) Адольф Шарль) (24.7.1803, Парыж — 3.5.1856),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1844). Скончыў Парыжскую кансерваторыю, з 1849 яе прафесар. У 1839—40 жыў у Пецярбургу. Сцвердзіў рамант. кірунак у франц. балеце («Жызэль, або Вілісы», 1841, «Карсар», 1856, і інш.). У Пецярбургу напісаў балет «Пірат». Аўтар больш як 40 опер, у т. л. «Паштальён з Ланжумо» (1836). Выступаў як муз. крытык. Рымская прэмія 1825.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРЫНЕ́НКА (Дзіяна Ігнацьеўна) (н. 8.11.1930, с. Белавусаўка Драбаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),

украінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1975). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1955). З 1955 салістка капэлы «Думка», у 1962—87 — Кіеўскай філармоніі. З 1961 выкладае ва Укр. акадэміі музыкі (з 1985 праф.). У рэпертуары творы ўкр. кампазітараў, укр. і рус. нар. песні, арыі з опер. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1972.

т. 12, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГДАН (Фёдар Емяльянавіч) (н. 28.3.1939, в. Кацельня-Баярская Брэсцкага р-на),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Украіны (1979). Скончыў Львоўскую кансерваторыю імя М.​Лысенкі (1966). З 1966 саліст ансамбляў песні і танца «Данбас» ваенна-паветраных сіл Групы сав. войскаў у Германіі, Чарнаморскага флоту. З 1990 саліст Брэсцкай абл. філармоніі. У рэпертуары арыі з опер кампазітараў-класікаў, класічныя рамансы, песні сучасных аўтараў, апрацоўкі бел., рус., укр. нар. песень.

А.​А.​Мартыненка.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БРЫЧ (Дзмітрый Іванавіч) (1.6.1922, г. Дзергачы Харкаўскай вобл., Украіна — 1.10.1968),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1952). З 1954 саліст Бел. філармоніі. Творчая індывідуальнасць спевака найб. раскрылася ў камерным рэпертуары (рамансы Ф.​Шуберта, Э.​Грыга, М.​Мусаргскага, Г.​Свірыдава). Выканаў больш за 400 твораў, у т. л. шмат нар. песень, арый з опер, рамансаў і песень бел. кампазітараў. У яго трактоўках высакародная мужнасць спалучалася з мяккай паэтычнасцю.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРА́НІЦКІ (Vranický, Vranitzky, Wranizky) Павел (13.12.1756, г. Нова-Ржышэ, Чэхія — 26.9.1808), аўстра-чэшскі скрыпач, кампазітар. З 1780 скрыпач, з 1785 музік-дырэктар у капэле кн. І.​Н.​Эстэрхазі, з 1790 канцэртмайстар аркестра Венскай прыдворнай оперы. Аўтар папулярных опер-зінгшпіляў «Аберон, кароль эльфаў» (паст. 1789), «Свята басяка» (паст. 1794), «Сталяр» (1799), камічнай оперы «Добрая маці» (паст. 1795); балетаў-дывертысментаў «Збор вінаграду» (паст. 1794), «Прыгавор Парыса» (1801); кантаты, 22 сімфоній, 5 канцэртаў, камерна-інстр. твораў.

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)