ГА́ДЭ
(Gade) Нільс Вільгельм (22.2.1817, Капенгаген — 21.12.1890),
дацкі кампазітар, скрыпач, арганіст, дырыжор. Прадстаўнік муз. рамантызму. Канцэртаваў як скрыпач у Швецыі і Нарвегіі. У 1844—48 2-і дырыжор аркестра Гевандхаўза і выкладчык кансерваторыі ў Лейпцыгу. З 1850 кіраваў у Капенгагене муз. т-вам, дырыжыраваў сімф. канцэртамі. Адзін з заснавальнікаў і дырэктар (1867—90) Капенгагенскай кансерваторыі. Найб. значныя сімф. і вак.-сімф. творы (1-я і 8-я сімфоніі, сімф. уверцюры «Водгукі Асіяна» і «Гамлет», кантаты «Дзіця эльфаў» і «Камала»). У многіх творах выкарыстоўваў інтанац. строй дацкіх нар. песень. Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на развіццё муз. культуры Даніі.
т. 4, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР
(Bohr) Нільс Хенрык Давід (7.10.1885, Капенгаген — 18.11.1962),
дацкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Дацкай АН (1918), замежны чл. АН СССР (1929) і інш. акадэмій. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1908), з 1916 праф. гэтага ун-та. З 1920 дырэктар створанага ім Ін-та тэарэт. фізікі (Ін-т Нільса Бора). У 1943—45 працаваў у ЗША. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, ядз. фізіцы, па філас. праблемах прыродазнаўства і тэорыі пазнання. Прапанаваў (1913) квантавую мадэль атама (гл. Бора тэорыя), якая адыграла важную эўрыстычную ролю ў стварэнні квантавай механікі. Прадказаў спантаннае дзяленне ядраў урану, прапанаваў кропельную мадэль і тэорыю састаўнога ядра атама (1936). Сфармуляваў адпаведнасці прынцып і дапаўняльнасці прынцып. Удзельнік барацьбы з атамнай пагрозай. Нобелеўская прэмія 1922.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. науч. труды. [Т.]1—2. М., 1970—71.
Літ.:
Мур Р. Нильс Бор — человек и ученый. М., 1969;
Кляус Е.М., Франкфурт У.И., Френк А.М. Нильс Бор, 1885—1962. М., 1977.
т. 3, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)