ПІРАФО́РНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ (ад піра... + + грэч. phoros які нясе),

рэчывы, здольныя загарацца без нагрэву пры кантакце з паветрам. Т-ра самаўзгарання (tc) П.р. ніжэйшая за пакаёвыя т-ры. Да П.р. адносяцца тонкараздробненыя металы (жалеза, алюміній, магній, кобальт, нікель і інш.), гідрыды крэмнію (SiH4, tс -200 °C), бору і некаторых металаў, дыфасфін (P2H4), алюмінійарган. злучэнні (напр., трыэтылалюміній Al(C2H5)3, tc -80 °C) і інш.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́Д (ад грэч. anodos узыходжанне),

1) дадатны полюс (клема) крыніцы эл. току (гальванічнага элемента, акумулятара, эл. машыны). Ад анода ў знешнім эл. ланцугу накіраваны эл. ток.

2) Дадатны электрод электравакуумных і іонных прылад, звычайна выраблены з тугаплаўкіх металаў (тантал, малібдэн, чэрнены нікель), калі ахаладжэнне прымусовае — з медзі; іонных прылад — з матэрыялаў з малой другаснай эмісіяй (графіт, жалеза).

3) Дадатны полюс электрычнай дугі, электралітычнай ванны (гл. ў арт. Электроліз).

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́ДЗІСТАЯ СТАЛЬ,

сталь, якая мае 0,04—2% вугляроду і інш. прымесныя элементы. Прысутнасць пастаянных прымесей (марганец, крэмній, сера, фосфар, кісларод, азот, вадарод) абумоўлена тэхнал. асаблівасцямі вытв-сці, выпадковых (хром, нікель, медзь і інш.) — наяўнасцю іх у рудзе. У залежнасці ад колькасці вугляроду вугляродзістую сталь падзяляюць на нізка- (0,05—0,25% С), сярэдне- (0,3—0,6% С) і высокавугляродзістую (0,7—1,3% С). Паводле якасці і галін выкарыстання адрозніваюць вугляродзістую сталь звычайнай якасці (агульнага прызначэння), высакаякасную канструкцыйную і інструментальную сталь.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРМЕ́ТЫ,

кераміка-металічныя матэрыялы, штучныя матэрыялы, якія атрымліваюць спяканнем або прасаваннем (спосабамі парашковай металургіі) керамічных і метал. парашкоў. Спалучаюць карысныя ўласцівасці керамікі і металаў.

У якасці керамічнай састаўляючай выкарыстоўваюць тугаплаўкія аксіды (алюмінію, крэмнію, хрому, цырконію), карбіды, барыды, сіліцыды і нітрыды; метал. састаўляючай — нікель, хром, жалеза, кобальт, вальфрам, малібдэн, ніобій, тантал і інш. К. ідуць на выраб дэталей турбін і авіяц. рухавікоў, металарэзнага інструменту, штампаў і інш. дэталей, што працуюць ў агрэсіўных асяроддзях і пры высокіх т-рах.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАСТРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

магнітамяккія матэрыялы з дастаткова вял. эфектам магнітастрыкцыі. Да іх адносяць нікель і сплавы на яго аснове (напр., пермалой), жалезакобальтавыя (напр., пермендзюр) і жалеза-алюмініевыя (алфер) сплавы, а таксама злучэнні рэдказямельных элементаў, некаторыя ферыты і інш. Металічныя М.м. звычайна пракатваюць у стужкі таўшчынёй да 0,3 мм, з якіх штампуюць або навіваюць асяродкі, з ферытавых М.м. вырабляюць маналітныя асяродкі. Выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі эл.-магн. энергіі ў мех. і наадварот (напр., выпрамяняльнікі акустычных ваганняў, датчыкі ціску, радыёчастотныя фільтры).

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛОТАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, кіслотатрывалыя матэрыялы,

металічныя і неметалічныя матэрыялы, устойлівыя супраць разбуральнага дзеяння кіслот. К. м. металічныя — высокалегіраваныя сталі і чыгун, некат. металы (напр., нікель, медзь, алюміній, цырконій, серабро) і сплавы. К. м. неметалічныя — горныя пароды (напр., андэзіт, граніт), каменнае ліццё (напр., базальт), палімерныя матэрыялы (полівінілхларыд, поліэтылен, фтарапласты і інш.), кераміка, шкло, спец. замазкі, цэменты і інш. Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. прам-сці для вырабу розных ёмістасцей (і іх футравання), труб, шлангаў, падлогі, пакрыццяў, а таксама як кіслотатрывалыя герметыкі і ўшчыльняльнікі.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́Т,

антыфрыкцыйны сплаў на аснове волава ці свінцу. Некаторыя маркі бабіту маюць у сабе сурму, медзь, нікель, мыш’як, кадмій, тэлур, магній і інш. элементы. Адкрыты амер. вынаходнікам І.​Бабітам (1839). Уласцівасці сплаву абумоўлены яго гетэрагеннай структурай: наяўнасцю цвёрдых часціц у мяккай пластычнай аснове. Асн. з іх: параўнальна нізкая т-ра плаўлення (320—430 °C), высокая пластычнасць, нізкі каэф. трэння. Выкарыстоўваецца бабіт для заліўкі падшыпнікаў, якія працуюць са змазкай пры вял. нагрузках і скарасцях слізгання (у аўтамабільных і трактарных рухавіках, пасажырскіх і таварных вагонах, тэндарах).

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГЕНЕ́ЗІС МІНЕРА́ЛАЎ,

заканамернае сумеснае размяшчэнне ў зямной кары мінералаў, звязаных агульнымі ўмовамі ўтварэння (магматычны расплаў, гідратэрмальная сістэма, басейн седыментацыі і інш.). Вызначальнымі фактарамі П.м. з’яўляюцца хімізм асяроддзя, гісторыя яго геал. развіцця і тэрмадынамічныя ўмовы мінералаўтварэння. Вылучаюць тыповы П.м. (напр., сумеснае размяшчэнне мускавіту, турмаліну, берылу ў гранітных пегматытах) і нетыповы (алівін і кварц у вывергнутых пародах). З П.м. цесна звязаны парагенезіс элементаў (напр., хром Cr, нікель Ni, плаціна Pt звязаны з асноўнымі горнымі пародамі). Вывучэнне П.м. мае вял. значэнне пры пошуках і ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў.

Я.​І.​Аношка.

т. 12, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА САМАРО́ДНАЕ,

мінерал класа самародных элементаў, Fe. Адрозніваюць Ж.с. зямное (тэлурычнае) і касмагеннае (метэарытнае), што трапляе на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Тэлурычнае, або ферыт, мае нікелю да 3%, аваруіт, або нікель-жалеза, — ад 30 да 80%, метэарытнае — камасіт — каля 6,4%. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі рэдкія, звычайна дэндрыты, зерні, суцэльныя масы. Колер і бляск як у метал. жалеза. Цв. 4—5. Шчыльн. 7—7,8 г/см³. Коўкае. Ферамагнетык. Рэдкі мінерал, звязаны ў асноўным з базальтамі, утвараецца таксама ў сідэрытавых намнажэннях, каменных вуглях і ў балотных жал. рудах.

Жалеза самароднае ў габра-далерыце.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЦЬЕ́ ((Sabatier) Поль) (5.11.1854, г. Каркасон, Францыя — 14.8.1941),

французскі хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў арган. каталізу. Чл. Парыжскай АН (1913). Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Тулузе (1877). У 1882—1930 у Тулузскім ун-це (з 1884 праф.). Навук. працы пераважна па каталізе Прапанаваў выкарыстоўваць замест высакародных металаў у якасці каталізатараў нікель, медзь, кобальт, жалеза. Адкрыў метады каталітычнага гідрыравання арган. злучэнняў з выкарыстаннем у якасці каталізатараў дробнадысперсных металаў. Увёў у практыку каталізу носьбіты каталізатараў (дробнадысперсных металаў) для павышэння іх устойлівасці. Нобелеўская прэмія 1912.

Тв.:

Рус. пер. — Катализ в органической химии. Л., 1932.

П.Сабацье.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)