ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ,

гідралагічны заказнік у Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане асн. ч. Выганашчанскага балота, якое рэгулюе жыўленне Шчары, Грыўды, Цны і інш. рэк, азёр Выганаўскае і Бабровіцкае. Пл. 43 тыс. га (1996). Уключае тэр. Івацэвіцкага і Целяханскага лясгасаў. Знаходзіцца на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў. Большая ч. тэр.нізінныя і пераходныя палескія балоты. На ўчастках лесу пераважаюць хвоя, бяроза, астраўкамі растуць вольха, асіна, таполя, вярба, дуб, клён і вяз. У флоры каля 250 відаў раслін, у т. л. рэдкія віды: бяроза нізкая, маруна веснавая, цэфалазіела чырванаватая і інш., занесеныя ў Чырв. Кнігу Беларусі каўлінія малая і мякатніца адналістая.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЕ ВО́ЗЕРА

(Lake Superior),

возера ў сістэме Вялікіх азёр Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Найб. глыбокае з Вял. азёр і самае буйное з прэснаводных азёр у свеце. Размешчана на выш. 183 м. Пл. 82,4 тыс. км². Даўж. 613 км, шыр. каля 256 км, глыб. да 393 м. Паўн. берагі скалістыя і высокія, паўднёвыя — пераважна нізінныя і пясчаныя. Буйны в-аў Айл-Роял. Сцёк у воз. Гурон па р. Сент-Мэрыс. У раёне Верхняга возера радовішчы жал. руды і медзі. Верхняе возера — важнае звяно воднага шляху, які злучае ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі з Атлантычным ак. Рыбалоўства. Нац. Паркі Айл-Роял (ЗША), Пукаскуа (Канада). Гал. парты: Дулут, Сьюпірыёр, Ашленд, Маркет (ЗША), Тандэр-Бей (Канада).

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Індыйскага ак. паміж паўастравамі Індастан на У і Аравійскім на З. Абмывае берагі Самалі, Джыбуці, Йемена, Амана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Кувейта, Ірака, Ірана, Пакістана, Індыі. Пл. 4832 тыс. км². Сярэдняя глыб. 2734 м, найб. 5803 м. Берагі высокія, скалістыя, месцамі нізінныя дэльтавыя, парэзаныя залівамі і бухтамі. Найб. залівы: Адэнскі на З (злучаецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам з Чырвоным м.), Аманскі на ПнЗ (злучаецца Армузскім пралівам з Персідскім залівам), Кач і Камбейскі на ПнУ. Найб. а-вы: Сакотра і Лакадыўскія. У Аравійскае мора ўпадае р. Інд. Рэльеф дна выраўнаваны, агульны нахіл з Пн на Пд; на З падводны хр. Мары. Клімат трапічны мусонны. Частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні зімой 22—27 °C летам 23—28 °C. Салёнасць 35,8—36,57 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,1 м). Фауна: дзюгонь, лятучыя рыбы, тунец, меч-рыба, паўд. селядзец, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш. Гал. парты: Бамбей (Індыя), Карачы (Пакістан), Адэн (Йемен).

З.А.Андрыеўская.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕА́РСКІЯ АСТРАВЫ́

(Baleares),

аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у зах. ч. Міжземнага м., за 200 км на У ад Пірэнейскага п-ва. Складаецца з двух вял. астравоў — Мальёрка і Менорка — і архіпелага Пітыузскіх астравоў. Пл. 5 тыс. км². Нас. 709 тыс. чал. (1991), пераважна каталонцы. Адм. ц. і гал. порт — г. Пальма.

У рэльефе пераважаюць нізінныя, узгорыстыя і платопадобныя паверхні, на в-ве Мальёрка горны хрыбет выш. да 1445 м. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, з гарачым сухім летам і вільготнай зімой; ападкаў 400—600 мм за год. Гаі каменнага дубу, алепскай хвоі, зараснікі калючых хмызнякоў (маквіс, гарыга). Пераважае субтрапічная сельская гаспадарка на арашальных землях (вінаграднікі, цытрусавыя, аліўкі, агароднінныя культуры). Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. У гарадах тэкст., гарбарна-абутковыя, харч. (у тым ліку вінаробныя), суднабуд., шкларобныя, дрэваапр. прадпрыемствы. Вытв-сць дываноў. Аэрапорты каля гарадоў Пальма, Маон, Івіса. Аўтамаб. паромы злучаюць Балеарскія астравы з партамі Іспаніі, Францыі і Італіі.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫНГАВА МО́РА,

паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м. Пл. 2315 тыс. км², найб. глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх.нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ

(Victoria),

Вікторыя-Н’янза, Укерэве, возера ва Усх. Афрыцы, на тэр. Танзаніі, Кеніі і Уганды. Размешчана ў тэктанічным прагіне на выш. 1134 м. Пл. 68 тыс. км² (2-е па памерах прэснае возера свету). Даўж. 320 км, шыр. 275 км, найб. глыб. 80 м. Даўжыня берагавой лініі больш за 7 тыс. км; берагі пераважна нізінныя, пясчаныя, парэзаныя залівамі. Шмат астравоў агульнай пл. каля 6 тыс. км² (вял. в-аў Укерэве, а-вы Сесе). У Вікторыю ўпадае мнагаводная р. Кагера, выцякае р. Вікторыя-Ніл. Характэрны штормы. На в-ве Рубонда (Танзанія) нац. парк. Вікторыя — важны ўнутраны рыбапрамысловы раён. У фауне каля 100 відаў, з іх 64 віды эндэмічнага сям. храмісаў (з акунепадобных). Суднаходства. Асн. парты — Джынджа, Энтэбе (Уганда), Букоба, Мванза (Танзанія), Кісуму (Кенія). Возера злучана з узбярэжжам Індыйскага ак. чыгункамі Кісуму — Мамбаса і Мванза — Табора — Дар-эс-Салам. Адкрыта ў 1858 англ. падарожнікам Дж.Спікам. Названа ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮ́СЮ,

востраў на Пд Японіі. Пл. каля 42 тыс. км2. Нас. 13,3 млн. чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУ — Унугр. Японскім м., на 3 — Усх.-Кітайскім м. Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На 3 і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз. каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ЎСКАЕ МО́РА

(стараж.-рус. Суражскае мора),

унутранае мора Атлантычнага ак. на Пд Усх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс. км², аб’ём 0,29 тыс. км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м. Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.

Марскі газавы промысел на Азоўскім моры.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,

група прыродных краін на З і ПдЗ Азіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв. краіны Леванта). Пл. каля 7,5 млн. км2. У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч. тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд. ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.

Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд. ч. Каспійскага м., паўд.-зах. ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён ва ўсх. ч. Беларускай грады на ПдУ Віцебскай і ПнУ Мінскай абласцей. Уваходзіць у Беларуска-Валдайскую правінцыю. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай на Пн, Верхнебярэзінскай ніз. на ПнЗ, Мінскім узв. на З, Цэнтральнабярэзінскай, Аршанска-Магілёўскай і Горацка-Мсціслаўскай раўнінамі на Пд і ПдУ. Выцягнута з З на У на 110 км, з Пн на Пд на 10—60 км. Абс. вышыні ад 150 м над узр. м. (урэз вады ў р. Дняпро) да 265 м (каля в. Янова Сенненскага р-на), пераважаюць 200—250 м. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі ўзнімаецца на 100—127 м. Пл. каля 2,5 тыс. км². Аршанскае ўзвышша — краявое акумулятыўнае ўзвышша лёдападзельнага тыпу сожскага ледавіка, да якога на Пн прымыкаюць невял. краявыя грады паазерскага зледзянення

У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінер. водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышт. фундамента.

У рэльефе Аршанскага ўзвышша вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўн.-ўсх., характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на Пд дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асн. часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля г.п. Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найб. выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка. Т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 630 мм за год. Па Аршанскім узвышшы праходзіць частка водападзелу паміж бас. Балтыйскага і Чорнага мораў, тут пачынаюцца рэкі Усвейка і Абалянка (бас. Зах. Дзвіны), Бобр, Друць і Адроў (бас. Дняпра). Ёсць невял. зарослыя азёры ў западзінах. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя. Лясы мяшана-шыракалістыя, захаваліся на ўзгорыстых і забалочаных участках (каля 20% тэрыторыі). Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы. Лугі б.ч. сухадольныя. Месцамі нізінныя балоты. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі.

М.Я.Камароўскі.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)