Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн.кн. М.К.Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у Нясвіжскім замку (г. Нясвіж, Мінская вобл.) у 1726—36 спачатку як плавільня або ліцейня. Выпускаў гарматы для арміі Радзівіла. Працавала каля 50 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Дзейнічаў у 1598—1864 у г. Нясвіж. Засн. М.К.Радзівілам Сіроткам па волі сваёй памерлай жонкі. Манахам былі перададзены даходы ад шэрагу княжацкіх маёнткаў і зямельныя ўладанні. У пач. 17 ст. пабудаваны касцёл св. Кацярыны і корпус кляштара па праекце італьян. архітэктара Дж.М.Бернардоні. У 1655 і 1793 усе будынкі кляштара разам з касцёлам былі знішчаны пажарам. У пач. 19 ст. касцёл нанава адбудаваны ў класіцыстычным стылі. У 1804 у кляштары было 15 манахаў, навучалася 12 студэнтаў, у б-цы было 1199 кніг. У 1864 кляштар закрыты (перададзены ваен. ведамству). У 1870 касцёл пераабсталяваны пад Георгіеўскую царкву, у 1950-я г. разбураны.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. З карты 1750-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Нясвіжскі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт 7/555
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1586—1773 у Нясвіжы як сярэдняя навучальная ўстанова. Засн. М.К.Радзівілам Сіроткам, які падараваў калегіуму маёнтак Ліпск з 6 вёскамі. У 1584—93 пабудаваны корпус Н.е.к. і пры ім Нясвіжскі касцёл езуітаў. Нясвіжскія езуіты стварылі свае місіі ў Капылі, Крывошыне, Ліпску, Мікалаеве і інш. У 1586 у Н.е.к. адкрыты класы граматыкі, потым — паэтыкі, рыторыкі і інш. Пры калегіуме дзейнічалі: з 1610 муз. бурса, з 1620 канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, з 1627 аптэка, з 1750 Нясвіжская друкарня Радзівілаў. У пач. 17 ст. ў калегіуме было каля 300 вучняў. Яго б-ка ў 1773 налічвала каля 15 тыс. тамоў. Са скасаваннем ордэна езуітаў (1773) калегіум пераўтвораны ў свецкую школу, касцёл — у парафіяльны. Інш. будынкі не захаваліся.
Літ.:
Paszenda J. Kościół Bożego Ciała (pojezuicki) w Nieświeżu // Kwartalnik architektury i urbanistyki. 1976. T. 21, z. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1984 у г. Нясвіж як пед. вучылішча, з 1994 — каледж. Рыхтуе настаўнікаў пач. класаў і настаўнікаў замежнай мовы (ням., англ.) для базавай школы. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч.г.): педагогіка і методыка пач. навучання; замежная мова. Прымаюцца асобы з базавай (тэрмін навучання 3 г. 10 мес.) і сярэдняй (тэрмін навучання 2 г. 10 мес.) адукацыяй. Навучанне дзённае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1672—1877 у г. Нясвіж. Засн. падчашым смаленскім Б.Баканоўскім і кн. М.К.Радзівілам, які, верагодна, выдзеліў месца для пабудовы кляштара. У 1680 асвячоны мураваны 3-нефавы, з 2-вежавым фасадам касцёл Яна Хрысціцеля. Яго скляпенні і сцены былі размаляваны мастаком Ю.К.Гескім (гл.Гескія). У алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Ружанцавай, які лічыўся цудатворным. Да касцёла прымыкаў 2-павярховы мураваны корпус кляштара. Пасля закрыцця ў 1773 Нясвіжскага езуіцкага калегіума дамініканцы ўтрымлівалі пры сваім кляштары гімназічныя школы, пазней павятовыя (зачынены ў 1835). У 1877 скасаваны, касцёл перабудаваны ў правасл. храм. Будынкі кляштара не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст. за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС (школа, акадэмія),
ваенная навуч. ўстанова ў Нясвіжы ў 18 ст. для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі. Засн. 25.5.1747 вял. гетманам ВКЛ М.К.Радзівілам Рыбанькай. На навучанне прымаліся 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся франц., ням., лац., рус. мовы, геаметрыя, матэматыка, цывільная і вайсковая архітэктура, маляванне, айч. права, айч. і агульная гісторыя. Кадэты вучыліся верхавой яздзе, фехтаванню, танцам, павінны былі размаўляць паміж сабой на замежных мовах. Яны неслі вартавую службу. У ліст. 1751 было 13 вучняў. Відаць, корпус заняпаў у 1750-я г. Адроджаны ў 1767 К.С.Радзівілам Пане Каханку. На вучобу прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з гарадоў князя і шляхецкую моладзь (у інш. кадэцкія карпусы прымалі толькі шляхту). Выкладчыкамі працавалі пераважна немцы, а таксама кадэты папярэдніх выпускаў. Корпус месціўся ў Нясвіжскім замку. Кадэты штомесяц атрымлівалі па 24 злотыя. У сярэдзіне 1770-х г. корпус перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1586—1758 пры Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Найб. вядома яго дзейнасць у 18 ст. У 1750-я г. т-рам кіраваў Ю.Катэнбрынг. На лац. і польск. мовах ставіліся п’есы, якія звычайна змяшчалі пралог, асн. сюжэт (да 3 актаў), хоры, інтэрлюдыі, балеты і эпілог. Сярод пастановак панегірык «Відовішчы свету» (1723), драмы «Дух бураў, які выкліканы з віннага склепа сярод пенных чашаў лютасцю тырана» (1730), «Залатая свабода без свабоднай улады царства мудрых» (1732), «Шчаслівыя выгнаннікі Эрэзій і Фруменцый» (1748), трагедыі «Смерць Менсея — вакханалія» (1737), «Сіроэс» (1758) і трагедыя-балет «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» (1755, абедзве Катэнбрынга), камедыя «Дзікі амерыканец, альбо Прастата, якая кіруецца светам прыроджанага розуму» (1758) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларуская тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.