БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СТЫ ЛІК,

цэлы дадатны лік, які перавышае 1 і не мае інш. дзельнікаў акрамя 1 і самога сябе. Напр., 2, 3, 5, 7, 11, ... . Паняцце «П.л.» з’яўляецца асноўным пры вывучэнні падзельнасці натуральных лікаў: любы натуральны лік адназначна раскладаецца на здабытак П.л. Існуе бясконцае мноства П.л. (тэарэма Эўкліда). Для знаходжання П.л. карыстаюцца рэшатам Эратасфена: з табліцы натуральных лікаў выкрэсліваецца 1, лік 2 — П.л. — пакідаецца, выкрэсліваюцца ўсе цотныя лікі, лік 3 (1-ы з нявыкрасленых) будзе простым, далей выкрэсліваюцца лікі, кратныя 3, і г.д.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРМА́ ПРЫ́НЦЫП,

асноўнае палажэнне геаметрычнай оптыкі, паводле якога святло распаўсюджваецца ад аднаго пункта да другога ўздоўж лініі, калі час распаўсюджвання будзе экстрэмальны (найменшы ці найбольшы) у параўнанні з часам распаўсюджвання ўздоўж інш. магчымых ліній, якія злучаюць дадзеныя пункты. Устанавіў П.Ферма. З Ф.п. вынікаюць законы прамалінейнасці распаўсюджвання святла (у аднародным асяроддзі), люстранага адбіцця святла і пераламлення святла. У хвалевай оптыцы Ф.п. — лімітны выпадак Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу пры ўмове, што можна не ўлічваць дыфракцыю святла, а светлавыя прамяні разглядаць як нармалі да хвалевых паверхняў.

т. 16, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,

умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».

У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІМУМУ ЗАКО́Н у аграхіміі,

папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.

У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.​Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІНАКУЛЯ́РНЫ ЗРО́К,

зрок абодвума вокамі і фарміраванне пры гэтым адзінага зрокавага ўспрымання (відарысу) аб’екта. Дае магчымасць вызначыць таксама ўзаемнае размяшчэнне прадметаў у прасторы, зрокава меркаваць аб іх аддаленасці. Пры бінакулярным зроку вочы размешчаны так, што адлюстраванне аб’екта трапляе на ідэнтычныя, сіметрычна размешчаныя ўчасткі сятчаткі абодвух вокаў. Калі адлюстраванне выявіцца на несіметрычных участках, вочы рэфлекторна паварочваюцца, пакуль сіметрыя не будзе дасягнута. Адзнака аддаленасці прадметаў і іх узаемнага размяшчэння адбываецца ў кары галаўнога мозга на аснове аналізу і сінтэзу сукупнасці нерв. імпульсаў, якія зыходзяць з сеткаватых абалонак і вочных мышцаў.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУВЭ́ (Jouvet) Луі (24.12.1887, г. Кразон, Францыя — 16.8.1951),

французскі рэжысёр, акцёр, педагог. Праф. (1934). Сцэн. дзейнасць пачаў у «Тэатр дэз Ар» (1911). Працаваў у т-рах «В’ё каламб’е» (з 1913), «Камедыя Елісейскіх палёў» (з 1922, з 1924 і кіраўнік), «Атэней» (з 1934). Сярод лепшых роляў: Кнок («Кнок» Ж.​Рамэна), Дон Жуан, Тарцюф (аднайм. п’есы Мальера), Меркурый, Гектар («Амфітрыён 38», «Траянскай вайны не будзе» Ж.​Жыраду). Ставіў п’есы тагачасных драматургаў, у якіх узнімаў актуальныя тэмы жыцця грамадства. З 1932 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Гераічная кермеса», «На дне», «Паўночны атэль» і інш.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́СІЯ (лац. cessio),

1) перадача крэдыторам (цэдэнтам) належнага яму права патрабавання другой асобе (цэсіянеру), якая становіцца новым крэдыторам. У адпаведнасці з цывільным правам Рэспублікі Беларусь Ц. магчыма, калі яна не супярэчыць закону або дагавору, а таксама калі перадача права не звязана непасрэдна з асобай крэдытора (напр., нельга ўступіць права на аліменты, на кампенсацыю прычыненай шкоды і да т.п.). Ажыццяўляецца па згодзе цэдэнта з цэсіянерам, што і даводзіцца да.ведама даўжніка, згода якога пры гэтым не патрэбна, бо ён застаецца абавязаным у ранейшым аб’ёме і правамоцны перанесці на новага крэдытора ўсе пярэчанні, што ўзніклі да Ц.

2) У міжнар. праве перадача тэрыторыі адной дзяржавы другой па згодзе паміж імі. Ц. прадугледжвае адпаведную кампенсацыю, якая можа быць выяўлена ў рознай форме. Ц. патрабуе таксама заключэння паміж адпаведнымі дзяржавамі міжнар. дагавора, які будзе адпавядаць усім асн. прынцыпам сучаснага міжнар. права.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 17, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМО́ЎНА-ДАТЭРМІНО́ВАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ АД АДБЫЦЦЯ́ ПАКАРА́ННЯ,

інстытут крымінальнага і крымінальна-выканаўчага права Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае вызваленне асобы ад адбыцця пакарання да сканчэння яго тэрміну. Паводле нормы закона асоба, якая адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчых работ, абмежаванняў па ваен. службе, арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць або пазбаўлення волі, можа быць умоўна-датэрмінова вызвалена ад пакарання, калі судом будзе прызнана, што яна для свайго выпраўлення не адчувае патрэбы ў поўным адбыцці назначанага пакарання. Ўмовы для ўжывання такой меры рэгламентаваны заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ПРАЦЭ́С,

працэс, скорасць распаўсюджвання якога ў абмежаванай сістэме настолькі вялікая, што за час τ распаўсюджвання яго па ўсёй сістэме яе стан не паспявае прыкметна змяніцца.

Пры К.п. змена станаў усіх частак сістэмы адбываецца па адным і тым жа часавым законе практычна без запазнення. Перыядычны працэс з перыядам Т будзе квазістацыянарным пры ўмове T ≫ τ. Гэтай умове адпавядае пераменны ток прамысл. частаты ў ЛЭП даўжынёй, намнога меншай за даўжыню эл.магн. хвалі ў лініі (г. зн. меншай за 6000 км). У такой ЛЭП у кожны момант часу сіла току ўсюды адна і тая ж (гэта квазістацыянарны ток, для якога з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току).

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)