ДАЦЫ́Н,
нафтавае радовішча на ПнУ Кітая, у даліне р. Сунгары, у прав. Хэйлунцзян. Адкрыта ў 1959, распрацоўваецца з 1961. Пачатковыя запасы нафты каля 2 млрд. т. Паклады на глыб. 300—3000 м. Шчыльн. нафты 870 кг/м³. Нафта перапрацоўваецца на з-дзе ў г. Аньда, транспартуецца па нафтаправодах у гарады Далянь, Цыньхуандао і Пекін.
т. 6, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІША́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
Каля г.п. Акцябрскі ў Акцябрскім і Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл. На У мяжуе з Мармавіцкім радовішчам нафты. Пл. каля 40 км². Уваходзіць у Рэчыцка-Вішанскую зону нафтагазанамнажэння на Пн Прыпяцкага прагіну. Паклад нафты ў падсалявых адкладах верхняга дэвону на глыб. да 3000 м. Нафта высакаякасная, маласярністая, маласмалістая, парафінавая, мае ў сабе раствораны газ. Адкрыта ў 1967, распрацоўваецца з 1970.
т. 4, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,
метад неразбуральнага кантролю якасці вырабаў пры прасвечванні іх гама-выпрамяненнем. Заснаваны на залежнасці паглынання пранікальнага выпрамянення ад структуры матэрыялу. Дазваляе выявіць унутр. будову, наяўнасць, канфігурацыю і каардынаты дэфектаў у вырабах таўшчынёй да 250 мм. Вымярэнні праводзяць фотарадыеграфічным (найб. пашыраны), іанізацыйным, тэлевізійным і інш. метадамі. Выкарыстоўваецца ў судна- і авіябудаванні, металургіі, на буд-ве нафта- і газаправодаў і інш. Гл. таксама Дэфектаскапія.
т. 5, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДУ́ШЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Маладуша. Адкрыта ў 1977. Распрацоўваецца з 1982. Паклады нафты пл. 8,8 км² прымеркаваны да падсалявых адкладаў верхняга дэвону на ПнУ Прыпяцкага прагіну ў межах Маладушынскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 3100—3550 м. Пароды-калектары — даламіты з праслоямі вапнякоў, слабагліністыя даламітызаваныя вапнякі. Нафта лёгкая, маласярністая, маласмалістая, парафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАЛА́Н,
горад у Азербайджане, у перадгор’ях Малога Каўказа, за 18 км ад чыг. ст. Герань. 7,9 тыс. ж. (1991). Здабыча нафталанскай лячэбнай нафты. Краязнаўчы музей. Бальнеалагічны курорт. Клімат субтрапічны. Асн. прыродны лек. фактар — нафталанская нафта (нафталан), якую выкарыстоўваюць для нафталаналячэння (у выглядзе мясц. агульных ваннаў, мазяў) пры лячэнні захворванняў органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, скуры і інш. Вял. хваёвы парк.
т. 11, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ЎНУ́ТРАНЫ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
у цэнтр. частцы ЗША, у штатах Канзас, Аклахома, Аява, Небраска, Місуры, Тэхас. Пл. каля 750 тыс. км². Радовішчы нафты адкрыты ў 1860, прамысл. асваенне з 1887. Адкрыта каля 5000 радовішчаў нафты і больш за 1600 газу. Нафтагазаносныя паклады палеазою. Гал. радовішчы: нафтагазаносныя — Аклахома-Сіці, Уэст-Эдманд, Панхандл, Эльдарада, газавыя — Х’югатан, Мокейн-Лаверн. На тэр. басейна сетка нафта-, газа- і прадуктаправодаў.
т. 7, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМАВІ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мармавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 14,5 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых верхнедэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб 2400—2750 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя даламіты. Агульныя запасы нафты 16,5 млн. т. Нафта лёгкая, маласярністая і сярністая, маласмалістая, парафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 10, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Беларусі, каля в. Асташкавічы Светлагорскага р-на Гомельскай вобласці. Адкрыта ў 1965. Распрацоўваецца з 1966. Паклады нафты пл. каля 33 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Шматпластавае, нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2625—3438 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя і трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта высакаякасная, адносіцца да метанава-нафтэнавага тыпу, высокапарафінавая, высокасмалістая, маласярністая.
т. 2, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Левашы. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1988, распрацоўваецца з 1989. Паклады нафты пл. 10 км² прымеркаваны да міжсалявых верхнедэвонскіх адкладаў усх. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2510—2600 м. Пароды-калектары — карбанатныя кавернозна-порыстыя. Агульныя запасы нафты 2115 тыс. т. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, парафінавая.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́ЛЬ (ад лац. magistralis галоўны),
1) асноўная, галоўная лінія, напрамак у сістэме якой-небудзь сеткі (трансп., энергет., воднай, тэлефоннай, каналізацыйнай і інш.). Да М. адносяць найважнейшыя чыгункі (напр., Байкала-Амурская магістраль), аўтамагістралі, нафта- і газаправоды, ЛЭП і інш. Высокія тэхн. параметры, асаблівасці інж. ўладкавання і інфраструктуры М. забяспечваюць значныя аб’ёмы трансп. работ, высокія скорасці руху, мінім. затрымкі.
2) Шырокая і прамая гар. вуліца, звычайна з інтэнсіўным рухам транспарту.
т. 9, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)