рэгуляцыя жыццядзейнасці арганізма жывёл і чалавека або яго асобных сістэм, якая ажыццяўляецца з дапамогай гармонаў; адна з сістэм самарэгуляцыі функцый, цесна звязана з нерв. і гумаральнай сістэмамі рэгуляцыі і каардынацыі функцый. Гармоны выдзяляюцца ў кроў залозамі ўнутр. сакрэцыі, разносяцца па ўсім арганізме і ўплываюць на стан і дзейнасць розных органаў і тканак. Гарманальная рэгуляцыя абмену рэчываў забяспечвае нармальнае функцыянаванне органаў і тканак. Пры ўдзеле гарманальнай рэгуляцыі ў выпадку неабходнасці адбываецца мабілізацыя магчымасцей арганізма. Напр., пры небяспецы і мышачным напружанні ўзмацняецца паступленне ў кроў адрэналіну, які павышае ўзровень цукру ў крыві і павялічвае забеспячэнне крывёй сэрца і мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРКІНЕ́ЗЫ (ад гіпер... + грэч. kenēsis рух),
міжвольныя рухі чалавека без біял. мэтазгоднасці і фізіял. сэнсу. Бываюць пры арган., у т. л. спадчынных, захворваннях ц. н. с. і пры неўрозах. У аснове гіперкінезаў — пашкоджанне нерв. сістэмы: ад кары паўшар’яў вял. мозга да сегментаў спіннога мозга. Да гіперкінезаў адносяць лакальныя і генералізаваныя цікі, харэю, атэтоз, тарсіённую дыстанію, міякланію, дрыжанне, гемібалізм і інш. Спалучаюцца са зменамі мышачнага тонусу; узмацняюцца пры хваляванні і эмацыянальным напружанні, знікаюць у час сну. Бываюць ізаляваныя і ў спалучэннях (цікі і харэя, харэя і атэтоз і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.
Літ.:
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКА́ДНЫ ГЕНЕРА́ТАР,
прылада, якая пераўтварае нізкае пераменнае напружанне ў высокае пастаяннае напружанне. У асобных каскадах пераменнае напружанне выпрамляецца, а выпрамленыя напружанні ўключаюцца паслядоўна. Выкарыстоўваецца ў высакавольтных паскаральніках вял. магутнасці, электратэхніцы, рэнтгенаўскай апаратуры, электроннай мікраскапіі і інш.
Бываюць з паслядоўным і паралельным сілкаваннем, несіметрычныя і сіметрычныя. Колькасць каскадаў абмяжоўваецца падзеннем напружання пад нагрузкай. Сувязь каскадаў з крыніцай сілкавання ажыццяўляецца з дапамогай ёмістасцей або ўзаемнай індукцыі. Сярод ёмістасных генератараў з паслядоўным сілкаваннем найб. пашыраныя К.г. Кокрафта — Уолтана (распрацаваны англ. вучонымі Дж.Кокрафтам і Э.Уолтанам у 1932).
Схемы каскадных генератараў на ёмістасцях: а — з паслядоўным сілкаваннем (C — ёмістасці; B — электрычныя вентылі); б — з паралельным сілкаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОМ,
адзінка электрычнага супраціўлення ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Г.С.Ома. Абазначаецца Ом. Для актыўнага (амічнага) супраціўлення 1 Ом роўны супраціўленню правадніка, у якім працякае ток сілай 1 А пры напружанні на яго канцах 1 В: 1 Ом = 1 В/1 А.
Для рэактыўнага (ёмістаснага і індуктыўнага) супраціўлення Xc = 1/ωC і XL= ωL, дзе C — эл. ёмістасць, L — індуктыўнасць участка эл. ланцуга; 1 Ом = 1 с/Ф і 1 Ом = 1 Гн/с адпаведна. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюць кратныя і дольныя адзінкі: мегом (106Ом) кілаом (103Ом), міліом (10−3Ом), мікраом (10−6Ом) і інш.
А.І.Болсун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.
Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылемэл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.
Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш. Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33∙10−1 — 1,33∙10−5 Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТМА (ад грэч. asthma удушша),
1) бранхіяльная астма — звычайна хранічная алергічная хвароба, якая характарызуецца паўторнымі прыступамі ўдушша з прычыны спазмаў бронхаў і ацёку іх слізістай абалонкі пад уплывам алергенаў. Узнікненню астмы садзейнічае спадчынная схільнасць да алергічных рэакцый. Частата прыступаў удушша ад 1—2 за тыдзень (мяккая форма) да некалькіх за суткі (цяжкая форма), пры зацяжной форме астматычны стан доўжыцца некалькі дзён. Прыступы суправаджаюцца цяжкім са свістам дыханнем, сінюшнасцю твару, набуханнем вен на шыі, пад канец пакашліваннем і выдзяленнем невял. колькасці шклопадобных макрот. Акрамя імуналагічнай астма можа мець неімуналагічную аснову, калі яе прыступы развіваюцца пры зменах надвор’я, ахаладжэнні, фіз.напружанні, вегетатыўна-рэфлекторным дысбалансе, ужыванні нестэроідных процізапаленчых лек. сродкаў (напр., аспірыну). Ускладненні: эмфізема лёгкіх, разрастанне злучальнай тканкі вакол бронхаў, змены мышцаў правага жалудачка сэрца і як вынік сардэчная недастатковасць. Лячэнне медыкаментознае, інгаляцыямі аэразоляў.
2) Сардэчная астма — прыступы рэзкай задышкі (удушша), абумоўленыя вострай недастатковасцю функцыі левага жалудачка сэрца. Развіваецца пры гіпертанічнай хваробе, інфаркце міякарда, пароках сэрца, хранічных нефрытах і інш. Доўжыцца ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін (магчымы ацёк лёгкіх). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКТАСКО́П (ад дэфект + ...скоп),
прылада або ўстаноўка для выяўлення дэфектаў (тыпу парушэнняў суцэльнасці ці аднароднасці, адхіленняў у хім. саставе) у матэрыялах, паўфабрыкатах і вырабах метадамі неразбуральнага кантролю. Стацыянарныя і лабараторныя Д. абсталёўваюць асцылаграфічнымі і лічбавымі індыкатарамі, самапіснымі прыстасаваннямі; пераносныя — стрэлачнымі прыладамі, гукавымі або асвятляльнымі сігналізатарамі. Існуюць Д., якія кантралююць рухомыя вырабы або самі рухаюцца адносна вырабаў (рэйкавыя Д., Д.-цялежкі і інш.).
Адрозніваюць Д.: ультрагукавыя (выкарыстоўваюць уласцівасць ультрагукавых хваль адбівацца ад дэфектаў, напр., трэшчын); рэнтгенаўскія і гама-Д. (прасвечваюць вырабы і матэрыялы адпаведнымі прамянямі, фіксуюць трэшчыны, ракавіны, пабочныя ўключэнні); магнітныя (з дапамогай магн. поля збіраюць магн. парашок або суспензію ў месцах дэфектаў); электраіндуктыўныя (узбуджаюць у вырабе або матэрыяле віхравыя токі, сіла і шчыльнасць якіх залежаць ад наяўнасці дэфектаў); люмінесцэнтныя (выяўляюць парушэнні пакрыццяў на дэталях электронных прылад); аптычныя (устаноўкі з прасветным экранам для візуальнага кантролю або сістэмай аўтам. аналізу відарысу; выяўляюць мікрашчыліны, мех.напружанні, адшчэпы, драпіны, скопішчы дыслакацый па змене інтэнсіўнасці адбітых прамянёў) і інш.Гл. таксама Дэфектаскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
прыстасаванне для электраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.
І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш. Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.
У.М.Сацута.
Асноўныя тыпы ізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,
устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.
У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл.Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл.Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл.Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.
Літ.:
Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;
Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.