1) старажытны духавы амбушурны муз. інструмент, пашыраны ў Скандынавіі з 1-га тыс.н.э. Вырабляўся з бронзы. Уяўляў сабой канічную выгнутую трубку, на адным канцы якой плоскі талеркападобны раструб, на другім — невял. муштук. Пры археал. раскопках на зах. узбярэжжы Балтыйскага м. знойдзена 30 экз.Л., форма якіх нагадвае правы ці левы бівень маманта.
2) Скандынаўскі духавы муз. інструмент — абгорнутая карой драўляная трубка (даўж. каля 1 м) без муштука і ігравых адтулін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАНЖЫРО́ЎКА (франц. arranger літар. прыводзіць у парадак),
1) пералажэнне муз. твора для інш. складу выканаўцаў або для выканання на іншым, чым прадугледжана арыгіналам, інструменце (інструментах). Існуюць пералажэнні опер, сімфоній, камерных ансамбляў для фартэпіяна, радзей вакальных і інстр. твораў для аркестра.
2) Палегчанае пералажэнне муз. твора для выканання на тым самым інструменце.
3) У джазавай музыцы аранжыроўка, як правіла, элемент імправізацыі. Пад аранжыроўку для аркестра разумеюць апрацоўку муз. тэматызму, зафіксаваную ў нотным тэксце. Для невял. ансамбляў характэрна «вусная» аранжыроўка, без нотнага запісу, заснаваная на імгненнай каардынацыі намаганняў асобных выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЛА, кляпайла,
старажытны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Мае выгляд прадаўгаватай драўлянай або метал. пласціны розных памераў. Вял. біла падвешваюць да слупа («білніцы»), малое трымаюць у руцэ. Пры ўдарах па біле палкай або малатком узнікае паслядоўнасць гукаў рознай тэмбравай афарбоўкі (рэзкай сухаватай у драўляных, працяглай гулкай у металічных) і рытмічнай арганізацыі, часам з прыкметным вышынным адхіленнем і фразіроўкай. Пашырана ў многіх народаў свету (славянскіх, фіна-угорскіх, азіяцкіх). З 1-га тыс. вядомы як сігнальны інструмент: выкарыстоўваецца і цяпер у хрысц.царк. практыцы, старажоўстве, вясковым і гар. побыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗГО́ТКІ, бразгуны, бразгаўкі,
агульная назва многіх нар. інструментаў класа ідыяфонаў: шархуноў, званкоў, талерачак (састаўных частак бубна), трашчотак і ўласна бразготак. Уласна бразготкі напачатку служылі дзіцячай цацкай, выкарыстоўваліся як сігнальны інструмент у начным старажоўстве. Маюць выгляд драўлянага корпуса з ручкай. Унутры корпуса на прымацаванай да яго адным канцом нітцы нанізана жменя высушанага насення бабовых. На Беларусі пашыраны таксама ў выглядзе звычайнай скрыначкі з некалькімі каменьчыкамі або невял. шарыкамі ўнутры, замацаванымі пасярэдзіне свабодна нацягнутай ніткай. У наш час вядомы як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЭ́ТЛЯ (польск. basetla),
басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар.інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДО́Н (франц. bourdon літар. густы бас),
1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж. формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).
2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКЕ́СТР НАРО́ДНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ,
тып аркестра, нацыянальна спецыфічны паводле складу муз. інструментаў, характару гучання і спалучэння традыцый нар. інструменталізму і сімф. культуры. Першы аркестр народных інструментаў створаны ў 1896 В.Андрэевым (Велікарускі аркестр). У 1930-я г. на яго ўзор арганізаваны аркестры ў Арменіі, Казахстане, Узбекістане і інш. У 1930 пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча. Прафесіяналізацыя аркестра народных інструментаў абумовіла ўдасканаленне і ўтварэнне сем’яў тых інструментаў, якія склалі аснову іх пэўных нац. разнавіднасцяў (напр., бел. цымбалаў), пабудову аркестраў на ўзор сімфанічнага (падзел інструментаў на групы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОМ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 20.12.1951, в. Сямурадцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. дзеяч самадзейнага мастацтва. Засл. работнік культ. Беларусі (1986). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1971), Мінскі ін-т культуры (1986). З 1982 арганізатар і маст. кіраўнік фалькл. ансамбля «Крупіцкія музыкі». Збірае для патрэб калектыву бел.нар.муз. інструменты (валодае ігрой на гармоніку, дудцы, жалейцы, дудзе, акарыне і інш.), робіць фаназапісы ўзораў фалькл. песеннай і інстр. творчасці, аранжыроўкі найгрышаў, папаўняе рэпертуар творамі кампазітараў 18—19 ст. (М.К.Агінскі, М.Ельскі, В.Казлоўскі, А.Абрамовіч і інш.). Прэмія 1996 у галіне нар. творчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАЛО́ГІЯ,
навуковая дысцыпліна, якая вывучае муз. інструменты — іх канструкцыю, форму, матэрыял, спосабы вырабу і рэканструкцыі, акустычна-тэмбравыя якасці, выканальніцкія магчымасці, грамадскае і маст. выкарыстанне, адлюстраванне ў літ. і выяўл. помніках. Тэрмін «арганалогія» прапанаваны Н. Бесарабавым у 1941 для вылучэння навук. і тэхн. аспектаў даследавання муз. інструментаў з больш шырокага вывучэння музыкі. Сучасная арганалогія (паводле славацкага даследчыка О.Эльшака) уключае субдысцыпліны: сістэматычную (тэарэтычную) арганалогію, тэхнічную арганалогію (эргалогію і тэхналогію), арганаакустыку, арганасацыялогію і гісторыю інструментаў, палеаарганалогію (ацэнка археал. адкрыццяў і інш. доказаў існавання старадаўніх інструментаў), арганаіканаграфію (выяўл. крыніцы) і этнаарганалогію (вывучэнне традыц.муз. інструментаў розных народаў). З пач. 20 ст. ў арганалогіі выяўляецца тэндэнцыя да інтэграцыі і адзінства сістэматычнага, гіст. і антрапалагічнага аспектаў, пераважна ў працах К.Закса (Германія; 1910—30-я г.) і Э.М. фон Хорнбастэля (Аўстрыя), якія распрацавалі сучасную класіфікацыю муз. інструментаў. Развіццю арганалогіі садзейнічаюць міжнар. інструментазнаўчыя арганізацыі, спецыялізаваныя музеі (Брусель, Стакгольм, Парыж), арганалагічныя школы (у Германіі, Швецыі), даследаванні і публікацыі арганолагаў (Эльшак, Ю.Страйнар, І.Мачак, Я.Станшэўскі, І.Мацыеўскі). На Беларусі распрацоўкай праблем этнаарганалогіі ў кантэксце нар. культуры і сувязі муз. інструмента і музыкі займаецца І.Назіна.
Яе ж. Белорусские народные музыкальные ннструменты: Струнные. Мн., 1982;
Bessaraboff N. Ancient European musical instruments. Boston. 1941;
Nettl B. Theory and method in ethnomusicology. New York, 1964;
Elschek O. Instrumenty muzyczne jako przedmiot badań historycznych i antropologicznych (przyczynek do koncepcji instrumentologii) // Muzyka. 1974. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГО́ЛЬНІК,
ударны музычны інструмент высокага рэгістра класа ідыяфонаў. Мае выгляд раўнабедранага трохвугольніка са стальнога прэнта (дыяметр каля 10 мм), незамкнёнага ў адным з вуглоў. Пры ўдары па вугольніку тонкім стальным цвіком ці палачкай ад малога барабана ўзнікае гук неакрэсленай вышыні, адрывісты або трэмалюючы, звонкі, празрысты, пяшчотнага тэмбру. Вугольнік вядомы з 16 ст., з 18 ст. выкарыстоўваецца ў аркестрах (спачатку ў ваенным, пазней у сімф.). У бел.нар.муз. практыцы пашыраны як рытмічна-каларыстычны інструмент у ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам пры выкананні танцаў, вясельных маршаў. Быў найб. вядомы на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у некаторых раёнах Міншчыны і Гродзеншчыны. Зараз сустракаецца рэдка.