часовае збудаванне для пераправы войск, тэхнікі і вайск. грузаў цераз перашкоды (раку, канал, роў і інш.). Узводзяць у ходзе баявых дзеянняў сіламі мостабуд. часцей з дапамогай спец. машын і механізмаў на шляхах руху, манеўраў, падвозу ці эвакуацыі. Паводле прызначэння М.в. бываюць аўтадарожныя, чыг., пешаходныя, сумяшчальныя; паводле канструкцыі — высака-, нізка- і падводныя, на жорсткіх апорах, зборна-разборныя шматразовага выкарыстання, камбінаваныя, механізаваныя, наплаўныя масты і інш.
Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напр., у 5 ст. да н.э. наплаўныя масты пабудаваны персамі цераз праліў Басфор і р. Дунай у час вайны са скіфамі; у 1 ст. да н.э. мост на палях даўж. 600 м цераз р. Рэйн узведзены ў час паходу Юлія Цэзара на германцаў. Першы ў Кіеўскай Русі М.в. ў 12 ст. будавалі цераз р. Дняпро; у 14—17 ст. такія масты наладжвалі цераз Нёман, Зах. Дзвіну і інш. ў час войнаў, якія вяліся ў ВКЛ. У пач. 17 ст. ў нідэрландскай арміі з’явіліся пантонныя паркі (гл. таксама Пантон), у Расіі — у 18 ст.; шырока выкарыстоўваліся ў час вайны 1812 франц. і рас. войскамі, у т. л. на тэр. Беларусі. Хуткае ўзвядзенне 26 11.1812 двух М.в. (даўж. каля 110 м, шырыня больш за 3,5 м) цераз р. Бярэзіну дазволіла Напалеону пазбегнуць поўнага знішчэння ўсёй арміі, выратаваць гвардыю і значную частку баяздольных войск. У 1-ю сусв. вайну ў англ. арміі ствараліся спец. масты для праходу танкаў на полі бою. У 2-ю сусв. вайну сав. войскі будавалі пераважна наплаўныя і нізкаводныя, для пераадолення шырокіх рэк (Дняпро, Нёман, Вісла і інш.) наводзілі камбінаваныя і высакаводныя масты.
У 2-й пал. 20 ст. атрымалі развіццё маставыя і мостабуд. сродкі, прызначаныя для ўзвядзення М.в. ў сціслыя тэрміны.
Да арт.Мост ваенны. Навядзенне пантоннага моста цераз р. Нёман у час вучэнняў. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́НЕР (Skinner) Берэс Фрэдэрык (20.3.1904, г. Саскуэхана, ЗША — 18.8.1990),
амерыканскі псіхолаг і філосаф; прадстаўнік біхевіярызму. Чл.Нац.АН ЗША Д-р філасофіі (1931), праф. (1948). Скончыў Гамільтонскі каледж (1926). На аснове даследаванняў паводзін жывёл распрацаваў канцэпцыю аперантнага (ад «аперацыя») абумоўлівання, якое прынцыпова адрозніваў ад умоўна-рэфлекторнага. Сцвярджаў, што прынятая прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму (Дж.Уотсан і інш.) і неабіхевіярызму (Э.Толмен, К.Хал) схема «стымул—рэакцыя» не ўлічвае ўплыву рэакцыі на паводзіны («Паводзіны арганізмаў», 1938). Лічыў, што арганізм набывае новыя рэакцыі, таму што сам заахвочвае (падмацоўвае) іх, і толькі пасля гэтага знешні стымул выклікае рэакцыю. Кожная рэакцыя, на яго думку, заснавана на папярэднім вопыце і генетычным кодзе, а ўсе паводзіны можна расцэньваць як абумоўленае спалучэнне пазітыўных і негатыўных стымулаў (напр., ежа, увага, голад, боль, пахвала, прыніжэнне). Паводле С., у грамадстве не можа быць незалежнага «аўтаномнага чалавека», бо паводзіны індывіда абумоўлівае і кантралюе сац. асяроддзе праз сац. ін-ты, звычаі, мову, сродкі камунікацыі і г.д. Альтэрнатывай такому ўздзеянню лічыў сац. формы супольнасцей, члены якіх павінны быць інтэграваны ў сістэму пазітыўнага псіхал. падмацавання (узаемавыгадныя, справядлівыя адносіны індывідаў адзін да аднаго ў працэсе зносін), у выніку чаго адпадае неабходнасць у рэпрэсіўных ін-тах («Па той бок свабоды і годнасці», 1971). Гэтая канцэпцыя атрымала назву сац. біхевіярызму. Працы С. заклалі псіхал. і метадалагічныя асновы сучаснага праграмаванага навучання, якое ён разглядаў як «паслядоўнае навядзенне» на патрэбную рэакцыю («Тэхналогія навучання», 1968). Аўтар прац «Навука і паводзіны чалавека» (1953), «Пра біхевіярызм» (1974), «Аўтабіяграфіі» (т. 1—2, 1976), рамана-утопіі «Уолдэн-2» (1948) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Наука об учении и искусство обучения // Программированное обучение за рубежом. М., 1968;
Оперантное поведение // История зарубежной психологии, 30—60-е гг. XX в.: Тексты. М., 1986.
Літ.:
Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. М., 1971;
Кондрашенк о В.Т., Донской Д.И. Общая психотерапия. 2 изд. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАПУ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
від узброеных сіл, прызначаны для вядзення баявых дзеянняў на сушы. У большасці дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, С.в. з’яўляюцца найб. шматлікім, разнастайным па ўзбраенні і спосабах баявых дзеянняў відам узбр. сіл.
У стараж. часы С.в. складаліся з пяхоты і кавалерыі. Значнае развіццё С.в. атрымалі ў Стараж. Рыме (створаны легіёны, маніпулы, цэнтурыі, кагорты і інш.). У 8—14 ст. у краінах Еўропы гал. родам С.в. была конніца (гл.Рыцарскае войска). З 14 ст. ўзрастала роля пяхоты як асн. роду С.в., з’явілася артылерыя. У 17 — пач. 18 ст. ў большасці еўрап. дзяржаў створаны інж. часці і злучэнні, у т. л. ў ВКЛ Корпус інжынераў (1789), у сярэдзіне 19 ст. — войскі сувязі. У 1-ю сусв. вайну С.в. складалі асн. масу ўзбр. сіл еўрап. краін; яны мелі на ўзбраенні магазінныя вінтоўкі са штыком, станковыя і ручныя кулямёты, скарастрэльныя гарматы, мінамёты, бронеаўтамабілі, з 1916 — танкі (гл.Танкавыя войскі) і інш. Войскі былі аб’яднаны ў арміі, у склад якіх уваходзілі карпусы і дывізіі. У канцы вайны С.в. папоўніліся бранятанкавымі, хім., аўтамабільнымі войскамі і войскамі проціпаветранай абароны. У 2-ю сусв. вайну С.в. колькасна пераўзыходзілі інш. віды войск (у СССР складалі каля 80% асабовага складу ўзбр. сіл); бранятанк. і механізаваныя войскі сталі гал. ударнай сілай С.в. Пасля вайны павялічвалася роля ракетнай зброі, сродкаў ППА і інш. У 2-й пал. 20 ст. С.в. некат. краін аснашчаны ядз. зброяй.
Сучасныя С.в. развіваюцца на базе найноўшай ваен. тэхнікі і дасягненняў ваен. навукі. Найб. шматлікія і падрыхтаваныя С.в. маюць краіны НАТО, Кітай, Расія і інш. У склад С.в. Рэспублікі Беларусь уваходзяць мотастралковыя войскі, мабільныя сілы, ракетныя войскі і артылерыя, войскі ППА С.в. (род войск), а таксама часці і падраздзяленні спец. войск (развед., інж., хім., сувязі, радыёэлектроннай барацьбы і інш.), тэхн. і тылавога забеспячэння. Арганізацыйна складаюцца з асобных механізаваных брыгад, брыгад мабільных сіл і інш. злучэнняў (часцей), якія ўваходзяць у склад адпаведнага аператыўнага камандавання (Заходняга і Паўночна-Заходняга). Камандаванню С.в. таксама падначалены падраздзяленні тэр. абароны, спец. аперацый і інш.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;
Павловский И.Г. Сухопутные войска. М., 1977;
Боевая летопись белорусских полков. Мн., 1994;
Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983;
Коломоец Ф. Сколько «штыков» должна иметь белорусская армия // Армия. 1996. № 1.
Ю.В.Партноў, С.М.Абрамаў.
Да арт.Сухапутныя войскі: 1 — танкавае падраздзяленне на маршы; 2 — агонь вядзе разлік процітанкавай гарматы; 3 — навядзенне пантоннага моста; 4 — воіны інжынерных войск рыхтуюць да запуску зарад з устаноўкі размініравання УР-83П.