Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490), кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́РЫ,
саюз качавых мангола- і цюркамоўных плямёнаў. Паходжанне дакладна не вядома. У сярэдзіне 6 ст. авары ўварваліся з Азіі ў стэпы Зах. Прыкаспія, Паўн. Прычарнамор’е, на землі па Дунаі і на Балканы. Пасля разгрому гепідаў і міграцыі лангабардаў у Італію занялі тэр.Паноніі, дзе да 568 утварылі сваё дзярж. аб’яднанне — Аварскі каганат. На чале яго стаяў каган, якому падначальваліся ў ваен. адносінах плямёны. Авары чынілі набегі на Візантыю (581), франкаў (571 і 596), Ламбардыю (610) і інш.Найб. магутнасці каганат дасягнуў у час праўлення хана Баяна (п. 630). У 2-й пал. 8 ст. ў авараў шукалі дапамогі і саюзу саксонцы і баварцы супраць Карла Вялікага. У войнах з франкамі (791—803) Аварскі каганат быў знішчаны, пасля 822 звесткі пра авараў знікаюць з гісторыі. У рус. летапісах авараў называлі обрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖЫЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш. посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НЫ (ад сканд. northman паўночны чалавек),
агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн. Францыі, дзе засн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзе засн.Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІЯ ПАХО́ДЫ 1545—52,
ваенныя дзеянні, у т. л. прэвентыўныя, рус. войск супраць Казанскага ханства, якое праводзіла ў адносінах да Расіі агрэсіўную палітыку: рабіла пастаянныя рабаўнічыя набегі, закрывала волжскі гандл. шлях; у сярэдзіне 16 ст. ў Казані ўтрымлівалася каля 100 тыс.рус. нявольнікаў. Паход 1545 меў характар ваен. дэманстрацыі, паходы 1547—48 і 1549—50 былі безвыніковыя. Апошні паход 1552 быў добра падрыхтаваны ў дыпламат., ваен. і матэрыяльных адносінах. Яшчэ ў 1551 паводле загаду цара Івана IV Грознага рус. майстры пабудавалі за 30 км ад Казані апорную базу — крэпасць Свіяжск, куды былі загадзя завезены асадная артылерыя, боепрыпасы і харчаванне. 16 чэрв.рус. войскі на чале з царом выступілі з Масквы. 24 чэрв. яны разбілі каля Тулы войска крымскага хана Дэўлет-Гірэя, узмоцненае атрадам тур. янычараў, потым накіраваліся да Казані і ў жн. асадзілі яе. Іван IV сканцэнтраваў вакол Казані каля 150 тыс. воінаў, 150 гармат. Рус. войскі бамбардзіравалі горад з цяжкіх гармат, з дапамогаю мінных падкопаў разбуралі яго ўмацаванні. 2.10.1552 Казань узята штурмам; Казанскае ханства спыніла існаванне і было далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́НЫ (грэч. Hunnoi, лац. Chunni, Hunni),
качавы народ, які склаўся ў 2 — 4 ст. у Прыураллі з мясц. уграў і сарматаў і цюркскамоўных хуну, што прыйшлі ў 2 ст. з Цэнтр. Азіі. У 370-х г. гуны пачалі прасоўвацца на З, што дало штуршок Вялікаму перасяленню народаў. Яны скарылі аланаўПаўн. Каўказа і ў 375 разграмілі готаў у Паўн. Прычарнамор’і. У пач. 5 ст. асталяваліся ў Паноніі і рабілі набегі на Усх.Рым. імперыю. Да сярэдзіны 5 ст. гуны — саюзнікі Зах.Рым. імперыі ў барацьбе супраць герм. плямён. Падначалілі остготаў, герулаў, гепідаў і інш., склаўся т.зв. гунскі саюз плямён, які дасягнуў найб. магутнасці пры Атыле [434—453]. У 451 гуны з саюзнікамі ўварваліся ў Галію, але былі разбіты на Каталаунскіх палях. Пасля смерці Атылы з-за паўстанняў герм. плямён гунскі саюз распаўся: у 455 у бітве з імі на р. Недао (Панонія) гуны разбіты і падаліся ў Прычарнамор’е. У 469 намагаліся прарвацца на Балканы. Пазней гуны як народ зніклі, але іх імем доўгі час называлі розных качэўнікаў Прычарнамор’я.
В.С.Пазднякоў.
Да арт.Гуны. Гунскі меч з залатым дзяржаннем 4—5 ст. з раскопак на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1507—08,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У лют. 1507 віленскі сейм прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у папярэдніх войнах. У крас. 1507 конныя маскоўскія палкі ўчынілі набегі на Полацк і Смаленск; у ліст. 1507 яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне ВКЛ, рус. войскі вярнуліся ў свае землі. Другі этап вайны звязаны з Глінскіх мяцяжом 1508. Сабраўшы каля 2 тыс.чал., М.Л.Глінскі заняў Тураў і Мазыр, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады. Вял. князь маскоўскі Васіль III накіраваў пад Слуцк на дапамогу Глінскаму войска на чале з В.І.Шамячычам, а палкі Д.Шчэні і Я.Захар’іна — на Смаленск, трэцюю групу войска — на Полацк. Шамячыч і Глінскі аблажылі Мінск, рабілі рэйды аж да Слоніма. Паспалітае рушэнне ВКЛ, аб’яднаўшыся з польск. войскам (усяго 15—16 тыс.чал.), пад камандаваннем К.І.Астрожскага прымусіла Шамячыча і Глінскага адступіць, а маскоўскае войска — зняць аблогу Оршы. Асобныя атрады ВКЛ напалі на Северскую зямлю, занялі Дарагабуж і Таропец. Маскоўскія ваяводы неўзабаве зноў вярнулі гэтыя гарады. Вайна скончылася безвынікова. Пагадненне аб чарговым «вечным міры» замацавала паміж дзяржавамі ранейшыя межы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г.Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл.Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.
Літ.:
Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;
Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;
Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Channel Islands),
група астравоў у праліве Ла-Манш, каля ўзбярэжжа Нармандыі; у складзе Вялікабрытаніі. Нас. 133 тыс.ж. (1991). Пл. 196 км². Асн. а-вы: Гернсі і Джэрсі. Выш. да 148 м. Лугі. Агародніцтва, кветкаводства (пераважна ў цяпліцах). Рыбалоўства. На Н.а. выведзены гернзейская і джэрсейская пароды буйн. раг. жывёлы. Кліматычныя курорты. Порт Сент-Хеліер — буйны банкаўскі цэнтр (на в-ве Джэрсі). Падзяляюцца на 2 акругі, у якіх брыт. манархію прадстаўляе нам. губернатара. Пытанні міжнар. палітыкі і абароны ў кампетэнцыі брытанскіх, а адм., судовыя, гасп. і фін. — мясц. улад. Іх узначальваюць прызначаныя манархам чыноўнікі — байліфы. Н.а. маюць свой акр. парламент.
У старажытнасці населены галамі. У 1 ст.н.э. заваяваны рымлянамі. З канца 8 ст. на астравы пачаліся набегінарманаў. У 933 іх правадыр Ралон далучыў Н.а. да герцагства Нармандыя, якое ў 1066 аб’яднана Вільгельмам 1 Заваёўнікам з Англіяй (гл.Нарманскае заваяванне Англіі 1066). Пасля адваявання Нармандыі Францыяй з 1204 астравы засталіся брыт. уладаннем. У 1336 іх беспаспяхова імкнуўся заваяваць шатл. кароль Роберт Брус. Рэфармацыя, якая прыйшла сюды з Францыі, перамагла ў форме кальвінізму (прэсвітэрыянства), з 17 ст. пашырылася англіканства. У 19 ст. гандаль і турызм садзейнічалі хуткаму развіццю Н.а. У 1852—70 тут жыў В.Гюго. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны (1940) ням. войскамі, якія стварылі тут ваен. ўмацаванні, т. зв. Заходні вал. Вызвалены брыт. войскамі 9.5.1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,
бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл.Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн.Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс.чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б.ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс.чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).