помнік архітэктуры рэнесансу ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1599—1605 на месцы драўлянага касцёла 1587, фундаванага М.К.Радзівілам Сіроткам і асвячонага Ю.Радзівілам. У 1605 новы мураваны касцёл асвячоны Б.Войнам. Ў 1710 касцёл адноўлены, узведзены мураваны алтар у стылі барока, адліты вял. звон у гонар перамогі над шведамі ў Паўн. вайне 1700—21. Пры касцёле існавалі школа і шпіталь св. Шкаплера (засн. Радзівілам Сіроткам у 1610), мураваная 2-павярховая плябанія (1609—1880). У 1865 касцёл прыстасаваны пад царкву. Храм — мураваная 3-нефавая 3-вежавая базіліка. Цэнтр. неф з паўкруглым прэсбітэрыем раней завяршаўся на гал. фасадзе вял. квадратнай у плане 4-яруснай вежай з шатровым дахам (захаваліся 2 ніжнія ярусы). Бакавыя нефы на гал. фасадзе завершаны круглымі ў плане вежачкамі з вітымі ўсходамі, з боку алтарнай ч. — закругленымі ў плане сакрысціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб’ёмы, што нагадваюць трансепт. На бакавых фасадах высокія аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Пад будынкам крыпта-пахавальня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1944,
бой партыз. брыгады імя Жукава і «Камсамолец» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Мір 22 сак. ў Вял.Айч. вайну. План ліквідацыі гарнізона, які налічваў 150 гітлераўцаў, распрацаваны камандаваннем брыгады імя Жукава. Кіраваў боем У.З.Царук. Выведаўшы пароль аховы гарнізона, партызаны ў ноч на 22 сак. праніклі ў цэнтр пасёлка, блакіравалі казарму, разграмілі ўсе ўстановы гарнізона. Байцы атрадаў імя Суворава і імя Ракасоўскага, якія знаходзіліся ў засадах, знішчылі каля 2 км лініі тэлегр.-тэлеф. сувязі. На досвітку партызаны пакінулі пасёлак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.І.Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл.Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.Н.Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.І.Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.Святаполк-Мірскім. У Вял.Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.Атас, С.Верамейчык, В.Калнін, навук. супрацоўнікі А.Трусаў, Л.Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.Ядкоўскі (1912), М.Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац.маст. музея Беларусі. Парк (т.зв.італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).
Літ.:
Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР,
гарадскі пасёлак у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Міранка. За 26 км ад Карэліч, 211 км ад Гродна, 17 км ад чыг. станцыі Гарадзея на лініі Мінск — Баранавічы, на аўтадарозе Навагрудак — Мінск. 2,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў гіст. крыніцах пад 1395. З 1486 належаў Іллінічам. З 15 ст.наз. горадам. Каля 1510 быў пабудаваны замак. З 1555 цэнтр Мірскага графства. Пасля 1568 перайшоў да сваякоў Іллінічаў — кн. Радзівілаў. З 1589 у складзе іх Нясвіжскай ардынацыі як асобнае графства. З 1579 карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 17 ст. важны цэнтр рамяства і гандлю, у 18 ст. дзейнічалі палатняныя і суконныя мануфактуры. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У вайну 1812 каля М. адбыліся Мірскі бой 1812 (9—10 ліп.) і бой 10—11 лістапада. У 1828 у выніку дынастычнага шлюбу перайшоў да кн. Вітгенштэйнаў, з 2-й пал. 19 ст. ўласнасць кн. Святаполк-Мірскіх (гл.Мірскія). У 1886 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1897—5401 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Мірскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне больш за 2560 чал. Дзейнічала Мірскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Адбыўся Мірскі бой 1944. З 1956 у Карэліцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. (спіртзавод, птушкафабрыка) прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мірскі замкава-паркавы комплекс (16 ст.), Мірскі Мікалаеўскі касцёл (1605), Мірская Троіцкая царква (1533—50). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Мірская кераміка).
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Яўген Калістратавіч) (н. 7.5.1937, г. Ярцава Смаленскай вобл., Расія),
бел. жывапісец. Скончыў Рыжскае маст. вучылішча (1958), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Выкладаў у віцебскіх пед. і тэхнал. лёгкай прам-сці (1964—73) ін-тах. Творам уласцівы лірычная ўсхваляванасць, кампазіцыйная цэласнасць, экспрэсіўны характар пластычнай мадэліроўкі формы. Аўтар тэматычных кампазіцый («Уз’яднанне беларускіх партызан з войскамі Чырвонай Арміі», 1981), партрэтаў («Наддзвінскі дудар Арцём Вярыга-Дарэўскі», 1979; П.І.Чайкоўскага і М.П.Мусаргскага, 1983), пейзажаў («Камчатка», 1970; «Лучоса» і «Віцебск», абодва 1981; «Браслаўскі матыў», 1990), нацюрмортаў («Белыя гарлачыкі», 1982; «Нацюрморт з грыбамі», 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЧЫ́НСКІ (Леанід Васілевіч) (17.3.1936, Мінск — 16.9.1994),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). З 1962 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах партрэта і пейзажа, ствараў абстрактныя кампазіцыі. Зазнаў уплывы мадэрнісцкага мастацтва пач. 20 ст. Творчасць вызначаецца імкненнем да перадачы ўнутр. свету чалавека сродкамі каларыту, танальнай атмасферы, праз характар пейзажа. Сярод твораў: «Пільніца» (1956), «Веснавая раніца» (1957—58), «Зваршчык» (1961), «Мірскі замак» (1963), «Партрэт жанчыны» (1964), «Жыровічы», «Наваградак» (абодва 1965), партрэт А.Кашкурэвіча (1973), «Пейзаж з ратондай», «Раніца» (абодва 1975), «Верхні горад», «Вуліца Старавіленская» (абодва 1979), «Вечар» (1980), «Дарога праз Баяры» (1987), «Веснавы дзень» (1991), «Прывакзальная плошча» (1994), цыкл «Дойлідства Беларусі» (1970-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІЯ, Святаполк-Мірскія,
шляхецкі род герба «Бялыня» змененая ў ВКЛ, княжацкі род у Рас. імперыі. Вядомы з 16 ст., з 18 ст. выводзілі сябе ад Святаполка, сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра (адсюль 1-я частка прозвішча). Лічылі сябе стараж. ўладальнікамі Міра. Княжацкі тытул зацверджаны ў Польшчы ў 1821, у Расіі — у 1861. Найб. вядомыя:
Рыгор (?—20.3.1661), ваенны дзеяч, стражнік ВКЛ з 1635. Удзельнічаў у паходах на Малдову супраць туркаў, у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Адзін з кіраўнікоў войска ВКЛ, якое змагалася супраць укр. казакоў на Пд і У Беларусі ў 1648—51. 9.10.1648 заняў Пінск, удзельнічаў ва ўзяцці Бабруйска (гл.Бабруйска абарона 1649), у Лоеўскай бітве 1649, Лоеўскай бітве 1651. Пад камандаваннем Я.Радзівіла ўдзельнічаў у кампаніі 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Падпісаў Кейданскі дагавор 1655. Багуслаў (? — пасля 1800), браслаўскі войскі з 1775, падкаморы з 1777. Пасол на сеймы 1776—86, Чатырохгадовы сейм 1788—92, належаў да рэфарматараў. Удзельнік паўстання 1794, арганізаваў паўстанцкую парадкавую камісію ў Браслаўскі пав.; чл.Найвышэйшай літоўскай рады і Найвышэйшай нацыянальнай рады. Станіслаў Войцех (21.10.1756, в. Завер’е Браслаўскага р-на — 1805), пісар земскі браслаўскі ў 1788, вял. пісар ВКЛ з 1791. Пасол на сеймы 1784, 1788. Уваходзіў у канспіратыўную арг-цыю Я.Ясінскага па падрыхтоўцы паўстання 1794; чл. Найвышэйшай літ. рады, Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Дзмітрый Іванавіч [1824—30.1(11.2).1899], ген.-ад’ютант, ген. ад інфантэрыі, чл.Дзярж. савета (1880). Мікалай Іванавіч [5(17).7.1833, С.-Пецярбурт — 15(27).7.1898], ген.-ад’ютант, ген. ад кавалерыі, чл.Дзярж. савета (1898). З 1881 наказны атаман Войска Данскога. У 1891 набыў Мірскі замак з навакольнымі маёнткамі, дзе збіраўся ўладкаваць радавое гняздо. Пабудаваў у Міры вінакурны з-д, палац, заклаў парк. Пётр Дзмітрыевіч (1857—1914), міністр унутр. спраў Расіі, гл.Святаполк-Мірскі П.Д.