ВЕ́НСКІЯ АРБІТРА́ЖЫ 1938 і 1940,

трацейскія рашэнні міністраў замежных спраў Германіі І.Рыбентропа і Італіі Г.Чыяна аб задавальненні тэр. дамаганняў Венгрыі (вынесены ў Вене, адсюль назва). Паводле 1-га Венскага арбітражу (2.11.1938) пад націскам Германіі і Італіі Чэхаславакія ўступіла Венгрыі паўд. і паўд.-зах. раёны Славакіі і паўд. ч. Закарпацкай Украіны (11 927 км², больш за 1 млн. чал.). Паводле 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) ад Румыніі да Венгрыі адышлі паўн. і паўн.-ўсх. часткі Трансільваніі (43 тыс. км², 2577 тыс. чал., у т. л. больш за 1 млн. румынаў). Другі Венскі арбітраж выкарыстаны Гітлерам для ўмацавання ўласных пазіцый у Румыніі і Венгрыі. Рашэнні абодвух арбітражаў юрыдычна скасаваны паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НСА (Wałęsa) Лех

(н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялогу і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ КО́СМАСЕ 1967,

міжнароднае пагадненне аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы, у т. л. Месяца і інш. нябесных цел. Шматбаковы дагавор, у ім удзельнічае больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 27.1.1967. БССР падпісала дагавор 10.2.1967, ратыфікавала яго 23.6.1967. Паводле дагавора, даследаванне і выкарыстанне касм. прасторы павінна ажыццяўляцца ў інтарэсах усіх краін. Касм. прастора не падлягае нац. прысваенню: ёй могуць карыстацца ўсе дзяржавы. Дзяржавы-ўдзельніцы дагавора абавязваюцца не выводзіць на арбіту вакол Зямлі аб’екты з ядз. зброяй, не размяшчаць такую зброю на нябесных целах і ў касм. прасторы. Месяц і інш. нябесныя целы павінны выкарыстоўвацца выключна ў мірных мэтах.

Ю.П.Броўка.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДЗІ́ТАЎСКАЯ АБАРО́НА 1944,

баі партыз. брыгад імя Дзяржынскага, «Савецкая Беларусь» і 345-га атрада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—11.4.1944 каля в. Здзітава Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. крас. 1944, сканцэнтраваўшы атрады СС, 10 артыл. і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі вакол раёна базіравання партыз. фарміраванняў, штаба Брэсцкага партыз. злучэння і Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, гітлераўцы акружылі партызан і 10 тыс. мірных жыхароў. На 3-і дзень наступлення вораг уклініўся ў абарону партызан, але пасля бою вымушаны быў адступіць з вял. стратамі і перамясціць наступленне ў раён р. Дарагабуж, дзе знаходзіліся асн. партыз. базы. Пасля некалькіх дзён баёў партызаны адышлі на 2-ю лінію абароны паміж в. Здзітава і Спорава. Толькі на 7-ы дзень карнікі падышлі да гэтай лініі, але штурмаваць не адважыліся. На месцы баёў у в. Здзітава створаны мемар. комплекс.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЦКАЯ МАГІ́ЛА,

масавае пахаванне загінуўшых у ходзе ваен. дзеянняў ці памерлых ад ран воінаў, партызан, а таксама ваеннапалонных і мірных жыхароў. Адразу пасля баёў пахаванні ў брацкіх магілах ажыццяўлялі аднапалчане загінуўшых з выкананнем пэўнага рытуалу і ваен. ушанаванняў, ставілі сціплыя помнікі з даступных матэрыялаў. У шэрагу выпадкаў з некалькіх брацкіх магіл стваралі ваен. могілкі, рабілі і адзіночныя пахаванні. Шырока вядома брацкая магіла ў Севастопалі, дзе пахаваны рус. воіны, якія загінулі пры абароне горада ў Крымскую вайну 1853—56. Пасля Вял. Айч. вайны ў некаторых месцах рабіліся перапахаванні з адзіночных магіл у брацкія, ставілі помнікі, стваралі мемарыялы. Першы помнік на брацкай магіле сав. воінам пастаўлены ў 1945 у Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расія). Найб. вядомы брацкія магілы ў Берліне (Трэптаўпарк), С.-Пецярбургу (Піскароўскія могілкі), Луганску, Севастопалі, Керчы (Украіна) і інш. На Беларусі 5575 брацкіх магіл. Найб. масавыя пахаванні: у Мінску каля былой в. Масюкоўшчына (больш за 80 тыс. чал.), у в. Баравая Мінскага р-на (30 тыс. чал.), на ст. Лясная Баранавіцкага р-на (50 тыс. чал.). Ахоўваюцца дзяржавай.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́Я,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., на паўд. беразе Асвейскага воз. За 40 км ад Верхнядзвінска, 37 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 2 тыс. ж. (1995).

Вядома з 15 ст., цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі. З 1505 уласнасць Глебавічаў, з 1600 Л.Сапегі, з 1749 мінскага ваяводы Я.Гільзена, які пабудаваў тут палац, касцёл, заснаваў кляштар месіянарыяў, з 1786 да канца 19 ст. ўласнасць шляхціцаў Шадурскіх. З 16 ст. цэнтр воласці Полацкага ваяв. У 1616 і 1633 занята рус. войскамі. З 1695 горад, праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка. У 1897 — 2830 ж., у 1905 — 3700 ж., нар. вучылішча. У 1924—59 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі Асвею і 158 навакольных вёсак, загубілі 4,4 тыс. мірных жыхароў; дзейнічала Асвейскае патрыятычнае падполле. З 1959 у Верхнядзвінскім раёне.

Прадпрыемствы: буд. Матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці, торфабрыкетны завод. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры 18 ст.Асвейскі манастырскі шпіталь, помнік палацава-паркавай архітэктуры 18 ст.Асвейская сядзіба.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАА́ГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ,

1) міжнародныя пагадненні аб нормах права ва ўзброеных канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны), правах і абавязках нейтральных краін, шляхах мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, прынятыя на 1-й і 2-й мірных канферэнцыях у Гаазе ў 1899 і 1907.

1-я Гаагская канферэнцыя (1899, 27 дзяржаў-удзельніц) прыняла 3 канвенцыі (пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864), а таксама 3 дэкларацыі.

2-я Гаагская канферэнцыя (1907, 44 дзяржавы-ўдзельніцы) прыняла 13 канвенцый: пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра абмежаванне выпадкаў выкарыстання сілы для спагнання па дагаворных даўгавых абавязацельствах; пра адкрыццё ваен. дзеянняў; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у сухапутнай вайне; пра становішча варожых гандл. суднаў пры адкрыцці ваен. дзеянняў; пра ператварэнне гандл. суднаў у ваенныя; пра ўстаноўку аўтам. кантактных падводных мін; пра бамбардзіроўку марскімі сіламі ў час вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864; пра некаторыя абмежаванні ў карыстанні правам захопу ў марской вайне; пра заснаванне міжнар. прызавога суда; аб правах і абавязках нейтральных краін у марской вайне.

Гаагскія канвенцыі адыгралі значную ролю ў міжнар.-прававой рэгламентацыі правіл вядзення вайны.

2) Канвенцыя 1954 пра абарону культ. каштоўнасцей у час узбр. канфлікту — міжнар. шматбаковае пагадненне, якое абавязвае дзяржавы паважаць і захоўваць у час ваен. дзеянняў культ. каштоўнасці, забараняе іх вываз з акупіраваных тэрыторый.

3) Канвенцыі па міжнар. прыватным праве 1902—05, 1951, 1956, 1961 і інш.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗЕЛЬ

(Basel),

горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн. т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч. прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.

Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.

Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МІР 1918,

Брст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр. нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч. тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн. км² з насельніцтвам больш за 50 млн. чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр. укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.

Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр. укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел. нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач. ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас. ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.

У.Е.Снапкоўскі.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́РКТЫКА,

паўднёвая палярная вобласць Зямлі, якая ўключае мацярык Антарктыду і прылеглыя да яго ўчасткі Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў з астравамі. Мяжа Антарктыкі — паўн. размяшчэнне антарктычнага палярнага фронту, які праходзіць паміж 48° і 60° паўд. шыраты. Пл. каля 52,5 млн. км². Мацярык акружае шэльфавая паласа з глыбінямі да 500—600 м. Круты мацерыковы схіл на глыб. каля 3000 м зменьваецца шырокай паласой акіянскіх катлавін: Афрыканска-Антарктычнай, Аўстрала-Антарктычнай, Белінсгаўзена і Паўд.-Антыльскай з глыбінямі 5000—7000 м. Найглыбейшая частка — Паўд.-Сандвічаў жолаб (да 8428 м) з вял. сейсмічнасцю. На Пн ад катлавін Паўд.-Антыльскі і Афрыканска-Антарктычны хрыбты, Аўстрала-Антарктычнае і Паўд.-Ціхаакіянскае ўзвышша з тэктанічнымі разломамі і вулканічнымі масівамі. Антарктыка — найб. суровая вобласць Зямлі з нізкімі т-рамі паветра, снежнымі завірухамі, моцнымі вятрамі і туманамі. Мацярык — вобласць пастаяннага марозу. У субантарктычных раёнах сярэднія т-ры паветра самага цёплага месяца 10 °C, самага халоднага ад 0 да -10 °C. Ападкаў 300 — 500 мм каля ўзбярэжжа Усх. Антарктыды і да 1000 мм за год на паўн.-зах. узбярэжжы Антарктычнага п-ва і субантарктычных астравах. Т-ра антарктычных водаў ад -1,8 да 2 °C зімой і ад -1,2 да 3,5 °C летам. Салёнасць каля 34%о. На паўн. перыферыі Антарктыкі магутнае антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне (пераносіць ваду на У), у 60-х шыротах сістэма стацыянарных цыкланічных кругаабаротаў антарктычнага цячэння (пераносіць ваду на З, уздоўж узбярэжжа Антарктыды). Плошча, занятая марскімі льдамі, у канцы зімы 18—19 млн. км², летам 2—3 млн. км². Характэрны сталовыя айсбергі. Арганічны свет антарктычнай сушы вельмі бедны, у акіянах — багаты. На астравах тундравая расліннасць (імхі, лішайнікі, парасонавыя, некаторыя злакі і інш.). Шмат марскіх птушак — пінгвіны, буравеснікі, паморнікі, альбатросы, белы сявец, конік антарктычны і інш. У марской фауне кіты (фінвал, гарбач, сіні кіт, сейвал), ластаногія (марскі слон, марскі леапард, цюлені Уэдэла, Роса, крабаед, маржы), донныя арганізмы (ігласкурыя губкі, імшанкі і інш.). Рыбы сям. нататэніевых, ёсць анчоўсы, камбала і інш.

Міжнародны дагавор 1959 устанаўлівае, што тэр. Антарктыкі — нейтральная і дэмілітарызаваная зона, якая выкарыстоўваецца ў мірных мэтах пры поўнай свабодзе навук. даследаванняў.

Літ.:

Трешников А.Ф. Антарктика: исследования, открытия. Л., 1980;

Слевич С.Б. Антарктика в современном мире. М., 1985.

т. 1, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)