ЗАГО́РЫНЫ,
археалагічныя помнікі (паселішча каменнага і могільнік бронзавага вякоў, гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі) каля в. Загорыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. У ніжнім гарызонце паселішча знойдзены мезалітычныя крамянёвыя прылады працы, мікраліты, зброя і кераміка позняга мезаліту і ранняга неаліту (7—4-е тыс. да н.э.), у верхнім — позняга неаліту і бронз. веку (3—2-е тыс. да н.э.). Выяўлены рэшткі неаліт. стаянкі і грунтавых пахаванняў культуры шнуравой керамікі Палесся. На гарадзішчы 12—13 ст. знойдзены рэшткі посуду і касцей чалавека.
т. 6, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПСІ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту і мезаліту (9—5-е тыс. да н. э.), пашыраная ў Паўн. Афрыцы і краінах Міжземнамор’я. Назва ад стаянкі ў г. Гафса (Капса) у Тунісе. Насельніцтва займалася паляваннем і збіральніцтвам. Адметная рыса паселішчаў — вял. скопішчы ракавін уперамешку з касцямі жывёл. З крамянёвых прылад найб. характэрны мікраліты, якія служылі ўкладышамі для складаных прылад і наканечнікамі стрэл. Знойдзены таксама абломкі пасудзін са шкарлупін страусавых яец. Магчыма, менавіта капсійцы стварылі стараж. наскальныя выявы ў Паўн. Афрыцы і Усх. Іспаніі.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМА́ГІРЫ,
шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст. н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)