род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі 1 від — П. паніклая (M. nutans). Трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах, хмызняках. Інтрадукаваны П. высокая (M. altissima) і П. раснічастая (M. ciliata).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці каленчата ўзыходныя каля асновы. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — коласападобная аднабокая мяцёлка. Каласкі 2—5-кветкавыя. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМАЧО́К (Trientalis),
род кветкавых раслін сям. першакветных. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — С. еўрапейскі (T. europaea), нар. назва вароніны вочкі. Характэрная расліна яловых лясоў, трапляецца таксама ў мяшаных лясах, хмызняках, парках.
Семачок еўрапейскі.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны выш. да 20 см. Сцябло прамастойнае. Суцэльнае лісце збліжанае ў кальчак. Кветкі белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Плод — каробачка. Лек. і дубільныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
кліматабальнеалагічны курорт у Беларусі. За 25 км ад г. Брэст. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой і адносна сонечным летам. Крыніца мінер. водаў, радовішчы тарфяных гразяў. Масівы хваёвых і мяшаных лясоў вакол азёраў Белае і Рагазнянскае. Санаторый «Бярэсце» арыентаваны на рэабілітацыю хворых з сардэчна-сасудзістымі і нерв. расстройствамі, нетуберкулёзнымі хваробамі органаў дыхання, аздараўленне пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Турысцкая і інш. базы для доўга- і кароткатэрміновага адпачынку дзяцей і дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́БРЫУМ (Leucobryum),
род лістасцябловых імхоў сям. ляўкобрыевых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных абласцях Усх. паўшар’я. На Беларусі ў сырых хвойных і мяшаных лясах трапляецца Л. шызы (L. glaucum). Садзейнічае забалочванню глебы. Гумусаўтваральнік.
Л. шызы ўтварае шчыльныя, падушкападобныя дзярнінкі выш. да 20 см, у верхняй ч. шыза- або белавата-зялёныя. Сцёблы прамастойныя, вілавата-разгалінаваныя, густааблісцелыя. Лісце з яйцападобнай асновы звужана ў трубчастую верхавінку. Каробачка са спорамі падоўжаная, на ножцы. Ва ўмовах Беларусі размнажаецца вегетатыўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДБАРО́ДНІК (Epipogium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, трапічнай Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі 1 від. Н. бязлісты (E. aphyllum). Трапляецца адзіночнымі экзэмплярамі ў вільготных хвойных, мяшаных і шыракалістых лясах.
Н. бязлісты — шматгадовая расліна-мікатроф выш. 20 см з каралападобным карэнішчам. Сцёблы крохкія, сакаўныя, жаўтаватыя з чырв. палоскамі. Зялёнае лісце адсутнічае (расліна жывіцца арган. рэчывамі ляснога подсцілу), замест яго 5—8 жаўтаватых лускавінак. Кветкі паніклыя, жаўтавата-белыя, у рэдкай гронцы, духмяныя. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТЭРЫГІНА́НДРУМ (Pterigynandrum),
род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 3 віды. Пашыраны ў лясной паласе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі рэліктавы від П. ніткападобны (P. filiforme), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў разрэджаных хваёвых і мяшаных лясах на валунах, пнях, зрэдку на лугах.
Двухдомныя лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, зялёныя, жоўта-зялёныя, бураватыя, бліскучыя. Сцёблы паўзучыя ці ўзыходныя, вілавата- або кусціста-разгалінаваныя. Лісце чарапічнае, каротказавостранае. Каробачка на ножцы, прамастойная, цыліндрычная, жаўтавата-карычневая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я ЗО́НЫ,
прыродныя зоны сушы экватарыяльнага, субэкватарыяльных, трапічных, субтрапічных і ўмераных паясоў геаграфічных, у прыродных ландшафтах якіх пераважае лясная расліннасць. Размешчаны пераважна ў Паўн. паўшар’і, звычайна ва ўмовах дастатковага або залішняга ўвільгатнення. У экватарыяльным поясе і набліжаных да яго рэгіёнах субэкватарыяльных паясоў ва ўмовах гарачага клімату з залішнім увільгатненнем і адсутнасцю сезоннай рытмічнасці знаходзяцца зоны гілеяў (вільготных вечназялёных экватарыяльных лясоў) на ападзоленых латэрытах, чырв.-жоўтых латэрытных і балотных трапічных глебах і субэкватарыяльных лясоў на ападзоленых і чырв. латэрытах, чырв.-бурых і чырв.-карычневых глебах. У найб. вільготных (больш за 1000 мм ападкаў за год) раёнах трапічных паясоў, дзе сезонная рытмічнасць больш выяўленая, размешчаны зоны трапічных лясоў на ападзоленых латэрытах і латэрытных глебах. У гэтых зонах адрозніваюць падзоны вечназялёных пастаянна вільготных (гл.Вільготныя трапічныя лясы) і лістападна-вечназялёных сезонна вільготных (з засушлівым перыядам) лясоў. Л.з. субтрапічных паясоў знаходзяцца ў паласе зах. пераносу паветр. мас, з летнім трапічным і зімовым умераным кліматычнымі рэжымамі. У раёнах з залішнім на працягу года ўвільгатненнем пашыраны падзоны гемігілеяў з вечназялёнымі або летнезялёнымі шыракалістымі лясамі на бурых лясных, жаўта- і чырваназёмных глебах; у зах. частках мацерыкоў (пераважна з зімовым увільгатненнем) — невял. па плошчы падзоны цвердалістых міжземнаморскіх летне-сухіх лясоў і хмызнякоў на карычневых, бурых лясных і жаўтазёмных глебах, на У (з летнім увільгатненнем) — мусонных лістападна-вечназялёных мяшаныхсубтрапічных лясоў на чырвана- і жаўтазёмах. Найб. плошчу займаюць Л.з. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я. У іх складзе адрозніваюць 3 падзоны, якія паслядоўна змяняюцца з Пн на Пд у Еўразіі і з ПнУ на ПдЗ у Паўн. Амерыцы і часта разглядаюцца як асобныя зоны: таежная зона, мяшаных лясоў зона, шыракалістых лясоў зона. З-за недахопу цяпла зімой вегетацыя раслін запавольваецца ці спыняецца. Лясы хвойныя і лістападныя, растуць на мярзлотна-таежных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, бурых або шэрых лясных глебах. Ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я ва ўмовах акіянічнага клімату пераважаюць мяшаныя лясы з хвойнымі, лістападнымі і вечназялёнымі відамі раслін на бурых лясных глебах. Беларусь знаходзіцца ў зоне мяшаных лясоў, флора і фауна якіх найб. збераглася ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НТУХ (Columna oenas),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі пералётны від; сустракаецца ўсюды, найб. на Палессі. Жыве пераважна ў старых лісцевых і мяшаных увільготненых лясах; чароды трапляюцца на лугах, палях, выганах.
Даўж. да 33 см, маса да 340 г. Апярэнне шаравата-шызае, шыя і валлё з метал. бляскам, дзюба белая або жаўтаватая. Корміцца насеннем травяністых раслін. Гняздуецца ў дуплах, зрэдку на галінах асіны, вольхі, дуба, ліпы, хвоі. Нясе 2 яйцы (двойчы за год).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬНІК (Phyteuma),
род кветкавых раслін сям. званочкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе пераважна ў Альпах, Карпатах і Пірэнеях. На Беларусі 2 дзікарослыя віды К.: коласападобны (Ph. spicatum) і чорны (Ph. nigrum). Трапляюцца ў мяшаных лясах, зарасніках па берагах рэк, у ярах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з мясістым коранем і прамым пустым у сярэдзіне сцяблом. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, падоўжанае. Кветкі дробныя, шматлікія, амаль сядзячыя ў галоўчатым або коласападобным суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПКА (Draba),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і халоднай зонах Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі найб. вядомая К. пералескавая (D. nemorosa), зрэдку трапляюцца К. сібірская (D. sibirica) і сценная (D. muralis). Растуць на адкрытых узгорках, узлесках хваёвых і мяшаных лясоў, шашэйных насыпах.
Адна-, двух- і шматгадовыя нізкарослыя травяністыя расліны, зрэдку паўкусцікі, з цэласным, пераважна ў прыкаранёвай разетцы, лісцем. Кветкі дробныя, белыя ці бледна-жоўтыя, сабраныя ў рыхлыя гронкі. Плод — стручочак. Некат. віды — дэкар. расліны.