Мялешка М. В. 7/339—340; 12/421
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Мялешка В. І. 2/51, 399, 453; 3/114, 239, 497; 4/217, 461; 5/312, 459; 6/150, 495, 506, 514; 9/587; 11/179; 12/108, 423, 427
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНІКІ,
катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.
В.І.Мялешка.
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КЛА, дзякло,
прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш. с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былі дварышча і служба, пазней — валока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.
В.І.Мялешка.
т. 6, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.
В.І.Мялешка.
т. 5, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,
буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл. Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.Карпач, С.Бачко, В.Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.Ф.Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс. чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс. чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач. лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.
Літ.:
Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;
Іх жа. І ўзняўся люд просты. Мн., 1992.
В.І.Мялешка.
т. 8, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.
Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.
В.І.Мялешка.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫЛІ́, кутнікі, каморнікі,
катэгорыя беззямельных сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Займаліся рамёствамі, дробнымі промысламі, наймаліся на розныя работы да феадалаў, заможных сялян і гараджан. Некат. мелі сваю хату, жывёлу, агарод, сенажаць; іншыя жылі ў чужых хатах, займаючы кут ці камору, або нават жабравалі. Асн. павіннасцю бабылёў была бабыльшчына — грашовы чынш, памер якога залежаў ад заможнасці; тыя, хто меў сваю хату, плацілі падымнае. Бабылёў у зах. раёнах Беларусі часцей называлі кутнікамі ці каморнікамі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) бабылёў абкладалі падушным падаткам, надзялялі зямлёю, яны выконвалі павіннасці; да сярэдзіны 19 ст. зліліся з асн. масай сялян. Бабылямі сталі называць адзінокіх, бедных, бяздомных людзей.
В.І.Мялешка.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ТНІКІ,
катэгорыя збяднелых маламаёмных ці беззямельных сялян у ВКЛ у 16—18 ст., якія не мелі ўласнай хаты і таму наймалі для жылля кут (адсюль назва). Займаліся пераважна рамяством, промысламі, выконвалі работы па найму. Асн. іх павіннасцю быў чынш, памеры якога ў розных уладаннях былі неаднолькавыя. Працэс фарміравання К. на Беларусі пачаўся ў канцы 16 ст. ў сувязі з пашырэннем феад.-прыгонніцкай гаспадаркі, узмацненнем феад. прыгнёту. Найб. іх было на У Беларусі. У зах. і цэнтр. раёнах іх часцей называлі каморнікамі. Гіст. крыніцы часта атаясамліваюць К. з бабылямі і лёзнымі людзьмі. У сувязі з рэалізацыяй абавязковай інвентарнай рэформы 1840—50-х г. К. зліліся з асн. масай цяглых сялян.
В.І.Мялешка.
т. 9, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ТА (Ілья) (? — чэрв. 1649),
адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Палкоўнік Войска Запарожскага. Вясной 1649 на чале 10-тысячнага атрада накіраваны Б.Хмяльніцкім на дапамогу паўстанцам Беларусі. Рухаючыся ўверх па цячэнні Прыпяці, казакі грамілі і рабавалі шляхецкія маёнткі, атрымалі некалькі перамог у баях з харугвамі войска ВКЛ на чале з Я.Радзівілам. З’яўленне казакоў садзейнічала разгортванню паўстання на Беларусі. Да іх далучыліся паўстанцы з Гомеля і інш. мястэчак. 17.6.1649 у раёне мяст. Загалле (цяпер Хойніцкі р-н) Галота з 3-тысячным (паводле інш. звестак 7-тысячным) атрадам уступіў у бітву з войскам ВКЛ. Конніца ротмістра Сасноўскага адцясніла казакоў да балот, і ў выніку працяглага бою амаль усе паўстанцы разам з Галотам загінулі.
В.І.Мялешка.
т. 4, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)