БРАГА́НСА (Braganҫa, Braganza),

дынастыя каралёў Партугаліі (1640—1910) і імператараў Бразіліі (1822—89). Заснавальнік — Жуан IV [1640—56]. Пасля смерці каралевы Марыі да Глорыі [1834—53] яе муж Фердынанд Саксен-Кобург-Гоцкі заснаваў дынастыю Браганса-Кобург, прадстаўнікі якой правілі ў Партугаліі да Партугальскай рэвалюцыі 1910. У Бразіліі пасля яе аддзялення ад Партугаліі і да абвяшчэння рэспублікай правілі імператары Педру I [1822—31] і Педру II [1831—89].

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЕМО́Н І БАЎКІ́ДА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі неразлучная шлюбная пара з Фрыгіі (у М. Азіі). За іх узаемную вернасць адно аднаму багі падаравалі ім доўгае жыццё і магчымасць памерці ў адзін дзень. Пасля смерці Ф. і Б. ператварыліся ў дуб і ліпу, карэнні якіх моцна перапляліся. У перакосным сэнсе Ф. і Б. — верныя, неразлучныя муж і жонка.

т. 16, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ АСМАМЫ́СЛ (1130-я г. — 1.10.1187),

князь галіцкі [1153—87]. Сын галіцкага кн. Уладзіміркі Валадаравіча [1141—52], муж дачкі Юрыя Далгарукага Вольгі. За мудрасць празваны Асмамыслам («восем розумаў»). Імкнуўся ўмацаваць княжацкую ўладу, вёў барацьбу з мяцежным баярствам. Змагаўся з полаўцамі, пабудаваў шэраг крэпасцей і пашырыў межы княства да нізоўяў Дуная. Магутнасць Асмамысла ўслаўлена ў «Слове аб паходзе Ігаравым».

т. 18, кн. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́Н,

у грэчаскай міфалогіі бажаство аднайменнай ракі, якая абмывае зямлю; на крайнім захадзе абмывае мяжу паміж светам жыцця і смерці. Сын Урана і Геі, брат і муж Тэфіды, з якой ён нарадзіў 3 тыс. дачок (акіянід) і столькі ж сыноў — рачных патокаў. Акіян вядомы міралюбствам і дабрынёй, ён не ўдзельнічаў у бітве тытанаў супраць Зеўса, таму захаваў сваю ўладу і давер алімпійцаў.

т. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ (ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),

сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.​Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл. Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ШЧЫН Міхаіл Міхайлавіч (н. 10.2.1933, г. Казань, Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1958). Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў час. «Драматург» (1993, з А.​Казанцавым). Друкуецца з 1952. Аўтар п’ес «Валянцін і Валянціна» (1971, экранізавана ў 1985), «Стары Новы год» (1973), «Рамонт» (паст. 1975), «Муж і жонка ноймуць пакой», «Эшалон» (абедзве 1975), «Спяшайцеся рабіць дабро» (паст. 1979), «Дружына» (1987), прысвечаных складаным псіхал. і маральным калізіям сучаснага жыцця, антымілітарысцкай п’есы «Рэпетыцыя «Лісістраты» (1989), аповесцей «Рака» (1973), «Успамін» (1977), «Шура і Прасвірняк» (1982), зб-каў аповесцей і апавяд. «У маленькім горадзе» (1956), «Якіх-небудзь дваццаць мінут» (1965), «З раніцы да ночы» (1968), літ.-крытычных артыкулаў і інш. У т-рах Беларусі паст. яго п’есы «Муж і жонка ноймуць пакой» (1976; Дзярж. рус. драм. т-р), «Стары Новы год» (1974), «Эшалон» (1976; абедзве Бел. т-р імя Я.​Купалы), «Уся надзея» (1986), «Успаміны» С.​Міціна паводле Р. (1988; абедзве Бел. т-р юнага гледача).

Тв.:

Избранное: Повести и рассказы. М., 1988;

Спешите делать добро: Пьесы. М., 1984;

На сером в яблоках коне: Рассказы и повести. М., 1988;

Иван Бунин. М., 2000.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСА́НАА (Такэхая Сусанаана мікота літар. доблесны, хуткі, заўзяты бог-муж з Суса),

у японскай міфалогіі адзін з трох «высокіх» дзяцей-багоў Ідзанакі (гл. Ідзанакі і Ідзанамі), які пры падзеле сваіх уладанняў аддаў С. раўніну мора. Верагодна, першапачаткова С. шанавалі як аднаго з багоў, што персаніфікавалі буру і водную стыхію. Пазней узнікла ўяўленне пра С. як пра боскага продка родаў, звязаных з мясцовасцю Ідзума, і культ. героя, які прыходзіць на дапамогу людзям.

т. 15, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМУ́З, Думузі,

у міфалогіі і рэлігіі стараж. семіцкіх народаў бог урадлівасці, які штогод памірае і ўваскрасае. Паводле стараж. шумерскага міфа Т. — бог-пастух, каханы і муж багіні Інаны, якая аддала яго ў падземнае царства «як замену» сябе самой. Т. выратавала яго сястра Гештынана, якая пагадзілася праводзіць пад зямлёй замест брата палавіну кожнага года (у гэты час Т. апякае зямлю, якая квітнее і пладаносіць). У фінікійскай міфалогіі Т. адпавядае Адоніс.

т. 15, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АДЫСЕ́Я»,

старажытна-грэчаская эпічная паэма, якую разам з «Іліядай» (створана раней за «Адысею») прыпісваюць Гамеру. Напісана гекзаметрам, пазнейшымі ант. выдаўцамі падзелена на 24 кнігі. Апавядае пра падарожжы і прыгоды Адысея. У аснове «Адысеі» сусв. вядомы фалькл. сюжэт: муж (Адысей) пасля доўгіх блуканняў вяртаецца непазнавальны да дня новага вяселля сваёй жонкі (Пенелопы). У адрозненне ад ваенна-гераічнай тэматыкі «Іліяды» «Адысея» мае ў асн. бытавы і казачны матэрыял. У вобразе Адысея вылучаюцца разумовыя і маральныя якасці, хітрая вынаходлівасць і разлік.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСЕ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ, застольныя песні,

творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.

І.​К.​Цішчанка.

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)