ГО́ЛЬДШМІТ ((Goldschmidt) Віктар Морыц) (27.1.1888, г. Цюрых, Швейцарыя — 20.3.1947),

нарвежскі геахімік, адзін з заснавальнікаў геахіміі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Вучыўся ў ун-тах Вены, Мюнхена і Осла (1905—11). З 1914 праф. і дырэктар Мінералагічнага ін-та ў Осла. З 1928 у Гётынгенскім ун-це, у 1935—42 і з 1946 дырэктар Геал. музея ў Осла. Навук. працы па фіз. хіміі мінералагенезісу, крышталяхіміі і хіміі мінералаў, горных парод і зямной кары. Сфармуляваў «мінералагічнае правіла фаз» (1911), законы ўтварэння крышт. структур, асновы тэорыі геахім. пашырэння элементаў (1923). Распрацаваў геахім. класіфікацыю хім. элементаў, даследаваў распаўсюджанне рэдкіх элементаў у зямной кары.

А.​П.​Чарнякова.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯТА́Р ((Liotard) Жан Эцьен) (22.12. 1702, г. Жэнева, Швейцарыя — 12.6. 1789),

швейцарскі мастак. Майстар пастэльнага партрэта. Вучыўся ў Жэневе ў Д.​Гардэля, у Парыжы ў Ж.​Б.​Масэ. Працаваў у Турцыі, Галандыі, Вене, Лондане, Жэневе. У пастэлях, малюнках і мініяцюрах спалучаў дэталёва-ілюзорную дакладнасць выявы з імкненнем да перадачы характару мадэлі. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю ліній, тонкім пераліваннем святлаценю і суадносін тонаў: «Шакаладніца» (1743—45), «Турчанка з рабыняй», «Аўтапартрэт у турэцкім строі» (1744), «Граф Ф.​Альгароці» (1745), «Граф Морыц Саксонскі» (каля 1748—52), «Мэры Ганінг, графіня Ковентры» (каля 1754), «Мадам д’Эпінэ» (1759) і інш. Аўтар «Трактата аб прынцыпах і правілах жывапісу» (1781).

В.​Я.​Буйвал.

Э.Ліятар. Шакаладніца 1743—45.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОКТЯ́БРЬ»,

літаратурна-мастацкі і публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1924 у Маскве на рус. мове штомесячна. Мае раздзелы: «Проза і паэзія», «З літаратурнай спадчыны», «Публіцыстыка і нарысы», «Літаратурная крытыка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны маст. творы К.​Ваншэнкіна, В.​Каверына, Э.​Казакевіча, Ю.​Морыц, К.​Паустоўскага, А.​Рыбакова, У.​Салаухіна, А.​Сафронава, А.​Талстога, А.​Твардоўскага, А.​Фадзеева, Л.​Філатава, А.​Чакоўскага, М.​Шолахава і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «О.», П.​Броўка, Я.​Брыль, В.​Быкаў, М.​Гарэцкі, У.​Калеснік, Я.​Колас, Я.​Купала, І.​Навуменка, А.​Савіцкі, М.​Танк, І.​Шамякін і інш. Гал. рэдактары: А.​Серафімовіч (1926—29), Ф.​Панфёраў (1931—60, з перапынкамі), У.​Кочатаў (1961—73), А.​Ананьеў (з 1973).

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.

Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).

Я.​В.​Малашэвіч.

Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.
Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМО́ВЫЯ АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

сусветныя комплексныя спаборніцтвы па зімовых відах спорту. Праводзяцца з 1924 Міжнар. алімп. камітэтам 1 раз у 4 гады (у 1940 і 1944 не адбыліся). Месцы правядзення: I — г. Шамані (Францыя, 1924), II i V — г. Санкт-Морыц (Швейцарыя, 1928, 1948), III і XIII — г. Лейк-Плэсід (ЗША, 1932, 1980), IV — г. Гарміш-Партэнкірхен (Германія, 1936), VI — Осла (Нарвегія, 1952), VII — г. Корціна-д’Ампеца (Італія, 1956), VIII — г. Скво-Вэллі (ЗША, 1960), IX і XII — г. Інсбрук (Аўстрыя, 1964, 1976), X — г. Грэнобль (Францыя, 1968), XI — г. Сапара (Японія, 1972), XIV — г. Сараева (Югаславія, 1984), XV — г. Калгары (Канада, 1988), XVI — г. Альбервіль (Францыя, 1992), XVII — г. Лілехамер (Нарвегія, 1994), XVIII — г. Нагана (Японія, 1998). Бел. спартсмены выступаюць з 1964 (у складзе каманды СССР), у якасці самастойнай каманды з 1994—15-е месца па колькасці медалёў з 67 каманд; заваявалі 1 залаты медаль (Я.​Л.​Рэдзькін, біятлон, гонка на 20 км, 1992), 3 сярэбраныя (А.​У.​Папоў, біятлон, эстафета 4×7,5 км, 1992; І.​М.​Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 19.94; С.​В.​Парамыгіна, біятлон, 7,5 км, 1994), 4 бронзавыя (Р.​М.​Ачкіна, лыжныя гонкі, эстафета 3×5 км, 1968; Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 1988; А.​П.​Айдараў, біятлон, 20 км, 1998; Дз.​У.​Дашчынскі, фрыстайл, 1998).

У.​Г.​Майсееў.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)