Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСАР,
прыстасаванне, якое дае магчымасць пабудаваць лінію аднаго віду (напр., прамую) з лініі другога віду (напр., акружнасці). Прынцып работы засн. на геам.інверсіі; асн. частка І. — шарнірны механізм.
Першы І., які набліжана пераўтвараў кругавы рух у прамалінейны вынайшаў Дж.Уат (паралелаграм Уата, 1784) і выкарыстоўваў яго ў паравой машыне для спалучэння паступальнага руху поршня з вярчальным рухам махавіка. Шэраг падобных механізмаў сканструяваў П.Л.Чабышоў на аснове створанай ім тэорыі функцый, якія найменш адхіляюцца ад нуля (1858). Дакладныя спрамляльныя механізмы (напр., інверсар Паселье; 1864) выкарыстоўваюцца для пераўтварэння ліній з аднаго віду ў другі, у тэхніцы — для пераўтварэння кругавога руху ў зваротна-паступальны (гл. таксама Крывашыпны механізм, Кулісны механізм).
Інверсары: а — Паселье (здабытак адлегласцей OA∙OC= const пры любых перамяшчэннях пункта A адносна цэнтра інверсіі O); б — падвойны паралелаграм Уата ў паравой машыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ КА́МЕРА,
прылада для даследавання і кантролю атамнай структуры пры дапамозе дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на доследным узоры.
Бываюць рознай канструкцыі: Маюць крыніцу выпрамянення (рэнтгенаўскую трубку), каліматар (фарміруе рабочы пучок першаснага выпрамянення), вузел устаноўкі доследнага ўзору, касету з фотаплёнкай, на якой рэгіструецца дыфракцыйная карціна, і механізм руху ўзору (ці касеты) і інш. Выкарыстоўваюцца ў рэнтгенаўскім структурным аналізе, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.
Да арт.Рэнтгенаўская камера. Схема дэбаеўскай камеры: 1 — каліматар; 2 — фотаплёнка; 3 — касета; 4 — механізм цэнтроўкі ўзору; 5 — узор; 6 — пастка для перахоплівання першаснага пучка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́Н,
дэталь крывашыпна-паўзуннага механізма (гл.Крывашыпны механізм), якая слізгае ў прамалінейных накіравальных. Шарнірна звязаны з шатуном. Перадае папярочныя намаганні на накіравальныя, падоўжныя — на шатун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЎЗГАРА́ННЕ,
узнікненне ачага гарэння без крыніцы запальвання. Абумоўлена рэзкім нарастаннем скорасці экзатэрмічных працэсаў у выніку саманагравання гаручых цвёрдых матэрыялаў (торф, вугаль, драўнянае пілавінне і інш.). Паводле прыроды працэсу, што выклікае саманаграванне матэрыялу, адрозніваюць С. хім. (гл.Пірафорныя рэчывы), мікрабіял. і цеплавое. Адбываецца пры пэўных умовах, калі цеплавыдзяленне ў ходзе рэакцыі большае за цеплаадвод у навакольнае асяроддзе. Механізм узнікнення гарэння пры С. падобны на механізм узнікнення цеплавога самазагарання. У адрозненне ад С., якое праяўляецца ў выглядзе тлення ці полымнага гарэння, самазагаранне ўзнікае ў выглядзе аб’ёмнага полымнага гарэння газаў і вадкасцей. Гл. таксама Узгаранне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел ядзернай фізікі, у якім даследуюцца структура высокаўзбуджаных станаў атамных ядраў (нейтронныя рэзанансныя станы) і механізм працякання ядз. рэакцый на павольных нейтронах (састаўное ядро, прамыя працэсы, механізм уваходных станаў).
Тэарэт. асновай Н.с. стала мадэль працякання ядзерных рэакцый з утварэннем доўгажывучага прамежкавага састаўнога ядра (прапанавана Н.Борам). Матэм. апарат мадэлі састаўнога ядра грунтуецца на формуле Брэйта—Вігнера, якая апісвае рэзанансы ў сячэнні ўзаемадзеяння павольных нейтронаў з ат. ядрамі. Метадамі Н.с. вызначаюць поўныя і парцыяльныя сячэнні ўзаемадзеяння нейтронаў з ат. ядрамі. Даследаванні вядуцца на ўзорах з прыроднай сумессю ізатопаў і на раздзеленых узорах. Даныя Н.с. складаюць навук. аснову рэактарабудавання, ядз. энергетыкі, шэрагу дастасаванняў нейтроннай фізікі ў радыебіялогіі, медыцыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬНА-КА́САВАЯ МАШЫ́НА,
электрамеханічная машына для механізацыі касавых аперацый, уліку грашовых паступленняў, падсумоўвання кошту пакупкі (паслуг) і выдачы касавага чэка. Асн. частка машыны — электронны лічыльны механізм з прыстасаваннем, якое друкуе на кантрольнай стужцы лічбы-сумы або ўмоўныя знакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-ПАДБО́РШЧЫК,
прычапная с.-г. машына для падбору сена і саломы з валкоў і прасавання іх у цюкі ці рулоны. Выкарыстоўваецца таксама ў стацыянарных умовах.
Прэс-падборшчыкі: а — рулонны; б — цюкоў.
Агрэгатуецца з трактарамі тыпу «Беларусь». Рабочыя органы прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асн. вузлы: падборшчык, механізм падачы (2 упакоўшчыкі), прасавальная камера (у П.-п. цюкоў з поршнем, у рулонных — пастаяннага ціску), вязальны апарат, сістэма перадач, хадавая частка. Падбіральны механізм збірае сена з валка і падае ў прасавальную камеру, дзе яно прасуецца, затым цюкі і рулоны аўтаматычна абвязваюцца шпагатам ці сеткай і выкідваюцца ў трансп. сродкі ці на зямлю.
На Беларусі рулонныя П.-п. вырабляе Бабруйскі завод па выпуску машын для агракомплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ВЕРС (ням. Revers ад лац. reversum павернуты назад),
1) механізм для змены напрамку руху (вярчэння) машыны, рухавіка або асобных іх элементаў на адваротны. У рухавіках Р. найчасцей — крывашыпна-кулісны або кулачковы механізм, у станках — зубчастае зачапленне з дадатковым (прамежкавым) колам.
Р. наз. таксама сам працэс змены напрамку руху на процілеглы — рэверсаванне. Выкарыстоўваецца ў грузападымальных (падыманне, спуск), трансп, (уперад, назад) машынах і інш. У авіяц. і суднавых рухавіках рэверсавання дасягаюць паваротам лопасцей паветраных або грабных вінтоў, у эл. рухавіках пастаяннага току — зменай напрамку току ў абмотках узбуджэння, пераменнага току — пераключэннем дзвюх фаз абмоткі статара (робіцца з дапамогай эл. рэверсара).
2) Адваротны бок медаля, манеты, процілеглы аверсу.
3) У гандлёвым праве пісьмовае абавязацельства адной асобы другой, у якім даюцца гарантыі чаго-небудзь, засведчваецца што-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РЫКІ,
электрычныя сігналы, створаныя радыёхвалямі, што выпрамяняюцца пры разрадах маланкі. Пры радыёпрыёме ўспрымаюцца як шоргаты ці посвісты. Даследаванні атмасферыкаў дазваляюць выявіць механізм распаўсюджвання звышдоўгіх эл.-магн. хваляў, а таксама ўласцівасці самых ніжніх і надзвычай высокіх слаёў іанасферы, дзе атмасферыкі распаўсюджваюцца.