2 курганныя могільнікі 11—12 ст. паміж в. Курганне Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. і р. Дабасна. У адным могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на спіне галавой на 3, трапляецца трупаспаленне. Знойдзены ганчарная кераміка, пярсцёнкападобныя і сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы; шкляныя, сердалікавыя, бурштынавыя і металічныя пацеркі; металічныя прылады працы і інш. Могільнік належаў радзімічам. У другім могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце і ў яме. Знойдзены ганчарная кераміка, жал. нож, шкляныя залачоныя і сердалікавыя, буйназярністыя яйкападобныя пацеркі. Належаў дрыгавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА СПЛА́ВЫ,
металічныя сістэмы, адным з кампанентаў якіх (як правіла, пераважным) з’яўляецца жалеза. Найб. часта выкарыстоўваюць сплавы жалеза з вугляродам (сталь, чыгун). Да Ж.с. адносяць сплавы са спец. ўласцівасцямі (высокім эл. супраціўленнем, малым цеплавым расшырэннем, магнітнымі і інш.), а таксама ферасплавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
штучныя паверхневыя слаі, якія ахоўваюць вырабы і збудаванні ад разбуральнага ўздзеяння асяроддзя, павышаюць трываласць, надаюць ім прывабны выгляд. Бываюць металічныя (з алюмінію, бронзы, жалеза, цынку і інш.) і неметалічныя (лакі, эмалі, фарбы, пластмасы, гума, цэмент, эбаніт і інш.).
Металічныя пакрыцці наносяць гальванічным (гл.Гальванатэхніка), плазмавым (распыленне расплаўленых металаў), кантактным (выдзяляюць металы з раствораў без эл. току) спосабамі, гарачай пракаткай (плакіроўка); практыкуюць алітаванне, залачэнне, цэментаванне. З неметалічных самыя пашыраныя лакафарбавыя пакрыцці. Пластмасавыя пакрыцці (поліэтылен, фтарапласты, вінілавыя пласты, матэрыялы на аснове бакелітавых і эпаксідных смолаў) наносяць на паверхні віхравым ці газаполымным напыленнем або абліцоўкай ліставымі матэрыяламі. Ахоўныя пакрыцці з пластмасаў і гумы засцерагаюць вырабы, пераважна хім. апаратуру, ад дзеяння вады, кіслот і інш.хім. рэагентаў. Керамічныя ахоўныя пакрыцці наносяць плазмавым напыленнем ці эмаліраваннем (ахоўваюць вырабы ад высокіх тэмператур і агрэсіўных асяроддзяў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАНТАРЭ́Я (франц. galanterie літар. ветлівасць, далікатнасць),
гандлёвая назва прадметаў упрыгожання, туалету і асабістага ўжытку. Асартымент галантарэі з улікам зыходных матэрыялаў зведзены ў групы: тэкстыльную (стужкі, тасьмы, гальштукі і інш.), з пластычных мас (грабяні, гузікі і інш.), металічныя (брошкі, спражкі і інш.), скураныя (пальчаткі, рамяні паясныя і інш.), шчоткі і люстэркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛІ́ЎКА,
выраб, які атрымліваецца пры заліўцы расплаўленага металу, горнай пароды, шлаку, шкла, пластмасы і інш. у ліцейную форму. Можа быць гатовай дэталлю ці загатоўкай, зліткам для апрацоўкі на пракатных станах, паўфабрыкатам для пераплаўкі (чушкавы метал). Металічныя адліўкі вырабляюць з шэрага, коўнага і легіраванага чыгуну (75% па масе), вугляродзістых і легіраваных сталяў (20%) і каляровых сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,
металічныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, элементы якіх злучаны зваркай. У параўнанні з кляпанымі канструкцыямі маюць паніжаны расход металу, меншы кошт вырабу, большую герметычнасць швоў (што асабліва важна для трубаправодаў, рэзервуараў і г.д.). Недахопы: наяўнасць унутраных напружанняў і дэфармацый, карабачанне тонкіх элементаў. З.к. робяць пераважна дугавой зваркай, элементы значнай таўшчыні (30—50 мм і больш) — электрашлакавай зваркай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁХВАЛЯВО́Д,
канал (хвалявод), уздоўж якога распаўсюджваюцца радыёхвалі. Для Р. характэрна, што яго папярочныя памеры параўнальныя з даўжынёй перададзеных хваль. Бываюць трубчастыя металічныя круглага, прамавугольнага ці інш. папярочнага сячэння, а таксама стрыжнёвыя дыэлектрычныя (суцэльныя ці пустацелыя). Выкарыстоўваюцца як элементы ЗВЧ-ланцугоў радыётэхн. апаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯДУ́К (франц. viaduk ад лац. via дарога + duco вяду),
маставое збудаванне на высокіх апорах пры перасячэнні дарогі з ярамі, цяснінамі, забалочанымі далінамі рэк. Будуецца часам замест высокіх насыпаў, калі іх стварэнне эканамічна або тэхнічна не мэтазгодна. Паступовае нарастанне вышыні апор (часам і памеру пралётаў) адрознівае віядук ад эстакады. Бываюць віядукі каменныя, металічныя, бетонныя, жалезабетонныя, пераважна шматпралётнай арачнай, радзей бэлечнай канструкцыі. Віядукі вядомыя з часоў Стараж. Рыма, дзе іх будавалі па сістэме арак, выкладзеных з буйных каменных блокаў, што надавала ім суровы манум. выгляд (віядукі каля г. Алькантара ў Іспаніі). З канца 19 ст. будуюць пераважна металічныя і жалезабетонныя віядукі. Канструкцыйныя магчымасці новых матэрыялаў і распрацоўка навук. тэорыі мостабудавання далі магчымасць значна зменшыць аб’ём і масу асн. частак збудавання і паўплывалі на ўзнікненне сучасных віядукаў з адкрытымі канструкцыямі (жалезабетонныя віядукі ў г. Нажан на р. Марна, Францыя, віядук Пальчэвера ў Генуі і інш.).
Старажытнарымскі віядук каля г. Алькантара (Іспанія) цераз р. Таха. 109. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭО́МЕТР (ад грэчаскага araios няшчыльны, вадкі + ...метр),
прылада для вымярэння шчыльнасці вадкасцяў і цвёрдых целаў. Прынцып работы арэометра заснаваны на Архімеда законе. Бываюць шкляныя (найбольш пашыраныя) і металічныя (для вымярэння шчыльнасці вадкасці пры высокіх тэмпературах). Паводле прызначэння адрозніваюць дэнсіметры і арэометры для вымярэння канцэнтрацыі раствораў (лактадэнсіметры, спіртамеры, цукрамеры). Шчыльнасць цвёрдых целаў вымяраюць арэометры пастаяннага аб’ёму (гл.Гідрастатычнае ўзважванне).