БЕЛПРАЕКТСТАЛЬКАНСТРУ́КЦЫЯ, Беларускі інстытут па праектаванні будаўнічых металічных канструкцый Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1963 як Мінскі аддзел Маскоўскага ін-та «Праектстальканструкцыя». З крас. 1990 арэнднае прадпрыемства «Белпраектстальканструкцыя». Асн. кірункі работы: распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі металаканструкцый будынкаў вытворчага, с.-г. і грамадз. прызначэння, розных інж. збудаванняў (галерэй, градзірняў, мачтаў, вежаў, бункерных эстакад, рэзервуараў і інш.); дакументацыі металаканструкцый на рэканструкцыю дзеючых вытворчасцяў; абследаванне металаканструкцый будынкаў і збудаванняў для далейшай іх эксплуатацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),
вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЛА, кляпайла,
старажытны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Мае выгляд прадаўгаватай драўлянай або метал. пласціны розных памераў. Вял. біла падвешваюць да слупа («білніцы»), малое трымаюць у руцэ. Пры ўдарах па біле палкай або малатком узнікае паслядоўнасць гукаў рознай тэмбравай афарбоўкі (рэзкай сухаватай у драўляных, працяглай гулкай у металічных) і рытмічнай арганізацыі, часам з прыкметным вышынным адхіленнем і фразіроўкай. Пашырана ў многіх народаў свету (славянскіх, фіна-угорскіх, азіяцкіх). З 1-га тыс. вядомы як сігнальны інструмент: выкарыстоўваецца і цяпер у хрысц.царк. практыцы, старажоўстве, вясковым і гар. побыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛА (ад лац. bulla шарык),
1) у сярэднявеччы віслая металічная (са свінцу, серабра, золата) пячатка, якая змацоўвала папскі, імператарскі, каралеўскі, княжацкі дакумент, а таксама назва адпаведнага дакумента. Назва паходзіць ад металічных шарыкаў, праз якія працягваўся шнурок і на якіх адціскаўся адбітак спец. шчыпцамі — булаторыямі. У Рыме булы з’явіліся ў канцы 4 ст. З канца 10 ст. вядомы на Русі. Свінцовыя булы і тыпалагічна блізкія да іх пломбы 12 ст. знойдзены ў Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне, Мінску, Тураве і інш. Пячаткі тыпу булы полацкага кн.Ізяслава Уладзіміравіча і Ефрасінні Полацкай выяўлены ў Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НДЖА (англ. banjo),
струнны шчыпковы інструмент. Напачатку мела драўляны, пазней метал. корпус у выглядзе бубна са скураной (цяпер пластыкавай) мембранай, доўгую шыйку з грыфам без ладоў (цяпер з ладамі), галоўку з калкамі, 4—9 жыльных (пазней металічных) струн. Гук рэзкі, востры, з шаргаценнем, хутка згасае, здабываецца пераважна плектрам. Завезена з Зах. Афрыкі ў ЗША каля 17 ст. Выкарыстоўвалася для акампанементу і сольнай ігры, пазней у традыц.джазе. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся разнавіднасці банджа — пікала, тэнар, бас і яго мадыфікацыі — банджа-укулеле, банджа-мандаліна, банджа-гітара (падобныя да банджа колькасцю струн і настройкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЗА,
1) украінскі шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Мае грушападобны корпус, шыйку з 4—10 ладамі ці без ладоў, 4 адзінарныя ці парныя струны. Была найб. пашырана ў 16—18 ст. сярод запарожскіх казакоў. У 1960—70-я г. мадэрнізавана, створана сям’я К. — малая, сярэдняя (рытм-К.) і вял. басовая. Пашырана ў аркестрах нар. інструментаў.
2) Малдаўскі, рум., польскі струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Мае кароткую шыйку. Строй асн. жыльных струн — C, G, d, g, строй 4 парных металічных — на актаву вышэй. Гук здабываюць з дапамогай плектра.
Літ.:
Лисенко-Дністровський М. Українська кобза // Жовтень. 1980. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.
Пабудаваны ў 1966 на праспекце Машэрава ў Мінску (арх. С.Філімонаў, В.Малышаў). Самае вял. ў Беларусі крытае спарт. збудаванне шматмэтавага прызначэння. Амаль квадратны ў плане будынак (82 × 78 м); яго аб’ём 100,5 тыс.м³. Кампазіцыя гал. фасада, арыентаванага на праспект, заснавана на рытме жалезабетонных пілонаў. Глядзельную залу (66 × 64 м) перакрывае прасторавая сістэма металічных ферм (макс. пралёт 61,5 м). Мае хакейную пляцоўку (30 × 61 м) і стацыянарныя асіметрычныя трыбуны (на 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны макс. 6 тыс. месцаў), 2 спарт. залы (12 × 18 м), адм. і дапаможныя памяшканні. У 1999 каля палаца ўзведзены будынак лядовай пляцоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЭ́ННЕ,
працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.
Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.
Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.
Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабы нар. майстроў з г. Давыд-Гарадок і навакольных вёсак Столінскага р-на. Промысел быў пашыраны ў 19 — 1-й пал. 20 ст. Паводле канструкцыі куфар рабілі ў выглядзе звужанай унізе дашчанай скрыні на 4 металічных ці драўляных колцах, з плоскім векам, якое выступала за бакавыя сценкі, з уразным ці накладным замком з акоўкай і 2 ручкамі па баках. Фарбавалі ў чырвона-вохрысты колер. Гладкія палосы бляхі, звычайна прафіляваныя, аздаблялі вуглы куфра і край века. Шырокія жал. палосы, што падзялялі пярэднюю сценку куфра на 4 часткі, заканчваліся дэкар. стылізаванымі выявамі галоў птушак, змей або звычайным закругленнем. Часам пярэднюю сценку размалёўвалі расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе галінак з кветкамі.