першы гістарычна вядомы полацкі князь, бацька Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапісаў, прыйшоў «з-за мора». Даследчыкі лічаць, што Р. стаў полацкім князем у 960—970-я г. ці нават у сярэдзіне 10 ст. Можна меркаваць, што ў барацьбе Ноўгарада з Кіевам Р. схіляўся на бок Кіева. Заваяваў наўгародскія воласці, за што ў 980 (паводле В.М.Тацішчава ў 975 або 980, паводле А.А.Шахматава ў 970) забіты наўгародскім кн.Уладзімірам Святаславічам разам з жонкаю і 2 сынамі. (Раальдам і Свенам).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.:(Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКАў юрыспрудэнцыі,
асоба, адносна якой ёсць падставы меркаваць, што ёй вядомы нейкія акалічнасці па крымін., адм. або цывільнай справе, выкліканая органам, што вядзе следства, справу аб адм. правапарушэнні, або судовы працэс, для дачы паказанняў. Асоба, выкліканая ў якасці С., абавязана з’явіцца па выкліку і даць праўдзівыя паказанні. За адмову або ўхіленне ад дачы паказанняў, за дачу заведама лжывага паказання па крымін. і цывільных справах С. нясе крымін. адказнасць у адпаведнасці з законам. Працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь вызначае кола асоб, якія не падлягаюць допыту ў якасці С.: падазроныя; асобы, што па ўзросце, фіз. або псіхічным стане здароўя не здольны правільна ўспрымаць акалічнасці, што належаць высвятленню па справе, і некат. інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ЛА-1,
гарадзішча жалезнага веку (6—8 ст.) і эпохі феадалізму (9 — пач. 10 ст.), каля в. Свіла 1-я Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка памерам 100 × 80 м умацавана 3 кальцавымі валамі і 2 равамі. Пры раскопках знойдзены наканечнікі стрэл, скроневыя кольцы, завушніца-лунніца, прасліцы, рэшткі глінянага посуду. На гарадзішчы выяўлены 2 грунтавыя пахаванні з абрадам трупаспалення. Знойдзеная ў гасп. яме вял. колькасць абпаленага азімага жыта з’яўляецца самым раннім сведчаннем (9 ст.) існавання гэтай культуры на Беларусі. Комплекс асн. рэчываў дае падставы меркаваць, што гарадзішча С.-1 заснавана балцкімі плямёнамі, а пазней ператворана крывічамі ў апорны пункт пры асваенні новых зямель у Падзвінні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.Ядкоўскім у час археал. раскопак на тэр.Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.
Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.Селязнёў, Р.Сташкевіч, А.Трусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,
арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.
Літ.:
Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;
Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д УСЯСЛА́ВІЧ,
(у хрышчэнні Барыс; ?—1128), князь полацкі, сын Усяслава Брачыславіча (Чарадзея). Свой пасад заняў пасля смерці бацькі як старэйшы сын (1101). У 1102 хадзіў на ятвягаў, разбіў іх і ўзяў вял. палон, які пасяліў у г. Барысаў, заснаваным ім у тым жа годзе. Верагодна, у 1106 узначальваў аб’яднанае войска полацкіх князёў, якое выступіла супраць земгалаў. У выніку няўдачы гэтага паходу, як можна меркаваць, быў пазбаўлены полацкага пасада. У 1127 па патрабаванні кіеўскага князя Мсціслава, які з многімі князямі прыйшоў на Полацкую зямлю Р.У. быў пастаўлены полацкім князем замест Давыда, свайго брата. З імем Р.У. звязваюць надпісы на Барысавых камянях.
Літ.:
Татищев В.Н. История Российская. М.; Л., 1963. Т. 2. С. 123;
Повесть временных лет. М.; Л., 1950. Ч. 1. С. 183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.
Літ.:
Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. agnōstos недаступны пазнанню),
філасофскае вучэнне, паводле якога немагчыма пазнанне аб’ектыўнага свету, яго сутнасці і заканамернасці развіцця, дасягненне абсалютнай ісціны; крайняя форма скептыцызму. Роля навукі абмяжоўваецца толькі пазнаннем з’яў. Тэрмін уведзены ў 1863 англ. прыродазнаўцам Т.Гекслі. Ідэі агнастыцызі прасочваліся яшчэ ў ант. філасофіі (Пратагор, сафісты). Найб. паслядоўна агнастыцызм прадстаўлены ў вучэннях Д.Юма і К.Канта. Юм лічыў, што ўсё пазнанне звязана толькі з вопытам і прынцыпова не выходзіць за яго межы, а таму нельга меркаваць пра адносіны паміж вопытам і рэальнасцю. Кант абгрунтоўваў агнастыцызм увядзеннем і размежаваннем паняццяў «рэч у сабе» (недасягальная для пазнання) і «рэч для нас» (у працэсе пазнання якой утвараецца вобраз гэтай рэчы). Пазнаючы вобраз, розум імкнецца пазнаць і «рэч у сабе», але гэта яму не ўдаецца, паколькі ён валодае магчымасцямі толькі для пазнання вобраза рэчы, таму розум канчаткова заблытваецца ва ўзаемна супярэчлівых выказваннях аб прадмеце (антыноміях), якія дапускаюць пераканаўчае лагічнае абгрунтаванне. Агнастыцызм параджаецца абсалютызацыяй, празмерным адасабленнем і проціпастаўленнем тэорыі і практыкі, пазнання і рэчаіснасці, суб’екта і аб’екта пазнання. Разнавіднасцю агнастыцызму з’яўляецца іерогліфаў тэорыя, неапазітывізм, экзістэнцыялізм і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,
апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.Кмітам і канюшым трокскім М.Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.І.Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.І.Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел. казацкі полк К.Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.