Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ІГО́ЛКІ,
іголкавыя (Syngnathidae), сямейства рыб атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 50 родаў, больш за 180 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некат. віды — у прэсных вадаёмах. У Азоўскім, Балтыйскім, Каспійскім, Чорным і Японскім м. трапляюцца 3 роды: марскія канькі, іголкі-рыбы (Syngnathus) і марское шыла (Nerophis).
Даўж. да 60 см. Цела ўкрыта касцянымі кольцамі. Афарбоўка зменлівая. Ёсць спінны плаўнік, у некат. відаў — грудныя і хваставы. Шчэлепы ў выглядзе пучкоў. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, маляўкамі рыб. Самка адкладвае ікру ў вывадковую камеру самца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я КА́РТЫ.
Адлюстроўваюць рэльеф марскога дна і адзнакі глыбінь, склад грунтоў, берагавую лінію, рэльеф і прыкметныя прадметы на беразе, марскія шляхі, навігацыйныя небяспечнасці (водмелі, рыфы, скалы, буруны і інш.), навігацыйнае абсталяванне (маякі, створныя знакі і інш.), звесткі пра магнітнае схіленне, элементы гідралогіі (цячэнні, прылівы, граніцы льдоў і інш.). Прызначаны для забеспячэння суднаходства, вывучэння і выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я КО́НІКІ (Hippocampus),
род рыб сям. іголкавых атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных морах. Жывуць каля берагоў у зарасніках марской травы, водарасцей і каралаў.
Даўж. да 20 см. Формай цела нагадваюць шахматную фігуру — каня. У самцоў у канцы хваста знаходзіцца вывадковая камера, дзе яны выношваюць ікрынкі. Кормяцца пераважна дробнымі ракападобнымі. Здольныя выдаваць нізкія гукі з амплітудай 500—4800 Гц, якія нагадваюць шчоўканне пальцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.
Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл.Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.