АНТО́НАЎ Сяргей Пятровіч (н. 3.5.1915, С.-Пецярбург),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі аўтадарожны ін-т (1938). Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Па дарогах ідуць машыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Мірныя людзі» (1950), аповесцяў «Зялёны дол» (1953—54), «Парожні рэйс» (1960), «Разарваны рубель» (1966), «Царская саракоўка» (1969), кніг «Лісты пра апавяданне» (1964), «Ад першай асобы. Апавяданні пра пісьменнікаў, кнігі і словы» (1973) і інш., прысвечаных сціплым людзям-працаўнікам, адметныя маральнай праблематыкай, лірызмам. Па аповесцях Антонава «Паддубенскія прыпеўкі» (1950), «Справа была ў Пянькове» (1956), «Алёнка» (1960) пастаўлены маст. фільмы.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.

С.​Н.​Чубакоў.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́САЎ (АТБ) у Варшаве. Існавала ў 1936—39 (да афіц. рэгістрацыі ў 1937 дзейнічала пад назвай «Арганізацыйны камітэт беларускага т-ва ў Варшаве»). Т-ва мела на мэце правядзенне культ.-асв. і выдавецкай дзейнасці, арганізацыю б-к, клубаў, аказанне матэрыяльнай дапамогі і маральнай падтрымкі беларусам, якія жылі ў Варшаве. У яго ўваходзілі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, работнікі, студэнты варшаўскіх ВНУ (каля 1 тыс. чал.). Сярод актывістаў А.​Бычкоўскі, С.​Казура, Б.​Руткоўскі, А.​Шыдлоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі, Л.​Панько, В.​Чарняўская і інш. Пры АТБ працавалі курсы бел. мовы, гурткі маст. самадзейнасці. Дзейнасць спынена ў першыя дні нападу фаш. Германіі на Польшчу.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНАХО́ДНІЦТВА,

творчы працэс, які прыводзіць да новага вырашэння задачы ў любой галіне тэхнікі, культуры, аховы здароўя, абароны і дае станоўчы эфект. Вынаходніцкае права Рэспублікі Беларусь забяспечвае спрыяльныя ўмовы для развіцця масавага В., непасрэднага ўдзелу ў тэхнал. прагрэсе і ўдасканаленні вытв-сці. Шляхам матэрыяльнай і маральнай падтрымкі, наданнем пэўных ільгот дзяржава заахвочвае вынаходнікаў і рацыяналізатараў вытв-сці. У 1932 на 1-м Усебел. з’ездзе вынаходнікаў арганізацыйна аформлена т-ва вынаходнікаў Беларусі. З 1956 дзейнічаў Камітэт па справах вынаходстваў і адкрыццяў СМ СССР, з 1958 — Бел. рэсп. савет Усесаюзнага т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў, з 1990 — Бел. т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАБРАЧЫ́ННАСЦІ ў Стоўбцах.

Дзейнічала ў 1931—33. Ставіла за мэту ўмацаванне нац. самасвядомасці бел. насельніцтва Зах. Беларусі. Займалася таксама аказаннем матэрыяльнай і маральнай дапамогі бедным, сіротам, інвалідам, прапагандавала сан. веды сярод сялян. Пры т-ве працавалі клуб з б-кай і радыё, бел. хор, ставіліся драм. спектаклі ў Стоўбцах, Нясвіжы, Міры, навакольных вёсках. Сябры т-ва арганізавалі курсы земляробства, кройкі і шыцця для сялян, чыталі лекцыі, вялі заняткі па бел. мове з дзецьмі, якія вучыліся ў польскіх школах. Сярод актывістаў т-ва Ф.​Акінчыц, І.​Гундзіловіч, М.​Сабалеўскі і інш. Т-ва зазнала ганенні польскіх улад. 30.7.1933 на агульным сходзе прынята рашэнне далучыцца да Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ДНАСЦЬ,

паняцце, якое раскрывае ўяўленне аб маральнай каштоўнасці чалавека, адлюстроўвае яго паважлівыя адносіны да самога сябе як асобы, а таксама адносіны грамадства да чалавека, у аснове якіх ляжыць прызнанне самакаштоўнасці асобы. Годнасць напаўняе пэўным асобасным сэнсам пазнавальныя функцыі, матывацыю і паводзіны чалавека. Пачуццё ўласнай годнасці — важны кампанент працэсу развіцця чалавечай духоўнасці, побач з сумленнем і гонарам — адзін са спосабаў усведамлення чалавекам сваёй адказнасці перад сабой і грамадствам. Для розных гіст. эпох уласцівы свае ўяўленні аб чалавечай годнасці, якія адлюстроўваюць спецыфічныя сац.-культ. характарыстыкі. Бел. грамадства, якое выбрала дэмакр. шлях развіцця, прызнае годнасць асобы як асн. маральна-прававую каштоўнасць. Рэалізацыя правоў і свабод, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дазволіць стварыць спрыяльныя ўмовы для ўдасканальвання і ўзвышэння асабістай годнасці грамадзян.

В.​А.​Паўлоўская.

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКІ Станіслаў Фёдаравіч (н. 1.9.1940, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1989). Брат М.Ф.Дубянецкага. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1966) і Мінскую вышэйшую парт. школу (1973). Настаўнічаў, быў на культ.-асв. і парт. рабоце (у 1979—89 інструктар ЦК КПБ). З 1989 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1993 у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». Даследуе праблемы нац. і маральнай самасвядомасці, развіцця паліт. працэсу, гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі. Адзін з аўтараў даведнікаў «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995), «Чалавек і грамадства» (1998), інш. энцыклапедычных выданняў.

Тв.:

Центры творческой мысли. Мн., 1982;

Формы и специфика проявления нравственных отклонений в условиях перестройки. Мн., 1990;

Цяжкі шлях да Адраджэння. Брэст, 1997 (разам з Э.​С.​Дубянецкім).

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ЙША Казімір Вікенцьевіч (н. 4.12.1943, в. Малыя Навікі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік Скончыў БДУ (1970). Працаваў у раённых газетах, на Бел. радыё, з 1979 у час. «Полымя», «Вясёлка», з 1988 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1959. Першы зб. вершаў «Восеньскія позвы» (1969). Асн. матывы творчасці — апяванне чалавека працы, дружбы, высакародства і маральнай прыгажосці сучасніка: зб-кі «Мембрана» (1972), «Нектар» (1974), «Тут мае весны прычалены» (1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982), «Галоўная вярста» (1985), «Пярэймы дня» (1988), «Кубак блакіту», (1993), «Лінія лёсу» (1996). Аўтар кніжак для дзяцей «Гаёўка» (1975), «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Дзень добры, шафёр» (1988), «Гарцунок» (1991), «Дожджыкава лічылка» (1998). Выступае з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі. Перакладае з рус., укр., польск. моў.

Тв.:

Я з пушчы... Мн., 1995.

К.В.Камейша.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́ДКАЯ ГАРЭ́ЛКА,

у беларусаў і некат. інш. народаў вясельнае абрадавае пітво, якім частавалі сваякоў і бацькоў маладой за захаванне ёй цнатлівасці, маральнай чысціні. Наз. таксама «чырвоная гарэлка», «калінкі», «рожкі». Пасля шлюбнай ночы малады з дружкамі ехалі з бутэлькай С.г. да бацькоў маладой «на падзяку». С.г. рыхтавалі з падсалоджанай мёдам або цукрам і падфарбаванай чырвонымі ягадамі гарэлкі. На Пн Беларусі і ў Латгаліі С.г. варылі адмысловым спосабам у гліняным гаршку з рознымі духмянымі каранямі, кменам, мёдам або цукрам на прыпечку. Бутэльку з С.г. затыкалі галінкамі каліны і сцяблінкамі аўса, абвязвалі каляровым поясам або чырв. стужкай і загортвалі ў вышыты ручнік. Цешча, атрымаўшы яе, частавала маладога яешняй, а сваіх родных — С.г. У некат. рэгіёнах С.г. бралі з сабой бацькі маладой, калі ехалі на пярэзвы.

Л.​А.​Малаш.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́РМАНАЎ Ігар Аляксандравіч (н. 27.2.1960, г. Запарожжа, Украіна),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1998), праф. (2001). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1981). З 1990 у Нац. ін-це адукацыі (з 1990 заг. лабараторыі, з 1992 заг. аддзялення, з 1994 нам. дырэктара). З 2000 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па псіхал. праблемах дзіцячай агрэсіўнасці, парушэнняў асобаснага развіцця і паводзін дзяцей і падлеткаў, механізмаў рэгуляцыі матывацыйнай, эмацыянальнай, валявой і маральнай сфер асобы, сям’і і адносін паміж дзецьмі і бацькамі.

Тв.:

Детская агрессивность: Психодиагностика и коррекция. Мн., 1996;

Психологическая работа с детьми, лишенными родительского попечительства. Мн., 1999 (разам з А.​А.​Аладзьіным, Н.​В.​Фурманавай);

Психологические особенности детей, лишенных родительского попечительства. Мн., 1999 (з імі ж);

Психология общения в учебно-педагогическом процессе. Мн., 2000 (разам з А.​А.​Аладзьіным, А.​М.​Амялішка).

т. 16, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́Э Кэндзабура (н. 31.1.1935, Осе, Японія),

японскі пісьменнік. Скончыў Такійскі ун-т. Дэбютаваў у 1957. Зведаў моцны ўплыў Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, У.​Фолкнера, Ж.​П.​Сартра. Асн. тэма яго твораў — моладзь у сучасным грамадстве. У раманах «Моладзь, якая спазнілася» (1962), «Асабісты вопыт» (1964), «Футбол 1860» (1967), «Агарнулі мяне воды да душы маёй» (т. 1—2, 1973), «Нататкі пінчранера» (1976), «Гульні равеснікаў» (1979) і інш. праблемы станаўлення асобы і ўзаемадачыненняў індывід. і масавай свядомасці, матывы паводзін і псіхалогія «падманутага пакалення», роля моладзі ў духоўным выратаванні грамадства і прычыны яе маральнай дэградацыі, пошукі нац. каранёў, суаднесенасць гіст. вопыту з сучаснасцю. Аўтар «Хірасімскіх нататкаў» (1966), аўтабіягр. рамана «Лісты да мілага мінулага» (1987). Нобелеўская прэмія 1994.

Тв.:

Рус. пер. — Объяли меня воды до души моей: Роман;

Рассказы. М., 1978;

Опоздавшая молодежь. Футбол 1860 г. М., 1990.

Е.​А.​Лявонава.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)