ІСАЁНАК (Мікалай Іосіфавіч) (н. 21.3.1947, в. Чарневічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1973). Працуе ў быт., пейзажным, партрэтным жанрах, нацюрморце. Сярод твораў: «Хлябы» (1976), «Памяці бацькі» і «У азёрным краі» (1978), «Песня аб маёй зямлі» (1979), «Адна», «Гусоўскаму прысвячаецца», «Нацюрморт з рэшатам», «Зімовы нацюрморт» (усе 1980), «Лён Беларусі», «На роднай зямлі. Памяць», «Салдаткі. Адраджэнне» (усе 1981), «Беларускі краявід» і «Касьба» (1982), «Браслаўскія прасторы» і «Восеньскія дажджы» (1984), серыя «Алеі», «Дарога да храма», «Сад мастака», «Гладышы», «Яблынька майго дзяцінства» (усе 1990-я г.), «Калядны марозік» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ II (Wilhelm; 27.1.1859, Берлін — 4.6.1941),
прускі кароль і герм. імператар [1888—1918]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха III (правіў 9.3—15.6.1888). Унук Вільгельма I. Скончыў Бонскі ун-т (1879). Служыў у арміі (з 1879), ген.-м. (1888). У час яго праўлення Германія стала буйной марской дзяржавай (у развіцці ўзбр. сіл асаблівую ўвагу аддаваў ВМФ), працягвала калан. захопы, уцягнулася ў 1-ю сусв. вайну. Пазбавіўся ўлады ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918, эмігрыраваў у Нідэрланды. 28.11.1918 адрокся ад прастола. Аўтар твораў «Падзеі і асобы ў 1878—1918 гады» (1922), «З майго жыцця: 1859—1888 гг.» (1927), «Мае продкі» (1929) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВШТУНІ́ (Азат) (сапр.Маміканян Азат Сетавіч; 17.7.1894, г. Ван, Турцыя — 26.3.1958),
армянскі паэт. Вучыўся ў Стамбуле, у 1911—14 слухач літ.-філас. ф-та Сарбоны. З 1914 жыў у Тбілісі, потым у Ерэване. У творах Вштуні драматызм падзей 1-й сусв. вайны (кн. нарысаў «З дзённіка добраахвотніка», 1915), асуджэнне варварскай палітыкі знішчэння арм. народа (зб. вершаў «Струны майго сэрца», 1915), працоўны энтузіязм, праблемы перабудовы вёскі (зб. «Новы Усход», 1923; «Вершы і паэмы», 1936, «Сачыненні», 1956), падзеі Вял.Айч. вайны (зб. «Каханне і нянавісць», 1946). У яго творах актуальнасць тэматыкі, новае асэнсаванне ўсх.паэт. вобразаў, муз. гучанне верша. Пісаў для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НІ ((Bruni) Леанарда) (празваны Арэціна; Aretino; 1369, г. Арэца, Італія — 8.3.1444),
італьянскі гуманіст, пісьменнік, гісторык. У 1410, 1427—44 канцлер Фларэнцыі. У паліт. памфлетах выступаў супраць тыраніі, абараняў рэсп. лад, адстойваў ідэю ўсебаковага развіцця асобы і асуджаў аскетызм. Філас. і эстэт. погляды выклаў у творах, напісаных на лац. мове (трактат «Уводзіны ў навукі пра мараль», дыялог «Спрэчка пра высакароднасць» і інш.). Найбольш вядомыя яго гіст. творы («Гісторыя Фларэнцыі», «Запіскі аб падзеях майго часу»). Аўтар біяграфій Дантэ, Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо на італьян. мове. Перакладаў з грэч. Платона, Арыстоцеля, Плутарха; кн. «Аб правільным перакладзе» — адна з першых спроб стварыць тэорыю перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЫМЕР ((Gordimer) Надзін) (н. 20.11.1923, г. Спрынгс, ПАР),
пісьменніца Паўд.-Афр. Рэспублікі. Піша на англ. мове. У зб-ках апавяданняў «Тварам да твару» (1949), «Ліслівы голас змея» (1952), «Напэўна ў панядзелак» (1976), «Абдымкі салдата» (1980), вострапаліт. аповесці «Недзе зусім побач» (1984), раманах «Ілжывыя дні» (1953), «Зямля чужынцаў» (1958), «Магчымасць кахаць» (1963), «Ганаровы госць» (1970), «Гісторыя майго сына» (1990) і інш. адлюстроўвае розныя бакі сучаснага жыцця краіны: сац. і расавую дыскрымінацыю, каханне, адносіны паміж людзьмі. Яе творам уласцівы тонкі псіхалагізм, лірычнасць, сувязь з фалькл. традыцыяй афр. прозы. Нобелеўская прэмія 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫЛЁЎ (Аляксандр Львовіч) (3.9.1803, Масква — 11.9.1858),
рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.С.Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.Р.Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎРУ́К (Алесь) (сапр.Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, г. Сянно Віцебскай вобл. — 23.8.1942),
бел.паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1938). Загінуў у баях пад Сталінградам. Друкаваўся з 1926. У зб-ках «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938) аптымістычны пафас, рамантыка прац. будняў, эстэтычная завершанасць. Апяваў героіку грамадз. вайны, рэв. подзвіг («Чапаеў», «Рагачоўскі сшытак», «Песня пра дукорскіх партызан»). Паэма «Крывёю сэрца» (1938) пра барацьбу з фашызмам у Іспаніі. З А.Ушаковым напісаў для дзяцей паэмы «Пра майго таварыша», «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (абедзве 1939), лібрэта аперэты «Зарэчны барок».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШЧЫ́НСКІ ((Goszczyński) Севярын) (4.11.1801, г.п. Ільінцы, Украіна — 25.2.1876),
польскі паэт, паліт. дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Б.Ф.Залескім) т.зв.укр. школы польск. рамантызму. Удзельнік паўстання 1830—31. Рэв.-патрыят. зместам з моцнымі радыкальнымі акцэнтамі насычаны яго раннія вершы і зб. «Пабудка» (1831). Падзеям казацка-сял. паўстання 1768 на Украіне прысвечана паэма «Канёўскі замак» (1828). Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў (Галіцыя, Францыя). Вершы позняга перыяду прасякнуты рэліг.-патрыят. духам («Пасланне да Польшчы», 1856). Аўтар «Дзённіка падарожжа ў Татры» (1832), паэмы «Сабутка» (1834), паэмы ў прозе «Кароль замчышча» (1842), літ.-крытычных і грамадска-паліт. даследаванняў — «Новая эпоха польскай паэзіі» (1835), «Слова пра самаахвярнасць» (1844), успамінаў «Бельведэрская ноч» (1870) і «Падарожжа майго жыцця» (выд. 1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЯВІ́ЦІНАЎ (Дзмітрый Уладзіміравіч) (26.9.1805, Масква — 27.3.1827),
рускі паэт. Прадстаўнік філас. плыні ў рус. рамантызме. Скончыў Маскоўскі ун-т (1824). Адзін з заснавальнікаў «Таварыства любамудрасці». Рамантычная паэзія Венявіцінава насычана філас. матывамі ў духу шэлінгіянства. Многія вершы прысвечаны высокаму прызначэнню паэта і паэзіі, культу дружбы і братэрства паміж людзьмі. Аўтар любоўных элегій («Запавет», «Элегія», «Да майго пярсцёнка», «Паэт і сябра», «Апошнія вершы» і інш.), паэмы «Еўпраксія» (выд. 1829). Перакладаў з лац., франц. і ням. моў (Вергілій, Ш.Мільвуа, І.В.Гётэ, Э.Т.А.Гофман і інш.). Пісаў філас. і літ.-крытычныя артыкулы.
Тв.:
Полн. собр. соч.М.; Л. 1934;
Стихотворения;
Проза. М., 1980.
Літ.:
Тартаковская Л.А. Дмитрий Веневитинов: (Личность. Мировоззрение. Творчество). Ташкент, 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛАЎ (Уладзімір Восіпавіч) (н. 3.7.1926, в. Кірылаўка Маскоўскай вобл.),
рускі пісьменнік. Удзельнік Вял.Айч. вайны. Першая аповесць «Іван» (1958; фільм «Іванава дзяцінства», 1962). Аўтар кароткіх апавяданняў-прытчаў «Першае каханне», «Сэрца майго боль», «Могілкі пад Беластокам» і інш., аповесці «Зося» (1965, аднайм. фільм 1967). У рамане «У жніўні сорак чацвёртага...» (другая назва — «Момант ісціны», 1974) паказаў работу сав.ваен. контрразведчыкаў, будзённы прафесіяналізм якіх узняты да ўзроўню гераічнага подзвігу. Простая і лаканічная мова Багамолава ўзмацняе псіхал. напружанасць і амаль дакумент. дакладнасць падзей, што апісваюцца. На бел. мову яго творы перакладалі А.Жук, У.Паўлаў.
Тв.:
Роман;
Повести;
Рассказы. М., 1986;
Бел.пер. — Зося // Далягляды. Мн., 1981;
Момант ісціны (У жніўні сорак чацвёртага...). Мн., 1984.