БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1793БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1739. Падпісаны 29 вер. ў Бялградзе паміж Расіяй і Турцыяй, завяршыў руска-турэцкую вайну 1735—39. Паводле дагавора за Расіяй замацавана права на Азоў, Запарожжа, землі паміж Паўд. Бугам і Северскім Данцом. За Турцыяй засталіся Сербія і Малая Валахія. Вялікая і Малая Кабарда прызнаваліся нейтральнымі. Расіі забаранялася трымаць флот на Азоўскім і Чорным морах, гандаль на Чорным м. яна магла весці толькі на тур. караблях. Умовы міру не адпавядалі поспехам рус. войск і не вырашалі гал. задачы рус. дыпламатыі — атрыманне выхаду да Чорнага м. Ануляваны Кючук-Кайнарджыйскім мірам 1774.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-САВЕ́ЦКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1942аб саюзе.
Падпісаны 29 студз. ў Тэгеране. Яго падпісанню папярэднічаў часовы ўвод сав. і англ. войскаў у Іран у жн.—вер. 1941 з мэтай перашкодзіць фаш. Германіі выкарыстаць тэрыторыю і рэсурсы Ірана ў вайне супраць СССР і Англіі. Дагавор забяспечваў супрацоўніцтва Ірана з антыгітлераўскай кааліцыяй у 2-й сусв. вайне. СССР і Англія абавязваліся абараняць Іран ад агрэсіі з боку Германіі або інш. дзяржавы, не займаць пазіцыі, якая магла б пашкодзіць інтарэсам Ірана ва ўзаемаадносінах з інш. краінамі. Іран у сваю чаргу абавязваўся не ўсталёўваць адносін, несумяшчальных з дагаворам. Пасля заканчэння 2-й сусв. вайны войскі саюзнікаў выведзены з Ірана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́Ў,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада, прызначаная для лоўлі рыбы, якая сплывае на прадвесні па цячэнні. Меў выгляд сеткавага мяшка, прымацаванага да 2 шастоў (вузмукаў), якія кольцамі злучаліся з доўгімі тоўстымі каламі (жорасцямі) так, што маглі свабодна рухацца па вертыкалі ўздоўж іх. Каб рыба не магла выйсці з мяшка, унутры яго (пры ўваходзе) прывязвалася сеткавая перагародка (падпона). П. устанаўліваўся ў палонцы пры дапамозе жорасцяў, якія ўбіваліся ў дно вадаёма, а верхнія канцы абапіраліся на лёд. У рабочым стане ніжняя частка мяшка прыціскалася вузмукамі да дна, а верхняя падтрымлівалася вяроўкамі. Ад мяшка адыходзіла некалькі шнуроў (старажоў), паторгванне якіх сведчыла, што ў сетцы ёсць рыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),
становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНІ́ЧНАЯ КА́СА,
орган страхавання рабочых на прадпрыемствах Рас. імперыі на пач. 20 ст. Паводле закону «Аб абавязковым страхаванні рабочых ад няшчасных выпадкаў і на выпадак хваробы» (1912) бальнічная каса магла быць заснавана пры наяўнасці на прадпрыемстве 200 чл. (калі было менш — стваралася агульная каса для рабочых некалькіх прадпрыемстваў). У 1914 у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. было 99 бальнічных кас (39 тыс.чл.). Штомесяц чл. касы плацілі ўзнос у памеры 2—3% ад сумы заробку, уладальнік прадпрыемства ўносіў 2/3 сумы ад узносаў рабочых. З гэтых сродкаў хворыя атрымлівалі дапамогу ў памеры 25—50% сярэдняга заробку (але не больш як на працягу 26 тыдняў). Жанчынам выдавалі дапамогу па цяжарнасці ад палавіны да 2/3 заробку на працягу 4 тыдняў да родаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»
(«Homan»),
бел. грамадска.-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 у Вільні на бел. мове з дазволу акупац.герм. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В.Ластоўскі і Я.Салавей (з сярэдзіны 1917). Выступала за нац.-культ. адзінства бел. народа, незалежную Бел. рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае ВКЛ. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, друкавала інфармацыю з франтоў. Надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню апублікавала некат. творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, Ц.Гартнага, А.Гурло, а таксама даследаванні М.Нікіфароўскага, літ.-крытычныя нарысы А.Луцкевіча (пад. псеўд. А.Навіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЖО́Н (франц. donjon),
галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл.Камянецкая вежа).
Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫІ,
часовыя саслоўныя паліт. саюзы ў Рэчы Паспалітай для дасягнення пэўнай мэты. Узніклі ў Польшчы ў 14 ст., у ВКЛ у 16 ст. Былі адна- і шматсаслоўныя. З 16 ст. існавалі пры каралях для падтрымкі іх рашэнняў і К., накіраваныя супраць каралёў. Калі да К. далучаліся ўсе ваяводствы ці большасць іх, яна наз. генеральнай і магла выконваць функцыі вышэйшага органа дзярж. улады. Кіруючым органам К. была вальная рада, якая адпавядала сейму і выбіралася канфедэрацкімі сеймікамі. Узначальваў К. і вальную раду маршалак. Для ўнутр. бяспекі і захавання цэласнасці дзяржавы К. стваралі каптуровыя суды і канфедэрацкія суды. Генеральныя К. маглі стварацца асобна ў Польшчы і ВКЛ. У 18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічалі Віленская канфедэрацыя 1716, Слуцкая канфедэрацыя 1767, Радамская канфедэрацыя, Барская канфедэрацыя, Таргавіцкая канфедэрацыя. Стварэнне К. забаранялася навечна сеймам 1717, Чатырохгадовым сеймам 1788—92, Канстытуцыяй 3 мая 1791, але яны ўсё ж узнікалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),
суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЕ ЖЫЦЦЁ»,
грамадска-паліт. і літ. часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1919 у Вільні, са снеж. 1919 да сак. 1920 у Мінску на бел. мове лацінкай і з вер. 1919 кірыліцай як ілюстраваны штотыднёвік нерэгулярнай перыядычнасці. Рэдактар-выдавец Ф.Аляхновіч, з 1920 літ. кіраўнік З.Бядуля. Часопіс выступаў за стварэнне самастойнай бел. дзяржавы бурж.-дэмакр. тыпу або альтэрнатыўнай федэрацыі народаў былога ВКЛ, якая, на думку рэдакцыі, магла б процістаяць Польшчы, Расіі, Германіі. У шэрагу праграмных артыкулаў выступаў супраць палітыкі бальшавікоў і адначасова супраць белагвардзейскай і ням. палітыкі заняволення Беларусі. Крытыкаваў палітыку Польшчы за няўвагу да нац. самавызначэння народаў, зямельнай рэформы і дэмакратызацыі. Для светапогляду большасці аўтараў характэрна традыц. канцэпцыя бел. народніцтва, арыентацыя на вёску і ідэалы вольнай кааперацыі як спецыфічна бел.гіст. шляху. Меў літ.-маст. аддзел, які вызначаўся жанравай разнастайнасцю, шырокім ахопам гісторыі бел.маст. культуры і яе праблем, асабліва л-ры і нац. тэатра.