1) расліны і жывёлы, якія жывуць пераважна на камяністым субстраце (напр., лішайнікі, некат. малюскі, матылі, жукі, рыбы, яшчаркі і інш.).
2) Каменяточцы, звычайна нерухомыя або з запаволенымі рухамі марскія жывёлы (напр., некат. губкі, малюскі, многашчацінкавыя чэрві, ракападобныя), здольныя разбураць горныя пароды, каралы, ракавіны малюскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАФІ́ТЫ [ад літа... + ...фіт(ы)],
петрафіты, расліны, якія растуць на камянях, скалах ці ў іх расколінах. Першасныя агенты разбурэння скал. Напачатку на камянях пасяляюцца бактэрыі і водарасці, потым лішайнікі і імхі, на якіх вырастаюць вышэйшыя расліны — аўсяніца, званочкі, папараці, з дрэвавых парод — хвоя, ядловец і інш. Каранёвая сістэма Л. паглыбляецца і пашырае расколіны горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + ... логія),
навука пра лішайнікі; раздзел батанікі. Вывучае відавую разнастайнасць лішайнікаў (сістэматыка), іх будову (марфалогія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), роднасныя сувязі (філагенія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), геагр. пашырэнне і гасп. значэнне. Звязана з экалогіяй, медыцынай, прам-сцю. Першыя звесткі пра лішайнікі трапляюцца ў Тэафраста (4—3 ст. да н. э.). Заснавальнік Л. — Э.Ахарыус. На Беларусі першыя апісанні лішайнікаў зроблены С.Б.Юндзілам і Ф.Блонскім у 19 ст. Планамерна вывучаць ліхенафлору пачалі з 1930-х г. у АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам М.П.Таміна, які сабраў багаты гербарны матэрыял, выдаў вызначальнікі лішайнікаў Беларусі (1936—38). Даследаванні па Л. (пераважна фларыстычныя і фітацэнатычныя) вядуцца ў Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (У.У.Галубкоў, Н.М.Кобзар). Даследуюцца антрапагенныя змены ліхенафлоры і груповак лішайнікаў, вядуцца работы па ліхенаіндыкацыі стану навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Горбач Н.В. Лихенологические исследования в Белоруссии и перспективы их развития // Экология и биология низших растений: Тез. докл.Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАФІ́ТЫ [ад аэра... + ...фіт(ы)],
«паветраныя» расліны, якія атрымліваюць усе неабходныя пажыўныя рэчывы з атмасферы. Да іх належаць эпіфіты, некаторыя імхі, што пасяляюцца на ствалах і галінках дрэў (у тропіках — нават на лісці), нешматлікія водарасці, якія жывуць на кары дрэў, і некаторыя лішайнікі (напр., т.зв. лішайнікавая манна). Аэрафітамі называюць таксама расліны, якія нармальна развіваюцца толькі на добра аэраваных глебах (у флоры Беларусі, напрыклад, розныя віды псамафітаў — аўсяніца палеская, смалёўка армерыяпадобная, ціпчак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫЯ АА́ЗІСЫ,
свабодныя ад ледавіковага покрыва ўчасткі краявой зоны Антарктыды. Плошча ад некалькіх дзесяткаў да соцень квадратных кіламетраў (аазіс Бангера 952 км²). Размешчаны ўнутры вобласці ледавіковай акумуляцыі, акаймаваны зонай абляцыі. Для антарктычных аазісаў характэрны спецыфічны прыродны комплекс (мясцовы менш суровы клімат, ландшафты халодных пустыняў, шмат азёраў, арганічнае жыццё прымітыўнае, крыягенна-структурныя глебы). Раслінны свет: імхі, лішайнікі, прэснаводныя водарасці; жывёльны свет: птушкі — буравеснікі, паморнікі, у асобных антарктычных аазісах — пінгвіны. У антарктычных аазісах — большасць палярных навук. станцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),
група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.Поўэлам і Н.Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХРАФІ́ТЫ [ад грэч. psychros халодны + ...фіт(ы)],
расліны, што растуць на вільготных і халодных глебах (высокія шыроты, высакагор’і). Прыстасаваныя да працяглай зімы, нізкай т-ры паветра і глебы, кароткага вегетац. перыяду, паніжанага забеспячэння раслін пажыўнымі рэчывамі, невял. колькасці ападкаў, адносна высокай вільготнасці паветра, моцных вятроў, якія высушваюць глебу летам і ўшчыльняюць снежнае покрыва зімой, і інш. Да П. адносяцца некат. водарасці і лішайнікі, з вышэйшых раслін — дрыяда, кедравы сланік, рададэндран камчацкі і інш. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна (для выспявання насення вегетац. перыяд вельмі кароткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАЛА́ТЫ,
вытворныя шчаўевай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Аксалаты (эфіры) — вадкасці (напр., дыэтылаксалат C2H5OOC—COOC2H5, tкіп 185,4 °C), растваральныя ў спіртах, эфірах, нерастваральныя ў вадзе. Атрымліваюць этэрыфікацыяй шчаўевай к-ты адпаведным спіртам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смолаў, вытворных цэлюлозы. Аксалаты (солі) — крышт. рэчывы, раскладаюцца без плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. Пашыраны ў прыродзе: водарасці, грыбы, лішайнікі, папараці маюць у саставе аксалаты кальцыю; мінералы — аксалаты жалеза. Выкарыстоўваюцца як рэагенты ў аналітычнай хіміі, як праяўляльнікі ў фатаграфіі і інш. Утварэнне аксалата кальцыю ў арганізме чалавека — прычына ўзнікнення нырачна- і жоўцекамянёвай хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Л,
2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ПАГАС (Galápagos),
Чарапашыя астравы, архіпелаг Калон, група з 16 вял. і больш за 50 малых астравоў у Ціхім ак., паблізу ад экватара, на З ад Паўд. Амерыкі. Правінцыя Эквадора. Найб. а-вы: Ісабела, Фернандзіна, Сан-Сальвадор, Санта-Крус і Сан-Крыстобаль. Пл. 7,8 км². Нас. 6,1 тыс.чал. (1992). Галапагас — астравы вулканічнага паходжання з патухлымі і дзеючымі вулканамі. Выш. да 1707 м. Клімат экватарыяльны, пасатны, сухі. Абмываюцца астравы халодным Перуанскім цячэннем; сярэднегадавая т-ра 23 °C. Да выш. 220 м саванны з калючымі хмызнякамі, участкі пустынь, вышэй — вільготныя імхі, лішайнікі, папараці. У фауне шмат рэліктаў і эндэмікаў: гіганцкія чарапахі, яшчаркі ігуаны, фрэгаты, фламінга, пеліканы і інш.Нац. парк. Галапагас.