ГАНІМЕ́Д,
спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр каля 5280 км, адлегласць ад Юпітэра 1,07 млн. км. Ганімед — самы вял. па памерах спадарожнік Юпітэра, на 40% складаецца з вадзянога лёду, мае атмасферу. Адкрыты Г.Галілеем (1610).
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАСПА́Д,
ледалом, участак ледавіка, разбіты глыбокімі трэшчынамі на асобныя глыбы рознай формы і памеру. Утвараецца ў месцах стромкага перагібу падоўжнага профілю ложа ледавіка, дзе павялічваецца скорасць руху масіву лёду, што выклікае расколы.
т. 9, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ННАЯ МАРЭ́НА,
тып адкладаў марэны з грубаабломкавай горнай пароды, моцна ўшчыльненай пад ціскам лёду. Характэрна для покрыўных і горных ледавікоў. Утвараецца ў працэсе намнажэння матэрыялу, які пераносіцца прыдонным слоем ледавіка. Вельмі пашырана на Беларусі.
т. 6, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЖО́Р,
вялікая колькасць у рэчышчы ракі ўнутрыводнага лёду і шарашы ў час асенняга крыгаходу або ў пачатку ледаставу. З. памяншае плошчу жывога сячэння ракі, выклікае падняцце ўзроўню і затапленне поймы. Утвараецца звычайна ніжэй парогаў.
т. 6, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКРА́ІНА,
паласа адкрытай вады паміж ледзяным покрывам і берагам. Утвараецца на рэках перад крыгаломам, а на морах і азёрах пры адрыве прыпаю ад берага пад уздзеяннем ветру, цячэнняў або ў выніку скразнога раставання лёду.
т. 6, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПЫ снежныя і ледзяныя,
від цвёрдых атм. ападкаў у выглядзе дробных часцінак шчыльнага лёду і снежных ядраў. Выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў пры т-ры каля 0 °C. Ад граду адрозніваюцца памерамі (звычайна 2—5 мм).
т. 8, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЭНЦБУРГ (Barentsburg),
палярны горнапрамысловы пасёлак і порт (свабодны ад лёду з чэрв. да ліст.), на в-ве Зах. Шпіцберген (Свальбард, Нарвегія). Каля 1 тыс. ж. (1992). Паблізу аэрапорт. Цэнтр здабычы каменнага вугалю. Краязнаўчы музей. Названы ў гонар мараплаўца В.Барэнца.
т. 2, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДУС РЭАМЮ́РА,
адзінка тэмпературы. Абазначаюцца °R. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: т-ра плаўлення лёду (0 °R) і т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску (80 °R). Прапанаваны франц. вучоным Р.А.Рэамюрам у 1730. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.
т. 5, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ЎЕ, гляцыял, ледавіковая эпоха,
адрэзак часу ў геал. гісторыі Зямлі, які характарызуецца значным пахаладаннем клімату і развіццём магутных покрываў мацерыковага лёду ў палярных і ва ўмераных шыротах. Л. падзяляліся эпохамі амаль поўнага знікнення льдоў — міжледавікоўямі. Гл. таксама Зледзяненні, Ледавіковы перыяд.
т. 9, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎЛЕ́ННЕ,
пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл. Агрэгатныя станы рэчыва); адзін з фазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл. Плаўка).
П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл. Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.
т. 12, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)