ЛЮДО́ВІК XVI (Louis; 23.8.1754, г. Версаль, Францыя —21.1.1793),

кароль Францыі [1774—92]. З дынастыі Бурбонаў. Унук Людовіка XV [1715—74]. Правіў ва ўмовах вострага эканам. і сац.-паліт. крызісу. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 вымушана супрацоўнічаў з Устаноўчым сходам і Заканадаўчым сходам. У 1791 няўдала спрабаваў уцячы за мяжу. Скінуты з прастола ў выніку нар. паўстання 10.8.1792. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе (тайныя зносіны з урадамі краін антыфранц. кааліцыі, выдача ім ваен. планаў Францыі ў 1792) і паводле прыгавору суда Канвента пакараны смерцю (гільяцінаваны).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК IX (Louis) Святы

(25.4. 1214, г. Пуасі, Францыя — 25.8.1270),

кароль Францыі [1226—70]. 3 дынастыі Капетынгаў. Правёў шэраг рэформ па цэнтралізацыі дзярж. улады, заснаваў у Парыжы асобую суд. палату (т.зв. парламент), якая стала вышэйшай у дзяржаве апеляцыйнай інстанцыяй і атрымала важныя адм. функцыі. Пачаў чаканіць паўнавартасную залатую і сярэбраную манеты. У 1248 узначаліў 7-ы крыжовы паход, але ў 1250 трапіў у егіп. палон (вызвалены за вялізны выкуп). У 1259 уступіў Англіі прав. Гіень. Узначаліў 8-ы крыжовы паход (у Туніс), у час якога памёр. Кананізаваны каталіцкай царквой у 1297.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XVIII (Louis; 17.11.1755, г. Версаль, Францыя — 16.9.1824),

кароль Францыі [1814—24]. 3 дынастыі Бурбонаў. Брат Людовіка XVI, граф Праванскі. У час рэвалюцыі 1789—99 уцёк з Францыі (1791). У 1795 пасля смерці ў парыжскай турме малалетняга пляменніка (т.зв. Людовіка XVII) абвясціў сябе каралём. Фактычна заняў прастол у 1814 у выніку перамогі краін антыфранц. кааліцыі над Напалеонам I. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I (сак.чэрв. 1815) знаходзіўся ў Бельгіі. Да 1820 праводзіў адносна ліберальную палітыку, пазней трапіў пад уплыў ультрараялістаў. Гл. таксама Рэстаўрацыя ў Францыі.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Людовік I Анжуйскі 6/89

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XIV (Louis; 5.9.1638, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 1.9.1715),

кароль Францыі [1643—1715]. 3 дынастыі Бурбонаў. Сын Людовіка X111 [1610—43] і Ганны Аўстрыйскай (рэгентка ў 1643—51). Да 1661 дзя́ржавай фактычна правіў кардынал Дж.Мазарыні. У гэты час атрымана перамога над Фрондай, пазбаўлена паліт. значэння арыстакратыя, прыцягнуты да супрацоўніцтва здольныя прадстаўнікі мяшчанства і дробнага дваранства, што прывяло да апагею франц. абсалютызму ў перыяд самаст. праўлення Л. XIV, якому прыпісвалі вядомы выраз «Дзяржава — гэта я». Яго эканам. палітыка (падтрымка гандлю і рамёстваў, засн. мануфактур, упарадкаванне фінансаў) спрыяла і росквіту навукі, культуры, мастацтва (засн. акадэміі надпісаў, навук, музыкі і архітэктуры). Стварэнне моцнай арміі і флоту дазволіла весці шматлікія войны і павялічыць тэр. Францыі (у 1681 далучаны г. Страсбург, у 1678 — прав. Франш-Кантэ). Аднак экспансіянісцкая знешняя палітыка Л. XIV, рэліг. нецярпімасць (жорсткія праследаванні кальвіністаў, адмена ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598), канфлікты з папствам прывялі да стварэння ў 1686 антыфранц. каал шыі, т.зв. Аўгсбургскай лігі. Войны з Лігай 1689—97 і няўдалая для Францыі вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 падарвалі эканоміку краіны. У канцы праўлення Л. XIV дзярж. доўг у 16 разоў перавышаў гадавы даход дзяржавы.

Літ.:

Малеттке К. Людовик XIV, 1643—1715 // Французские короли и императоры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛУА́ (Valois),

дынастыя французскіх каралёў у 1328—1589, пабочная лінія Капетынгаў. Складалася з трох галін: прамой — Філіп VI [1328—50], Іаан II Добры [1350—64], Карл V Мудры [1364—80], Карл VI [1380—1422], Карл VII [1422—61], Людовік XI [1461—83], Карл VIII [1483—98]; Арлеанскай — Людовік XII [1498—1515, завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі]; Ангулемскай — Францыск І [1515—47, паклаў пачатак абсалютызму ў краіне], Генрых II [ 1547—59], Францыск II [1559—60], Карл IX [1560—74], Генрых III [1574—89]. Апошнія тры каралі былі бяздзетныя. Валуа спынілі існаванне ў час Рэлігійных войнаў пасля забойства Генрыха III.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРБО́НЫ (франц. Bourbons, ісп. Borbones, італьян. Borboni),

каралеўская дынастыя ў Францыі ў 1589—1792, 1814—15, 1815—30, у Іспаніі ў 1700—1808, 1814—68, 1874—1931 і з 1975, у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій (Неапалітанскім) у 1735—1805, 1814—60; дынастыя герцагаў Пармы і П’ячэнцы ў 1748—1802, 1847—59. Імя дынастыі Бурбонаў, якія былі лініяй Капетынгаў, паходзіць ад іх радавога замка Бурбон-л’Аршамбо (цяпер у дэпартаменце Алье). Гал. прадстаўнікамі франц. Бурбонаў былі Генрых IV (заснавальнік), Людовік XIV, Людовік XVI, Людовік XVIII; апошнім правіў Карл Х [1824—30], пазбаўлены ўлады ў час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 (гл. Ліпеньская манархія) правіў прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) лініі Бурбонаў Луі Філіп, звергнуты Рэвалюцыяй 1848 у Францыі. Пачатак ісп. лініі паклаў унук Людовіка XIV Філіп V [1700—24, 1724—46). Ісп. Бурбоны звергнуты Іспанскай рэвалюцыяй 1931—39, адноўлены пасля падзення дыктатуры Ф.Франка. Родапачынальнікамі неапалітанскай і пармскай ліній Бурбонаў былі сыны Філіпа V. Страцілі ўладу ў перыяд аб’яднання Італіі (1859—60).

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУІДО́Р (франц. louis d’or залаты луі; Louis Людовік),

асноўная залатая манета Францыі, выпуск якой пачаўся ў 1640 пры Людовіку XIII (адсюль назва) і працягваўся да 1795. Напачатку Л. раўняўся 10 ліўрам. З павышэннем кошту золата адпаведна павышаўся і кошт Л. (у 1686 роўны 11 ліўрам 10 су). У 1693—1726 Л. выпускаўся неаднаразова.

Луідор 1743; золата, Францыя.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІГО́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ 1209—29,

крыжовыя паходы, арганізаваныя папствам на Пд Францыі (вобл. Лангедок) супраць альбігойцаў. Армія крыжаносцаў складалася з паўн.-франц., часткова ням. рыцарства, яе ўзначальваў граф Сімон дэ Манфор. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне альбігойцаў, многія іх гарады захоплены, а насельніцтва знішчана. У канцы Альбігойскіх войнаў да крыжаносцаў далучыўся са сваім войскам франц. кароль Людовік VIII, што давяршыла разгром альбігойцаў.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДЭ́НСКІ ДАГАВО́Р 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі, сынамі Людовіка Набожнага. Заключаны ў г. Вердэн. Аформіў канчатковы распад Франкскай дзяржавы (пачаўся ў 814). Паводле дагавора ўладанні на З ад Рэйна (Зах.-Франкскае каралеўства, будучая Францыя) атрымаў Карл Лысы, землі на У ад Рэйна (Усх.-Франкскае каралеўства, будучая Германія) — Людовік Нямецкі, а паласу зямлі па левабярэжжы Рэйна (будучая Латарынгія) і Паўн. Італію — старэйшы ўнук Лотар.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)