старажытнарускі летапісны збор 14 ст. Перапісаны з больш даўняга спіса манахам Лаўрэнціем (адсюль назва), магчыма, у Ніжнім Ноўгарадзе або Уладзіміры. Збярогся ў пергаментным рукапісе 1377. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст) і летапісу 12—13 ст., прысвечанага гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Апошнія запісы датаваны 1305. Змяшчае таксама «Павучанне Уладзіміра Манамаха» (пад 1096), паданне пра Рагнеду Рагвалодаўну (пад. 1128), агіяграфічную аповесць «Жыццё Аляксандра Неўскага» (пад 1263). Данёс каштоўныя звесткі па гісторыі Русі і асобных яе зямель (Кіеўскай, Наўгародскай, Полацкай, Уладзіміра-Суздальскай), пра дзейнасць стараж.-рус. князёў, у т. л.Усяслава Брачыславіча, па гісторыі культуры і мастацтва ўсх. славян. Як літ. твор уяўляе сабой збор датаваных гіст. апавяданняў і дзелавых запісаў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці, аб’яднаных агульнай тэмай (гісторыя Русі), спосабам летапіснага адлюстравання мінулага і пагадовай формай выкладу. Упершыню апубл. ў 1846 у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 1). Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.
Тв.:
Рус.пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;
У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.
Літ.:
Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;
Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;
Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;
Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб.арт.Мн., 1992.
Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЦКАЕ ПІСЬМО́, крыта-мікенскае пісьмо,
сістэма пісьменства эпохі бронзы, выяўленая на в-ве Крыт і ў мацерыковай Грэцыі; адно з сведчанняў крыта-мікенскай культуры, якая папярэднічала класічнай культуры Грэцыі. Вылучаюць 2 ступені яго развіцця: малюнкавае (іерагліфічнае) і лінейнае пісьмо.
Малюнкавае (2100—1900 да н.э.; каля 150 ідэаграм — выяў чалавека, жывёл, раслін, прадметаў) 2 тыпаў: ранняе (на пячатках) і больш позняе (1900—1700 да н.э., на пячатках і гліняных таблічках). Кірунак пісьма злева направа, справа налева і бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.). Выкарыстоўвалася для гасп запісаў. Падобнае да егіпецкага пісьма. Лінейнае пісьмо падзяляюць на лінейнае пісьмо А і лінейнае пісьмо Б. Лінейнае пісьмо А (1700—1550 да н.э.; 77—100 знакаў) зафіксавана на пячатках, прыладах. гліняных таблічках. Мяркуецца, што яно насіла складовы характар, мова, якая выкарыстоўвала яго, умоўна можа быць аднесена да міжземнаморскіх моў. На яго аснове склалася лінейнае пісьмо Б (каля 1450—1200 да н.э.), засведчанае на некалькіх тысячах гліняных таблічак рознага прызначэння, для яго ўстаноўлена 88 складовых знакаў і шэраг лагаграм (слоўных знакаў). Яно дэшыфравана М.Вентрысам і Дж.Чэдвікам і даказана яго выкарыстанне для архаічнай грэч. мовы. У лінейнае пісьмо абодвух тыпаў уваходзяць складовыя знакі для абазначэння паслядоўнасці «галосны + зычны» і лагаграмы. Характэрна адсутнасць адрозненняў пры перадачы доўгіх і кароткіх, звонкіх і глухіх, падвоеных зычных, плаўных г, 1; у канцы склада не абазначаюцца l, m, n, r, s. Адзін з варыянтаў К.п. — недэшыфраванае кіпра-мінойскае пісьмо, папярэднік кіпрскага пісьма.
Літ.:
Лурье С.Я. Язык и культура микенской Греции. М.; Л., 1957;
Чэдуик Дж. Дешифровка линейного письма Б: Пер. с англ. // Тайны древних письмен: Сб. ст.М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІСЫ,
гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант.гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл.Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж.рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.