«МІЦУБІ́СІ»,

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў японскага канцэрна «Міцубісі мотарс карпарэйшэн». Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1917 (масавая вытв-сць з 1964), грузавыя — з 1935, аўтобусы — з 1936. Выпускаюцца легкавыя аўтамабілі асабліва малога, малога і сярэдняга класаў (магутнасць рухавіка 32—219 кВт, найб. скорасць да 220 км/гадз), грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння і кар’ерныя самазвалы (магутнасць рухавіка 51—115 кВт), аўтобусы пасажыраўмяшчальнасцю да 50 чал.

Да арт. Міцубісі: а — легкавы аўтамабіль «Міцубісі-Экліпс»; б — мікрааўтобус «Міцубісі-Спейс Геар»; в — грузавы аўтамабіль «Міцубісі-Дэліка».

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«А́ЎДЗІ»

(Audi),

легкавыя аўтамабілі аднайменнай фірмы (ФРГ). Выпускаліся ў 1909—40, з 1966 вытворчасць адноўлена. Вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класаў 35 мадыфікацый (рабочая ёмістасць рухавіка 1,6—2,2 л, магутнасць 66—206 кВт, максімальная скорасць 177—250 км/гадз; 1994). Асаблівасць некаторых мадыфікацый — вядучыя ўсе колы.

Легкавы аўтамабіль «Аўдзі».

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДОДЖ»

(Dodge),

марка легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў рознага прызначэння. Выпускаюцца аднайм. аддзяленнем амер. канцэрна «Крайслер» з 1914. Мадэлі пераважна пярэднепрывадныя; магутнасць рухавіка 98—294 кВт, найб. скорасць да 266 км/гадз, грузападымальнасць 0,5—12 т, аб’ём грузавога адсека 0,22—4,88 м³.

Да арт. «Додж». Легкавы аўтамабіль «Додж Крайслер-Неон».

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВА́РТБУРГ»

(Wartburg),

марка нямецкіх легкавых аўтамабіляў. Выпускаліся ў Германіі ў 1899—1904, у 1956—90 прадпрыемствам «Аўтамабільвэрк Айзенах» у г. Айзенах, ГДР (у т. л. з 1979 мадэль асабліва малога класа з двухтактавым рухавіком); рабочы аб’ём рухавіка 1 л, магутнасць 37 кВт, скорасць да 130 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «Вартбург».

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСА́Л (ад лац. universalis агульны, усеагульны),

закрыты кузаў легкавога аўтамабіля. Мае 2 ці 3 рады сядзенняў, 3 ці 5 дзвярэй, адны з якіх заднія, багажнае аддзяленне за спінкай задняга сядзення. Заднія сядзенні (пры 3 радах сярэднія і заднія) могуць складвацца і павялічваць аб’ём багажнага аддзялення. Дазваляе выкарыстоўваць легкавы аўтамабіль як грузапасажырскі.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФО́ЛЬКСВАГЕН»

(Volksvagen),

сям’я аўтамабіляў канцэрна «Фольксвагенверк» і яго філіялаў у розных краінах. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1938 (масавы выпуск з 1946). Пярэдне- ці поўнапрывадныя, маюць бензінавы ці дызельны рухавік магутнасцю ад 33 да 128 кВт, 2- ці 4-дзверны 4—5-месны (мікрааўтобусы — 7) кузаў седан, хэтчбэк або універсал. Найб. скорасць ад 145 да 224 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1975, маюць поўную масу ад 1,38 да 7,49 т (аўтапоезд да 10,99 т), бензінавы або дызельны рухавік магутнасцю ад 33 да 103 кВт.

Сям’я аўтамабіляў «Фольксваген»: 1 — легкавы аўтамабіль мадэлі «Гольф»; 2 — пярэднепрывадны грузавы аўтамабіль «Т4».

т. 16, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЛГА»,

легкавы аўтамабіль сярэдняга класа. Выпускаецца вытв. аб’яднаннем «ГАЗ» (г. Ніжні Ноўгарад, Расія) з 1956. Базавая мадэль — 4-дзверны седан ГАЗ-31029 з 4-цыліндравым рухавіком (рабочы аб’ём 2,4 л, магутнасць 74 кВт; скорасць да 145 км/гадз). Асвоена поўнапрыводная мадэль ГАЗ-3105 з рухавіком магутнасцю да 125 кВт.

Да арт. «Волга»: ГАЗ-3102 (уверсе), ГАЗ-3105.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЯГУА́Р»,

сям’я легкавых аўтамабіляў аднайм. брыт. фірмы (з 1990 у складзе «Форд мотар»). Заднепрывадныя аўтамабілі розных класаў выпускаюцца з 1936. Большасць мадэлей мае 5-месцавы (найб. пашырана) 4- ці 5-дзверны кузаў седан, радзей купэ ці кабрыялет, бензінавы рухавік магутнасцю да 235 кВт, найб. скорасць да 260 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «Ягуар» мадэлі XJ6 3.2.

т. 18, кн. 1, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РОЛС-РОЙС»

(Rolls-Royce),

сям’я легкавых аўтамабіляў вышэйшага класа англ. фірмы «Ролс-Ройс мотарс» (RollsRoyce Motors). Аўтамабілі ручной зборкі выпускаюцца з 1904. Вызначаюцца высокай якасцю, маюць аўтам. каробку перадач, кузаў —4-дзверны седан, бензінавы рухавік з рабочым аб’ёмам 6,75 л і магутнасцю да 155 кВт; найб. скорасць да 215 км/гадз.

Да арт. «Ролс-Ройс»: легкавы аўтамабіль «Ролс-Ройс-Сілвер Спур».

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МА́ЗДА»

(Mazda),

аўтамабілі яп. фірмы «Мазда мотар карпарэйшэн». Грузавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1930, легкавыя — 1960. Поўная маса грузавых аўтамабіляў да 2,8 т, прычэпаў — 1,55 т, магутнасць рухавіка да 90 кВт. Большасць мадэляў легкавых аўтамабіляў «М.» 5-месныя, 4-дзверныя, магутнасць рухавіка да 147 кВт, найб. скорасць да 250 км/гадз.

Да арт. «Мазда»: 1 — поўнапрыводны пікап «Мазда-В2600»; 2 — легкавы аўтамабіль «Мазда-323» малога класа.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)