«А́ЎДЗІ»

(Audi),

легкавыя аўтамабілі аднайменнай фірмы (ФРГ). Выпускаліся ў 1909—40, з 1966 вытворчасць адноўлена. Вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класаў 35 мадыфікацый (рабочая ёмістасць рухавіка 1,6—2,2 л, магутнасць 66—206 кВт, максімальная скорасць 177—250 км/гадз; 1994). Асаблівасць некаторых мадыфікацый — вядучыя ўсе колы.

Легкавы аўтамабіль «Аўдзі».

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДОДЖ»

(Dodge),

марка легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў рознага прызначэння. Выпускаюцца аднайм. аддзяленнем амер. канцэрна «Крайслер» з 1914. Мадэлі пераважна пярэднепрывадныя; магутнасць рухавіка 98—294 кВт, найб. скорасць да 266 км/гадз, грузападымальнасць 0,5—12 т, аб’ём грузавога адсека 0,22—4,88 м³.

Да арт. «Додж». Легкавы аўтамабіль «Додж Крайслер-Неон».

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВА́РТБУРГ»

(Wartburg),

марка нямецкіх легкавых аўтамабіляў. Выпускаліся ў Германіі ў 1899—1904, у 1956—90 прадпрыемствам «Аўтамабільвэрк Айзенах» у г. Айзенах, ГДР (у т. л. з 1979 мадэль асабліва малога класа з двухтактавым рухавіком); рабочы аб’ём рухавіка 1 л, магутнасць 37 кВт, скорасць да 130 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «Вартбург».

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЛГА»,

легкавы аўтамабіль сярэдняга класа. Выпускаецца вытв. аб’яднаннем «ГАЗ» (г. Ніжні Ноўгарад, Расія) з 1956. Базавая мадэль — 4-дзверны седан ГАЗ-31029 з 4-цыліндравым рухавіком (рабочы аб’ём 2,4 л, магутнасць 74 кВт; скорасць да 145 км/гадз). Асвоена поўнапрыводная мадэль ГАЗ-3105 з рухавіком магутнасцю да 125 кВт.

Да арт. «Волга»: ГАЗ-3102 (уверсе), ГАЗ-3105.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РОЛС-РОЙС»

(Rolls-Royce),

сям’я легкавых аўтамабіляў вышэйшага класа англ. фірмы «Ролс-Ройс мотарс» (RollsRoyce Motors). Аўтамабілі ручной зборкі выпускаюцца з 1904. Вызначаюцца высокай якасцю, маюць аўтам. каробку перадач, кузаў —4-дзверны седан, бензінавы рухавік з рабочым аб’ёмам 6,75 л і магутнасцю да 155 кВт; найб. скорасць да 215 км/гадз.

Да арт. «Ролс-Ройс»: легкавы аўтамабіль «Ролс-Ройс-Сілвер Спур».

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МА́ЗДА»

(Mazda),

аўтамабілі яп. фірмы «Мазда мотар карпарэйшэн». Грузавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1930, легкавыя — 1960. Поўная маса грузавых аўтамабіляў да 2,8 т, прычэпаў — 1,55 т, магутнасць рухавіка да 90 кВт. Большасць мадэляў легкавых аўтамабіляў «М.» 5-месныя, 4-дзверныя, магутнасць рухавіка да 147 кВт, найб. скорасць да 250 км/гадз.

Да арт. «Мазда»: 1 — поўнапрыводны пікап «Мазда-В2600»; 2 — легкавы аўтамабіль «Мазда-323» малога класа.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕА́Т»

(SEAT, скар. ад Sociedad Espafiola de Automoviles de Turismo),

сям’я легкавых аўтамабіляў аднайм. ісп. фірмы. Аўтамабілі асабліва малога і малога класаў выпускаюцца ў асн. па ліцэнзіі італьян. канцэрна «ФІ́АТ» з 1950. Кузаў 2- ці 4-дзверны седан або хэтчбэк. Усе мадэлі пярэднепрывадныя і з пярэднім размяшчэннем рухавіка. Магутнасць рухавіка ад 29 да 110 кВт, найб. скорасць да 218 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «СЕАТ»: мадэль «Ібіза» з кузавам хэтчбэк.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЛ,

сям’я аўтамабіляў, якія выпускаюцца акц. аб’яднаннем «ЗІЛ» (г. Масква). Першыя ў Расійскай Федэрацыі аўтамабілі, на якіх выкарыстоўваліся эл. стартэр, гідрапрывод тармазоў, газагенератар. Грузавыя аўтамабілі (выпуск з 1924) вял. грузападымальнасці маюць поўную масу да 18,63 т (аўтапаязды — да 32 т), магутнасць рухавіка да 155 кВт.

Легкавыя аўтамабілі вышэйшага класа (выпуск з 1936) маюць рухавік магутнасцю да 232 кВт, найб. скорасць да 190 км/гадз.

Да арт. ЗІЛ: легкавы аўтамабіль ЗІЛ-4104 (уверсе); самазвал ЗІЛ-4514.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІЦУБІ́СІ»,

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў японскага канцэрна «Міцубісі мотарс карпарэйшэн». Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1917 (масавая вытв-сць з 1964), грузавыя — з 1935, аўтобусы — з 1936. Выпускаюцца легкавыя аўтамабілі асабліва малога, малога і сярэдняга класаў (магутнасць рухавіка 32—219 кВт, найб. скорасць да 220 км/гадз), грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння і кар’ерныя самазвалы (магутнасць рухавіка 51—115 кВт), аўтобусы пасажыраўмяшчальнасцю да 50 чал.

Да арт. Міцубісі: а — легкавы аўтамабіль «Міцубісі-Экліпс»; б — мікрааўтобус «Міцубісі-Спейс Геар»; в — грузавы аўтамабіль «Міцубісі-Дэліка».

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕРСЕДЭ́С-БЕНЦ»

(Mercedes-Benz),

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў канцэрна «Даймлер-Бенц». Выпускаюцца з 1926. Маюць пераважна дызельныя рухавікі. Легкавыя аўтамабілі сярэдняга, вял. і вышэйшага класаў з кузавамі розных тыпаў маюць рухавікі магутнасцю ад 55 да 290 кВт; найб. скорасць 250 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння з рухавікамі магутнасцю 55—390 кВт і поўнай масай да 35 т. Пасажыраўмяшчальнасць аўтобусаў ад 9 да 174 чал.

Да арт. «Мерседэс-Бенц»: а — легкавы аўтамабіль класа Е; 6 — грузапасажырскі мікрааўтобус «Мерседэс-Бенц-Спрынтэр-314»; в — седлавы цягач «Мерседэс-Бенц-1838 LSSK» у аэрадынамічным выкананні.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)