ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (Адбылася 7—12.1.1929 у Мінску. Прысутнічалі 72 дэлегаты ад 300 краязн. арг-цый) (аб’ядноўвалі больш за 10 тыс.чл.),
прадстаўнікі краязн. т-ваў РСФСР і УССР. З дакладамі выступілі У.Ігнатоўскі, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Ляўданскі, М.Каспяровіч, І.Сербаў і інш. Вырашыла арганізац. пытанні: кіраўніцтва краязнаўствам Акадэміяй навук, падрыхтоўка краязнаўцаў сярэднімі і вышэйшымі навуч. ўстановамі, справаздача Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК) і акр. т-ваў, змены ў статуце і выбары ЦБК, зацвярджэнне новых чл.-кар. ЦБК. У справаздачы адзначана пашырэнне краязнаўчага руху ў Беларусі — адкрыты 22 краязн. музеі, выдадзены чарговыя зб-кі краязн. прац «Аршаншчына», «Віцебшчына», апісанні Асіповіцкага і Горацкага р-наў, у друку знаходзіліся слоўнікі Віцебшчыны, Мазыршчыны, Чэрвеньшчыны, падрыхтаваны да выдання апісанні шэрагу нас. пунктаў. Праца канферэнцыі праходзіла ва ўмовах узмацнення таталітарнага рэжыму: абмежаваныя тэмы краязн. даследаванняў, узмоцненае вывучэнне рэв. руху, новых рыс у побыце працоўных мас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у Мінску з 20.1.1919 да чэрв. 1941, да 31.8.1923 абл. музей. У аснове калекцый матэрыялы Царк.-археал. музея і Т-ва аматараў прыроды і археалогіі. У 1941 у музеі больш за 60 тыс. экспанатаў: найб. каштоўныя рукапісныя і друкаваныя кнігі 15—18 ст. (друкаваная Трыёдзь 1494, Тураўскія мінеі-чэцці 1525, слоўнік П.Бярынды і інш.), дарчыя граматы 16—17 ст., грашовыя скарбы 10—18 ст., вырабы цэхавых майстроў, слуцкія паясы, абразы 15—19 ст., карціны бел. мастакоў, бел.нац. адзенне, прадметы працы і хатняга ўжытку і інш. Пры музеі існавалі архіў рукапісных дакументаў 16—18 ст. і навук.б-ка. Музей папаўняўся матэрыяламі археал. раскопак, этнагр. экспедыцый і экспанатамі, перададзенымі інш. музеямі. У 1940—41 музей папоўніўся калекцыямі зброі з Нясвіжскага замка кн. Радзівілаў. У Вял.Айч. вайну разрабаваны ням.-фаш. акупантамі, большасць калекцый загінула. Уцалелыя экспанаты зберагаюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Дырэктарамі музея працавалі П.Харламповіч, В.Ластоўскі, С.Рак-Міхайлоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала ў Вільні ў 1918—39. Заснавальнікі В.Ластоўскі, І. і А.Луцкевічы, В.Святаполк-Мірскі, Я.Станкевіч, У.Талочка і інш. Кіруючы орган — урад, які выбіраўся на агульным сходзе членаў БНТ. Задачы: заснаванне і ўтрыманне музеяў, бібліятэк, навук. устаноў, арганізацыя выставак, лекцый, курсаў і навук. з’ездаў, выдавецкая дзейнасць. Напачатку займалася распрацоўкай бел.навук. тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, праблемамі перакладу на бел. мову. Пры БНТ быў арганізаваны Беларускі музей імя І.Луцкевіча і б-ка; дзейнічалі гіст., літ.-мастацкія і краязнаўча-экскурсійныя секцыі.
Т-ва правяло святкаванне 400-годдзя бел. кнігадрукавання (1925), 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 (1929). Выдала навук.зб-кі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігі А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925), А.Луцкевіча «Праўда пра «камеру Конрада» (1923, на польск. мове) і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Зах. Беларусі да БССР.
А.С.Ліс.
Да арт.Беларускае навуковае таварыства. Урачыстая акадэмія ў 10-я ўгодкі з дня смерці І.Луцкевіча. Вільня. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1915 — сярэдзіне 1920-х г. у Вільні. Т-ва арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, аказвала мед. дапамогу бежанцам. Сродкі складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, прыбыткаў з дабрачынных мерапрыемстваў. Адкрыла аддзелы ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Друскеніках, Полацку. Гуртавала вакол сябе дзеячаў бел.нац. руху, набыло значэнне прадстаўніка нац. інтарэсаў бел. насельніцтва. Займалася культ.-асв. працай. Пры ім была створана школьная камісія, якая арганізоўвала бел. школьніцтва, настаўніцкія курсы. У канцы 1916 у мяст. Свіслач пачала працаваць бел. настаўніцкая семінарыя. На курсах і ў семінарыі выкладалі А. і І.Луцкевічы, В.Ластоўскі, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. З канца 1918 дзейнасць т-ва ў сувязі са складанай ваен. і паліт. сітуацыяй на Віленшчыне, адсутнасцю грошай пачала згортвацца, на пач. 1920-х г. зводзілася да ўтрымання дзіцячага прытулку ў Вільні. Звесткі пра функцыянаванне т-ва пасля 1925 не выяўлены.
А.М.Бабкоў, С.С.Рудовіч.
Статуты Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны 1915 і 1921.
орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.А.Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.Бадунова (БПС-Р) і В.І.Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р.БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.Ю.Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.В.Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.
Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,
тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУБССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.Ластоўскі, В.Захарка, П.Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.Бадунова, К.Езавітаў, У.Ігнатоўскі, І.Краскоўскі, М.Маркевіч, П.Мядзёлка, І.Цвікевіч, Я.Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел.паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел.нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада,
сход прадстаўнікоў бел. арг-цый і партый Зах. Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 (паводле інш. крыніц 26—29). 9.1921 у Празе. У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чал.Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С.Баран, К.Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л.Заяц, А.Карабач, В.Ластоўскі, Я.Мамонька, М.Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — В.Захарка, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, А.Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б.Тарашкевіч. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920, у якой перасцерагала бел. народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б.Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі аб дзейнасці С.Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку бел.нац.паліт. арг-цый і з’яўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзярж. будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІ́Ч»,
бел.літ.-навук. і грамадскі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1923 да сак. 1927 у Коўне (сучасны Каўнас, Літва) на бел. мове. Рэдактары В.Ю.Ластоўскі і К.С.Душэўскі (Дуж-Душэўскі). Прытрымліваўся канцэпцыі самаст. шляху развіцця бел. народа, самавызначэння Беларусі ў сферы духоўнасці. Вызначаўся разнастайнасцю тэматыкі, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літ. (творы бел. пісьменства, пераклады з інш. моў), навук.-крытычны (даследаванні ў галіне беларусазнаўства), «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў, іх гіст.-культ. спадчыну), інфарм. (бібліягр. агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця беларусаў у БССР, Зах. Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і інш. Закранаў пытанні гісторыі нац. культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Ф.Скарыну, Л. і С. Зізаніяў, А.Міцкевіча, Ф.Дастаеўскага; навук. працы па мовазнаўстве Я.Станкевіча, па кнігазнаўстве А.Шлюбскага, літ.-крытычнае даследаванне А.Узнясенскага пра паэт. спадчыну М.Багдановіча; вершы Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў Ю.Аха, І.Білюнаса, Г.Гаўптмана, С.Інгмана, Р.Кіплінга, Р.Тагора, А.Талстога, О.Уайльда, А.Франса і інш. Аўтарам шматлікіх публікацый быў Ластоўскі, у іх ліку аповесць «Лабірынты», артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айч. гісторыю, успаміны пра Багдановіча, уражанні ад Акад. канферэнцыі па рэформе бел. правапісу і азбукі ў Мінску ў 1926, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-рус.-бел. слоўнік па арніталогіі (апрацаваны разам з Т.Іваноўскім, Дуж-Душэўскім). Асвятляў дзейнасць К-та паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Ю.Пілсудскага ў 1927 Бел.сял.-работніцкай грамады. Змяшчаў рэцэнзіі на кнігі і часопісы, выдадзеныя на Беларусі. Выйшла 12 нумароў.
Партыя беларускіх эсэраў, палітычная партыя ў 1918—24. Арганізацыйна аформілася да мая 1918 пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У яе кіруючае ядро ўваходзілі: М.Асвяцімскі, П.Бадунова, Т.Грыб, Л.Заяц, Я.Ладноў, Я.Мамонька, С.Некрашэвіч, Я.Трафімаў, Я.Чарапук, Ф.Шантыр і інш.; пазней прымкнулі В.Ластоўскі і А.Цвікевіч. Друкаваныя органы: «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «Змаганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губ. к-ты БПС-Р. Налічвала больш за 20 тыс. членаў (1920). Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі», «Сувязі беларускага сялянства», кантралявала Усебел. настаўніцкі саюз, Гродзенскую сял. раду. У аснову тактыкі БПС-Р пакладзена праграма БСГ. Прадстаўляла інтарэсы сялянства, выступала за сацыялізацыю зямлі (адмена прыватнай уласнасці і наёмнай працы), развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прам-сці і інш., за ўстанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры ўсяго працоўнага народа ў форме Саветаў). Выказалася за поўнае самавызначэнне бел. народа; абвясціла сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нац. незалежнасць і непадзельнасць Беларусі на 2 фронты: супраць польскіх інтэрвентаў і «імперыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Не прызнавала БССР і Літ.-Бел. ССР, ва ўмовах паліт. ізаляцыі адмовілася ад падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР, выступала супраць анексій бел. тэрыторый Польшчай і РСФСР. Знаходзілася ў паліт. апазіцыі да бальшавікоў. У канцы 1920 — пач. 1921 афіцыйныя сав. структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р, былі арыштаваны 860 членаў партыі. У 1922 частка бел. эсэраў, якія працавалі ў Зах. Беларусі ў падполлі, стварыла Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, якая пазней улілася ў КПЗБ. Пад націскам ЦККП(б)Б на з’ездзе былых членаў БПС-Р у Мінску (8.6.1924) партыя самараспусцілася. У канцы 1920—30-х г. усе былыя члены партыі рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да суд. адказнасці па т.зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.
Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.Д.Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст.навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).
На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.Р.Брэжга, А.П.Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.Ю.Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст.бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.
Літ.:
Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);
Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.