павышэнне ўстойлівасці арганізма да ўздзеяння неспрыяльных фіз. фактараў навакольнага асяроддзя (нізкай і высокай т-р, паніжанага атм. ціску і інш.). Заснавана на здольнасці арганізма прыстасоўвацца да зменлівых умоў асяроддзя (гл.Адаптацыя). Набываецца шляхам сістэматычнага, шматразовага ўздзеяння фіз. фактараў на -арганізм пры паступовым павышэнні іх дазіроўкі. Уздзеянне холадам павышае ўстойлівасць арганізма да нізкіх, а цяплом — да высокіх т-р. Адно з асноўных — З.а. да холаду, сутнасць якога ў паступовым нарастанні ступені ахаладжэння. У людзей, прыстасаваных да нізкіх т-р, цеплаўтварэнне ў арганізме больш інтэнсіўнае, што забяспечвае лепшае кровазабеспячэнне скуры, павышае ўстойлівасць да інфекц. захворванняў і абмаражэнняў. З.а. да холаду ажыццяўляюць пераважна частым знаходжаннем на вольным паветры (гл.Аэратэрапія) і выкарыстаннем водных працэдур (гл.Водалячэнне). Магчыма і адначасовае З.а. да цяпла і холаду (гл.Лазня). Для развіцця ўстойлівасці арганізма да паніжанага атм. ціску можна выкарыстоўваць узыходжанне ў горы (метад ступеньчатай акліматызацыі). Пры спыненні З.а. ступень загартаванасці слабее і праз 1—1,5 месяцы ўстойлівасць да фіз. фактараў знікае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬЧЫК (Міхаіл Станіслававіч) (н. 12.8.1943, в. Падлясейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971), стажыраваўся ў Вял.драм. т-ры ў Ленінградзе. Працаваў рэжысёрам у драм. т-рах: Брэсцкім абл. (1971—75), Дзярж. рускім Беларусі (1976—82), гал. рэжысёрам Магілёўскага абл.т-ра драмы і камедыі ў Бабруйску (1982—88). К. характэрна псіхал. распрацоўка сцэн. характараў, імкненне да яркай выразнай формы спектакля. Сярод пастановак: «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (абедзве 1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка, «Званіце і прыязджайце» паводле А.Алексіна (абедзве 1972), «Лазня» У.Маякоўскага (1974), «Амаральная гісторыя» Э.Брагіяскага і Э.Разанава (1979), «Апошні тэрмін» паводле В.Распуціна (1980), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1981), «Лесвіца ў неба» паводле М.Слуцкіса (1982), «Злавеснае рэха» А.Петрашкевіча (1984), «Чалавек і джэнтльмен» Э. дэ Філіпа (1987), «Як цары жылі» А.Кудраўцава (1988) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ,
вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. За 37 км на ПдУ ад Валожына, 46 км ад чыг. ст. Койданава. 690 ж., 220 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1-й пал. 15 ст. як уласнасць Гедыголдавічаў, Забярэзінскіх, Кішкаў, Далмат-Ісакоўскіх, Юдзіцкіх, Салагубаў. У 1552 пабудаваны касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1795 у К. 268 ж., 49 двароў. У 18—19 ст. праводзіліся вял. кірмашы. У 1897 у К. 713 ж., 116 двароў, касцёл, малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, карчма, 3 кузні, крама, лазня. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Івянецкай гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. У 1944 вёску часткова спалілі ням. фашысты. У 1971—879 ж., 234 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, каля вёскі 2 магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі геал. помнік прыроды Камень чортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Лоск (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Меў драўляныя ўмацаванні ў выглядзе зрубных сцен-гародняў і баявых вежаў, якія сїаялі на кальцавым земляным вале. Паводле інвентара за 1621, тут было 10 трох’ярусных вежаў і двух’ярусная вежа-брама, што зачынялася варотамі і кратай-герсай. Сцены гародні ў верхняй частцы завяршаліся баявой галерэяй з байніцамі і абламамі, накрытай двухсхільнай гонтавай страхой. У цэнтры дзядзінца стаялі два 2-павярховыя палацы. Адзін з іх пабудаваны ў стылі рэнесансу, завяршаўся вежай з гадзіннікам. На 1-м паверсе вакол прыхожай было 9 жылых пакояў з узорыстымі кафлянымі грубкамі і 2 каморы, на 2-м, абкружаным адкрытай галерэяй, вакол гасцінай — 2 святліцы, жылы пакой, 3 каморы. Другі палац меў 42 розныя памяшканні. Недалёка ад вежы-брамы стаяла кухня. За сценамі замка знаходзіліся лазня і бровар. Замак не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЕРХО́ЛЬДА ТЭА́ТР,
дзейнічаў у 1920—38 у Маскве пад кіраўніцтвам У.Меерхольда. Засн. як 1-ы Т-р РСФСР (некалькі разоў мяняў назву), з 1923 — М.т. Рэпертуар і маст. практыка вызначаліся творчай праграмай Меерхольда, які паставіў усе спектаклі т-ра (часам у сааўт. з інш. рэжысёрамі). У пастаноўках, якім уласцівы рысы сімвалізму і футурызму, сцвярджаўся агітацыйна-плакатны, відовішчны т-р, што развіваў традыцыі плошчавых прадстаўленняў, спалучаў гераічную патэтыку з рэзкай сатыр. буфоннасцю. Перавага аддавалася п’есам, арганічна звязаным з сучаснасцю: «Містэрыя-буф» (1921), «Клоп» (1929), «Лазня» (1930) У.Маякоўскага, «Настаўнік Бубус» А.Файко (1925), «Камандарм 2» І.Сяльвінскага (1929), «Апошні рашаючы» У.Вішнеўскага (1931) і інш. У сімвалісцкай інтэрпрэтацыі ставілася і рус. класіка: «Лес» А.Астроўскага (1924), «Рэвізор» М.Гогаля (1926), «Гора розуму» (паводле «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1928), «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1933), «33 разы ў непрытомнасці» («Сватанне», «Мядзведзь», «Юбілей» А.Чэхава, 1935) і інш. У трупе т-ра: М.Бабанава, М.Багалюбаў, Э.Гарын, М.Жараў, І.Ільінскі, С.Марцінсон, Дз.Арлоў, М.Ахлопкаў, З.Райх, Л.Свердлін, М.Цароў, А.Цямерын, У.Яхантаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),
раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш.мед. і біял. дысцыплінамі.
Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.І.Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).
На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек.мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.А.Маркаў, Н.І.Аляксейчык, П.В.Астапеня, В.М.Ізуткін, М.Ф.Казлоў, Э.С.Кашыцкі, Л.М.Толстых-Чарнецкая, Ц.А.Каган, М.Г.Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел.мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎПАТО́РЫЯ,
горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс.ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр.Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур.лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).
У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым, ваен. лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст.н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).
Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР САТЫРЫ.
Засн. ў 1924. З 1984 акадэмічны. На пачатку яго рэпертуар складалі агляды, памфлеты, вадэвілі. З пач. 1930-х г. аснова рэпертуару — быт. камедыя. Спектаклі 1930 — пач. 1950-х г. былі водгукам на надзённыя праблемы грамадства: «Чужое дзіця» (1933), «Простая дзяўчына» (1937) і «Страшны суд» (1940) В.Шкваркіна, «Факір на гадзіну» У.Дыхавічнага і М.Слабадскога (1945), «Дзень адпачынку» В.Катаева (1946), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950). Ставілася і класічная драматургія: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1938), «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні (1940), «Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва (1945), «Камедыя памылак» У.Шэкспіра (1950). Этапнымі для т-ра сталі спектаклі «Лазня» (1953) і «Клоп» (1955) У.Маякоўскага. У станаўленні т-ра значную ролю адыгралі рэж. Д.Гутман, М.Гарчакоў, М.Пятроў, П.Васільеў. З 1957 гал.рэж.т-ра В.Плучак. Яго пастаноўкі «Ці быў Іван Іванавіч?» Н.Хікмета (1957), «Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага (1966) і інш. вызначылі публіцыстычную накіраванасць мастацтва т-ра, яркую відовішчнасць спектакляў. Т-р стварыў цыкл спектакляў, якія ўключаюць разнастайныя жанравыя элементы — ад трагедыі да фарсу: «Дон Жуан, або Любоў да геаметрыі» М.Фрыша (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.Гогаля (1972), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1976), «Бег» М.Булгакава (1977), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта і К.Вейля (1980, 1996), «Самазабойца» М.Эрдмана (1982), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1983), «Ваяўніца» М.Ляскова (1988), «Ідэальны муж» О.Уайльда (1991), «Гарачае сэрца» Астроўскага (1992), «Утаймаванне свавольніцы» Шэкспіра (1994). Спектаклі адметныя спалучэннем жыццёвай дакладнасці з яркімі, вострымі тэатр. прыёмамі, музыкальнасцю, падкрэсленай, часта гратэскава завостранай выразнасцю пластыкі. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: В.Аросева, В.Васільева, Т.Васільева, М.Дзяржавін, У.Ляпко, І.Любезнаў, А.Міронаў, С.Мішулін, Г.Мянглет, А.Папанаў, Т.Пельтцэр, Б.Рунге, Л.Сухарэўская, Г.Тусузаў, У.Хенкін, Б.Ценін, А.Шырвінт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),
расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.Чарот, М.Грамыка, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Лужанін, У.Хадыка, П.Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.Міровіч і Л.Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.Панчанкі, М.Танка, К.Кірэенкі, А.Русецкага, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, П.Макаля, С.Гаўрусёва, У.Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.Дзяркач, М.Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.Лужанін, Р.Лынькоў), Т.Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.Вітка і Р.Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, В.Жуковіч, К.Крапіва, Куляшоў, Г.Пашкоў, М.Танк, У.Шахавец, А.Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1955—61;
Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг.М., 1978;
Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;
Выбр. творы. Мн., 1952;
Кім быць? Мн., 1932;
Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),
1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл.Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.
У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар.карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.
У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.Босх, П.Брэйгель, Ж.Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.Гоі, А.Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.Мунк, М.Шагал), сюррэалізму (С.Далі, П.Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.Бідструпа). У бел.нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.Бахматовіча, Я.Горыда, Я.Драздовіча, К.Кукевіча, М.Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.Вішнеўскі, А.Волкаў, Р.Грамыка, В.Губараў, М.Гурло, А.Карповіч, М.Пушкар, С.Раманаў, В.Славук, В.Ціхановіч, Л.Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.