ЛЯНТУ́ЛАЎ (Арыстарх Васілевіч) (26.3.1882, в. Варона Пензенскай вобл., Расія — 15.4.1943),

расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Вучыўся ў Пензенскім (з 1897) і Кіеўскім (1900—05) маст. вучылішчах, студыі Дз.Кардоўскага ў Пецярбургу (1906—07), у парыжскай акадэміі Ла Палет у А. Ле Факанье і Ж.Метцэнжэ (1911). Праф. маскоўскіх Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў — Вышэйшага маст.-тэхн. ін-та (з 1919), Маст. ін-та (1937—43). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1926), Т-ва маскоўскіх мастакоў (з 1928). У творах 1910-х г. спалучаў рысы кубафутурызму з імкненнем да выяўлення нац. характару праз выкарыстанне матываў рус. стараж. дойлідства, традыцый іканапісу і лубка («Васіль Блажэнны», 1913; «Звон», 1915; «Каля Іверскай», 1916, і інш.). Некаторыя работы блізкія да абстракцыянізму: «Даследаванне сімвалічнага падабенства ў партрэце» (1912), «Дзве жанчыны» (1919) і інш. З 1920-х г. працаваў у рэаліст. манеры, ствараў індустр. пейзажы, партрэты, нацюрморты: «Крэкінг нафтаперапрацоўчага завода» (1931), «Гародніна» (1933), «Нацюрморт з капустай», партрэт В.Дулавай (абодва 1940) і інш. Афармляў спектаклі маскоўскіх т-раў: «Віндзорскія свавольніцы» У.Шэкспіра (1916, Камерны т-р), «Дэман» А.Рубінштэйна (1919, Эксперым. т-р), «Праметэй» А.Скрабіна (1919, Вял. т-р), «Іспанскі святар» Ф.Бамонта і Дж.Флетчэра (1934, МХАТ).

Літ.:

Мурина Е.Б., Джафарова С.Г. Аристарх Лентулов: Путь художника. Художник и время: [Альбом]. М., 1990;

Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992;

Манин В.С. Аристарх Лентулов. М., 1996.

І.М.Каранеўская.

А.Лянтулаў. Дзве жанчыны. 1919.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВЫЯ ХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, у якіх узнікненне прамежкавай актыўнай часціцы (атама, свабоднага радыкала, іона) і яе рэгенерацыя (узнаўленне) у кожным элементарным акце рэакцыі выклікаюць вялікую колькасць (ланцуг) пераўтварэнняў зыходных рэчываў у прадукты рэакцыі. Тыповыя Л.х.р. — тэрмічны крэкінг, піроліз, акісленне, радыкальная полімерызацыя, галагеніраванне.

Л.х.р. складаецца з некалькіх элементарных стадый: зараджэнне ланцуга (ініцыіраванне) — утварэнне актыўных часціц (АЧ), якое адбываецца, напр., у выніку дысацыяцыі малекул; працяг ланцуга — узаемадзеянне АЧ з зыходнымі рэчывамі, якое прыводзіць да ўтварэння малекул прадукту рэакцыі і новых АЧ; абрыў ланцуга («знікненне» АЧ) у выніку рэкамбінацыі свабодных радыкалаў, узаемадзеяння АЧ са сценкамі пасудзін ці з інгібітарамі. Адрозніваюць Л.х.р. неразгалінаваныя і разгалінаваныя. У неразгалінаваных на кожную АЧ, якая расходуецца пры працягу ланцуга, узнікае адна актыўная часціца, напр., рэакцыя хларыравання вадароду. Пры ініцыіраванні ўтвараецца свабодны атам хлору (Cl), які ўзаемадзейнічае з малекулай вадароду H2(Cl+H2 → HCl+H) з утварэннем малекулы хлорыстага вадароду HCl і свабоднага атама вадароду, які ўзаемадзейнічае з малекулай Cl2(H+Cl2 → HCl+Cl), і г.д. У разгалінаваных Л.х.р. на адну АЧ, расходаваную пры працягу ланцуга, узнікае некалькі АЧ (2 і больш), адна з іх працягвае першы ланцуг, а інш. пачынаюць новыя, што прыводзіць да разгалінавання. Калі скорасць разгалінавання меншая за скорасць знікнення АЧ, разгалінаваная Л.х.р. адбываецца ў стацыянарным рэжыме. Пры нестацыянарным рэжыме (скорасць знікнення АЧ меншая за скорасць разгалінавання) агульная скорасць ланцуговага працэсу імкліва ўзрастае. Пераход да нестацыянарнага рэжыму адбываецца скачком і разглядаецца як самазагаранне рэакцыйнай сумесі ці ланцуговы выбух. Значны ўклад у развіццё тэорыі Л.х.р. М.М.Сямёнава і С.Н.Хіншэлвуда. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Семенов Н.Н. О некоторых проблемах химической кинетики и реакционной способности. 2 изд. М., 1958;

Яго ж. Развитие теории цепных реакций и теплового воспламенения. М., 1969.

Дз.І.Мяцеліца.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прам-сці па вытв-сці сінт. матэрыялаў і вырабаў з іх, заснаваная на хім. перапрацоўцы прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці і газавай прамысловасці. Асн. прадукцыя Н.п.: сінт. каўчук, хім. валокны, прадукты асн. арган. сінтэзу (этылен, прапілен, поліэтылен, спірты, альдэгіды і інш.), гумава-тэхн. вырабы (гл. Гумаазбеставая прамысловасць), розныя віды шын. Прадукцыя Н.п. выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі.

Да 1-й сусв. вайны (1914—18) вытв-сць прамысл. арган. прадуктаў грунтавалася на перапрацоўцы каксоўнага каменнага вугалю і харч. сыравіны. Выкарыстанне нафты як важнейшай крыніцы хім. сыравіны стала магчымым у пач. 20 ст. ў выніку ўкаранення ў прам-сць новых метадаў яе перапрацоўкі — крэкінгу і піролізу. Прамысл. вытв-сць нафтахім. прадуктаў з крэкінг-газаў распачалі ў ЗША: у 1918 наладжана вытв-сць ізапрапілавага спірту, у 1920 — аліфатычных хім. прадуктаў. У б. СССР станаўленне Н.п. адбывалася ў 1929—40-я г.: у 1932 упершыню ў свеце арганізавана прамысл. вытв-сць сінт. каўчуку, у 1949 — сумесная вытв-сць фенолу і ацэтону кумольным метадам. Стан і тэмпы развіцця Н.п. вызначаюць прагрэс многіх галін нар. гаспадаркі, дзе рэалізуецца прыбытак і эканомія сыравіны і энергіі за кошт выкарыстання нафтапрадуктаў. Найб. развітая Н.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Кітаі, Канадзе, Мексіцы.

На Беларусі Н.п. пачала развівацца ў пасляваен. час. Адно з першых прадпрыемстваў галіны — Барысаўскі завод «Гуматэхніка» створаны ў 1947. У 1952 у Бабруйску пабудаваны з-д па вытв-сці натуральнага каўчуку, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў (гл. «Беларусьгуматэхніка»), У 1972 засн. буйнейшы ў Еўропе Беларускі шынны камбінат, які выпускае шыны больш як 140 тыпапамераў для аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў і скрэпераў. Высакаякасны віскозны корд для шын вырабляе Светлагорскі завод сінтэтычнага валакна. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», а таксама Баранавіцкі і Брэсцкі з-ды бытавой хіміі. Гл. таксама Нафтахімія.

Я.І.Шчарбіна.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)